Затрыманы на "суткі" за Марш да Дня Волі: "На ўваходзе на Акрэсціна ляжаў БЧБ-сцяг"
Да ад'езду з Беларусі ў 2021 годзе 28-гадовы Арцём Чабатарэўскі жыў у Мінску недалёка ад Стэлы. Мужчына распавёў "Вясне" пра тое, што адбывалася пад ягонымі вокнамі ў жніўні 2020 і як яго затрымалі на Маршы Волі 27 сакавіка 2021 і чаму ён з'ехаў менш як праз месяц пасля "сутак".
У 2020 годзе Арцём быў назіральнікам на выбарах. Ён бачыў, як на ўчастак прыязджалі выпісвацца са спісаў на галасаванне людзі, якія раней жылі ва ўжо знесеных дамах, а за спінай у супрацоўніка міліцыі, пакуль ён стаяў і маўчаў, адчынялі запячатаны пакой для галасавання. За тое, што Арцём адзначыў гэтае парушэнне, яму пагражалі затрыманнем.
— Агулам я налічыў, што прагаласавала на 400 чалавек больш, чым было зарэгістравана на гэтым участку, — успамінае мужчына. — Таму пасля восьмай вечара пачалі збірацца людзі і патрабаваць хаця б пратакол. Людзі грукалі па дзвярах, але прыехалі аўтазакі — хутчэй проста папужаць — і мы адышлі ад участку. Я тады даў інтэрв'ю Кацярыне Андрэевай, а потым паехаў на вакзал сустрэць знаёмага.
Калі дарога да вакзала заняла ў Арцёма 10 хвілінаў, то назад ён дабіраўся паўтары гадзіны. Ён зайшоў дадому кінуць рэчы, але, калі вызірнуў у акно, зразумеў, што ісці ўжо няма куды: перад ягоным домам палалі светлашумавыя гранаты, было чуваць страляніну, а дзесяць амапаўцаў збівалі чалавека.
— Першай думкай было штосьці скінуць на іх, але не знайшлося нічога прыдатнага, — кажа Арцём. — Я разумеў, што супраць навучаных людзей у форме мала што можна зрабіць. Пасля двух гадоў рэпрэсій і 24 лютага грамадства дэгуманізаванае, але тады здавалася, што гэта нонсэнс — што людзі могуць з такой нянавісцю праяўляць гвалт у XXI стагоддзі. У нас з суседзямі было адзінае меркаванне: тое, што адбываецца, — жах, якога не павінна быць. Толькі адзін з суседзяў зачыняў дзверы, якія мы адчынялі для мітынгоўцаў. Нават сусед-следчы, як потым выявілася, не здаў мяне, хаця ў чаце я неананімна з адкрытай аватаркай спрачаўся з ім, распавядаў людзям пра фальсіфікацыі і збіраў подпісы.
Вясна 2021
Нягледзячы на тое, што Арцём быў досыць актыўным удзельнікам пратэстаў, ён здолеў пазбегнуць затрыманняў да вясны 2021 года. Яго затрымалі толькі 27 сакавіка ў дзень Марша, прымеркаванага да Дня Волі.
— Мы ўжо вярталіся назад з боку ГЦ "Еўропа", таму што зразумелі, што людзі не сабраліся, — і нам перагарадзілі дарогу некалькі амапаўцаў, — узгадвае Арцём. — Ніякага гвалту яны не праяўлялі — наколькі я зразумеў, мне пашанцавала, бо яны знайшлі ў мяне тэлефон: у той дзень я купіў самы просты смартфон з новай сімкай і спакойна ўзяў яго з сабой. Людзей без тэлефонаў пры затрыманні тады маглі пабіць, нам жа сказалі, што, калі мы не ўдзельнічалі ў Маршы, праз тры гадзіны нас адпусцяць.
У аўтазаку ўжо не было месцаў, таму Арцёма пасадзілі за "клетку" на задняй сядушцы бусіка і адвезлі ў РУУС.
— Я быў упэўнены, што 15 сутак у мяне ёсць, — успамінае мужчына. — Але баяўся, што могуць накінуць ці "суткі", ці "крыміналку" — было за што. Супрацоўнікі ў РУУС паводзіліся так, як быццам іх дастала гэтая руціна — пісаць адны і тыя ж пратаколы. Я не бачыў "агеньчыка" ў іх вачах. У мяне нават двойчы выйшла патэлефанаваць жонцы і паведаміць пра затрыманне. Шмат якія супрацоўнікі паводзілі сябе падкрэслена нейтральна, але я пачуў, як мужчына гадоў 55 казаў хлопцу гадоў 25, што ён спальваў бы ўсе дамы з бел-чырвона-белымі сцягамі разам з людзьмі.
У аўтазаку Арцём ехаў на Акрэсціна яшчэ з трыма мужчынамі ў двухмесным "стакане". На ўваходзе ў ізалятар ляжаў БЧБ-сцяг — меркавалася, што, калі ты праз яго перакрочыш, цябе адвядуць у асобнае памяшканне, дзе будуць біць.
— Вядома, гэта вельмі прыгожы жэст — не наступіць на нацыянальны сцяг, — разважае Арцём. — Але я вырашыў не прыцягваць увагу і прайсці па ім, як і ўсе астатнія. Я пасля доўга думаў, ці правільна зрабіў, але разумеў, што мая галоўная задача — намагацца выйсці адтуль максімальна здаровым. Пасля гэтага нас завялі ў чатырохмесную камеру, дзе сядзелі 16 чалавек. Толькі адзін з іх быў непалітычны — мяркуючы па ўсім, ён адыходзіў ад колькасці выпітага напярэдадні алкаголю. Ні да каго з затрыманых не ўжываўся гвалт, толькі ў аднаго хлопца яшчэ падчас затрымання на падлозе ў аўтазаку нажом зразалі пару дрэдаў з каментарамі "Які прыклад ты нашым дзецям падаеш?" і сэксісцкімі каментарамі "Выглядаеш, як жанчына".
Арцём успамінае, што больш за ўсё на Акрэсціна напружвае атмасфера неразумення, што будзе далей. Праз дзень мужчыну судзілі проста ў суседнім пакоі ізалятара: гэта было памяшканне, падзеленае паводле прынцыпу "оўпэн-спэйсу". У кожным "адсеку" стаяў камп'ютар, падлучаны да "свайго" суда.
— Я ажаніўся за два тыдні да затрымання — аказалася своечасовым, — усміхаецца Арцём. — Жонка паспела наняць адваката. Ён не дапамог зменшыць тэрмін, хоць мы і лавілі сведку ў балаклаве на рознага кшталту недакладнасцях, але дапамог перадаць жонцы інфармацыю, што трэба вакцынаваць катоў. Я разумеў, што, калі мяне выпусцяць, трэба будзе тэрмінова з'язджаць з краіны, таму трэба ўсё падрыхтаваць.
Пасля суда Арцёма перавезлі ў Жодзіна ў "камфортным" аднамесным "стакане". У параўнанні з Акрэсціна, першыя два дні ўмовы там былі выдатнымі: нармальная ежа, кнігі, пасцельная бялізна, зубныя шчоткі і прадукты з перадач. Аднойчы з волі нават атрымалася атрымаць "Нашу ніву" і "Спрайт". Але потым змяніліся правілы — і паступова забралі кнігі, пасцельную бялізну, выключылі ацяпленне.
— Падчас аднаго з ранішніх ператрусаў нас вывелі з камеры па "калідоры" амапаўцаў, — узгадвае Арцём. — Калі мы беглі па ім, некаторым траплялі выпадковыя ўдары, кагосьці "ўдрукавалі" галавой у сцяну, а потым усіх паставілі ў "расцяжку" і білі па нагах і спіне. Потым яны здзекліва запыталіся, ці ёсць у нас скаргі і прапановы. Вядома, у такой сітуацыі ніхто і не думаў супрацьстаяць. У той жа дзень нас упершыню вывелі не перакур, і хтосьці з афіцэраў спытаў, ці ўсё ў нас нармальна і ці ёсць цыгарэты — мне падалося, яму таксама не спадабалася, што хтосьці ладзіць свае парадкі на ягонай "вотчыне". У іншы час у камеры было спакойна, але я ведаю ад знаёмых, што ў гэта ж час на іншых паверхах было горш: там увесь час білі, маглі зайсці ў камеру і выліць твой жа шампунь ці зубную пасту на твае рэчы і гэтым выцерці падлогу, прымушалі ўсю ноч стаяць. Мне пашанцавала з умовамі.
У Арцёмавай камеры былі розныя людзі. Аднаго мужчыну выцягнулі з машыны, другога бізнэсоўца папрасілі прыехаць аплаціць нейкія штрафы — ён нават не зразумеў, што на яго рыхтавалася затрыманне. Яшчэ адзін хлопец расклейваў улёткі з вершамі беларускіх паэтаў на "Камунарцы" — яго здаў ахоўнік. Яшчэ аднаго хлопца затрымалі за "намер" спальваць пудзілы Лукашэнкі на Масленіцу, іншага — за 20 хвілінаў з бел-чырвона-белым сцягам на прыпынку.
— Але больш мы перажывалі не за сябе, — успамінае Арцём. — З намі ў камеры сядзеў 73-гадовы дзед, якога з ягонай 60-гадовай сяброўкай затрымалі, калі ён паказаў "вікторыю" машыне, што праязджала на праспекце Незалежнасці 25 сакавіка. Першыя пару дзён яму дазвалялі сядзець і нават ляжаць на ложку, але, калі "правілы змяніліся", яму даводзілася трываць умовы нароўні з усімі. Ён быў у добрай фізічнай форме, але нават адно тое збіванне зранку адняло ў яго пару гадоў жыцця. Потым дзядуля захварэў — і выглядаў як чалавек з тэмпературай пад 40 градусаў — але дапамогу яму ніякую не аказвалі, як мы ні прасілі. Калі ў нас адабралі матрацы, мы скідваліся яму адзежай, каб ён не ляжаў на голых прутах.
Зіма 2022
У такіх умовах захварэў і сам Арцём — ён выйшаў у дрэнным стане з кашлем. Тэст на кавід аказаўся станоўчым, але, калі мужчына патэлефанаваў у раённую паліклініку і там дазналіся, дзе ён заразіўся, — проста паклалі трубку.
— Хаця спачатку нават раілі, што лепш рабіць, — усміхаецца Арцём. — Як толькі тэст аказаўся адмоўным, мы з жонкай з'ехалі ў Польшчу. Я ўпэўнены, што я рабіў усё правільна на той момант, я сумленны перад сабой і не здрадзіў сваім прынцыпам і ідэалам. Таму ні пра што не шкадую. Цяпер разумею, што, калі б удзельнічаў у больш радыкальных рэчах, гэта прывяло б мяне да вялікіх тэрмінаў, зрабіла б маё жыццё горшым, але не зрабіла б жыццё іншых людзей лепшым. Я б хацеў вярнуцца ў Беларусь — я люблю Мінск з ягонымі гіганцкімі дзесяціпалоснымі вуліцамі. Але разумею, што, калі мы пераможам гадоў праз пяць, а ў мяне на той час будуць дзеці — вярнуцца будзе не самым разумным рашэннем. Беларусі спатрэбіцца шмат часу, каб аднавіцца. І хоць я гатовы дапамагчы і ўдзельнічаць у гэтым працэсе па магчымасці, не ўпэўнены, што адразу вярнуцца ў краіну будзе найлепшым рашэннем для маёй сям'і.