viasna on patreon

Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру

2022 2022-10-07T12:40:37+0300 2022-10-07T15:53:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/thenobelprize_2022.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Пра гэта 7 кастрычніка 2022 года паведаміў Камітэт прэміі.

Разам з Алесем Бяляцкім Нобелеўскую прэмію міру атрымалі ўкраінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял". У гэтым годзе праваабаронца вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра шосты раз. Спадар Бяляцкі стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай.

«Лаўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах, заявілі ў Нобелеўскім камітэце. — Яны шмат гадоў прасоўвалі права крытыкаваць уладу і абараняць фундаментальныя правы грамадзян. Яны прыклалі выдатныя намаганні, каб задакументаваць ваенныя злачынствы, парушэнні правоў чалавека і злоўжыванне ўладай».

У Камітэце адзначылі, што Алесь Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х. Ён прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і мірнага развіцця ў сваёй краіне. 

«Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць Алеся Бяляцкага замаўчаць, — падкрэслівае Нобелеўскі камітэт. — З 2020 года ён па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай без суда. Нягледзячы на ​​велізарныя асабістыя цяжкасці, спадар Бяляцкі не саступіў ні на сантыметр у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі».

Старшыня Нарвежскага Нобелеўскага камітэта, які прысуджае Нобелеўскую прэмію міра, спадарыня Берыт Рэйс-Андэрсан адзначыла: дзякуючы сваім паслядоўным намаганням на карысць чалавечых каштоўнасцей, антымілітарызму і прынцыпаў права, «сёлетнія лаўрэаты аднавілі і ўшанавалі бачанне міру і братэрства паміж народамі Альфрэда Нобеля — бачанне, якое сёння найбольш патрэбна ў свеце». Яна таксама заклікала беларускія ўлады вызваліць спадара Бяляцкага з турмы, каб ён мог прыехаць у Осла і асабіста прыняць узнагароду. Камітэт выказаў спадзяванні, што прэмія падыме баявы дух праваабаронцы.

Прэмію міру, паводле завяшчання Альфрэда Нобеля, прысуджаюць "асобе, якая дасягнула найбольшых поспехаў альбо зрабіла больш за іншых у справе згуртавання народаў і скарачэння колькасці дзейных войскаў, а таксама за правядзенне мірных кангрэсаў і прыцягненне да іх увагі". Сёлета на прэмію прэтэндавалі 343 кандыдаты, у тым ліку, 251 асоба і 92 арганізацыі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства