viasna on patreon

"Галоўнае — не падаць духам, што ў Марфы атрымліваецца лепш за ўсіх!" – зняволеныя "Валадаркі" пра праваабаронцу

2022 2022-09-02T14:39:14+0300 2022-09-02T15:31:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palitviazynka_marfa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шостага верасня ў Мінскім гарадскім судзе будзе агучаны прысуд адразу дзесяці палітзняволеным: каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай, валанцёру Андрэю Чапюку, актывістам анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскаму-ХанадзеАляксандру ФранцкевічуАляксею ГалаўкоАляксандру КазлянкуПаўлу ШпетнамуМікіту ДранцуАндрэю МарачуДанілу Чулю. Палітзняволенай праваабаронцы пагражае да 20 гадоў калоніі. 17 верасня будзе ўжо два гады як яна ўтрымліваецца за кратамі ў СІЗА-1. "Вясна" сабрала ўспаміны пра Марфу яе сукамерніц і тых, з кім яна сустракалася падчас зняволення.

palitviazynka_marfa.jpg
Партрэт Марфы Рабковай у праекце "Палітвязынкі"

"Займаецца спортам – такая ўся падцягнутая!"

Вось, што распавядае былая палітзняволеная "Валадаркі", якая ўтрымлівалася з Марфай у камеры вясной:

"Яна добра, нават вельмі, бадрачком. Займаецца спортам – такая ўся падцягнутая! Хоць звычайна ўсе ў турме таўсцеюць больш. Умовы прымальныя, скажам так. Нічога супер-жудаснага няма, на шчасце. Галоўнае — не падаць духам, што ў Марфы атрымліваецца лепш за ўсіх! Прынамсі, так выглядае. Яна баец, якіх пашукаць! І ўсім дапамагае, стараецца падбадзёрыць!"

"Трымаецца яна вельмі добра!"

А гэта гісторыя дзяўчыны, якая бачылася з Марфай вясной падчас паездкі на суд:

"Я не ведала, хто яна. У мяне былі пакеты з рэчамі, а ў яе свабодныя рукі. Яна забрала ў мяне пакеты і несла. Так як у мяне яшчэ матрац быў. Потым мы з ёй разам былі ў камеры часовага ўтрымання, можа гадзіну ці два. Трымаецца яна вельмі добра!"

"Чакала, калі ж ужо астатнія падцягнуцца"

Галоўная рэдактарка “Новага часу” Аксана Колб правяла два месяцы ў СІЗА-1 — і там пабачыла праваабаронцу “Вясны”:

“Марфа выглядае добра. І знешне, і псіхалагічна, і па настроі. Я нават і не думала, што ўбачу Марфу ў іншым стане. Па ўсім бачна, што Марфа ў добрым гуморы. Яна ні аб чым не шкадуе, нягледзячы на тое, што на яе навешваюць і што ёй пагражае”.

У “адстойніку” пры першай сустрэчы Марфа Рабкова і Аксана Колб адразу пазналі адна адну. Пабачыць галоўную рэдактарку “Новага часу” для Марфы не было чымсьці дзіўным:

“Марфа распавядала пра тое, што калі толькі “заехала” на “Валадарку” [верасень 2020 г. заўв.], то была фактычна адна з “палітычных” жанчын. І казала: усё чакала, калі ж ужо астатнія падцягнуцца. А мы [у “адстойніку”] смяяліся: дык вось хто гэта ўсё нарабіў, чаму астатніх пачалі саджаць!»

"Марфа — канцэнтрацыя самаахвярнасці і сілы волі"

Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская больш за год таму тыдзень правяла з Марфай у адной камеры. Адразу пасля вызвалення Таццяна распавяла пра сваіх сукамерніц, у тым ліку і пра Марфу:

"Марфа Рабкова — канцэнтрацыя самаахвярнасці і сілы волі. Пасля званка на пад’ём у 6 раніцы многія імкнуцца ўрваць 5 хвілін, папесціцца. Маша засяроджана адразу ўстае, засцілае свой ложак па правілах, мяняе вопратку і да 10 вечара ў перапынках паміж шпацырамі, ежай і агульнымі справамі чытае кнігі і піша лісты. У цяперашнюю камеру яна трапіла пасля 25 сакавіка [2021 года], якое яны адсвяткавалі ўсёй камерай ўплеця бел-чырвоныя кветкі з паперы ў валасы і рапартнуўшы на беларускай.

26 [сакавіка] усю камеру расфармавалі. Ні адзін грам цела не дапускае згоды ў абвінавачваннях. І, дарэчы, Маша схуднела прыкладна на 12 кілаграм за свой тэрмін (ёй вельмі падабаецца яе форма цяпер). Дакладна ніхто не ведае — няма вагаў".

"Вясна" таксама выпусціла падкаст з праваабаронцай "Як там Марфа?":

"Пазітыўны, прынцыповы чалавечак, я не ведаю, чым яе можна прабіць. Мне б вельмі хацелася пазнаёміцца з ёй на волі: не ў статусе палітвязня, а ў статусе свабоднага чалавека".

Як там Марфа? Размова з Таццянай Гацура-Яворскай, якая сядзела ў СІЗА-1 разам з Марыяй Рабковай – у падкасце “Вясна прыйдзе”

Праваабаронца Таццяна-Гацура Яворская тыдзень правяла з Марфай у адной камеры.


Падтрымайце Марфу Рабкову лістамі салідарнасці!

Адрас для лістоў, грашовых пераводаў, пасылачак: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, Марыі Аляксандраўне Рабковай

"158 тамоў кажуць не пра нашу вінаватасць, а пра палітычную матываванасць працэсу", — Аляксандр Казлянка ў апошнім слове

Пракурор Раман Бізюк запатрабаваў для дзесяці палітвязняў тэрміны, а суддзя Сяргей Хрыпач абвесціць прысуд 6 верасня а 15-й гадзіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства