viasna on patreon

BYPOL — "тэрарыстычная арганізацыя", новыя затрыманні: хроніка пераследу 31 жніўня-1 верасня Дапоўнена

2022 2022-09-01T16:59:00+0300 2022-09-01T19:14:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/muraueu_9w.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманы журналіст, аператар і фатограф Іван Мураўёў

Прычыны і акалічнасці затрымання пакуль невядомыя, піша By_Culture.


У Лельчыцах быў затрыманы дырэктар СТА Сяргей Бараноўскі

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына быў падпісаны на «экстрэмісцкія рэсурсы», а ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах. Таксама сілавікі прымушаюць мужчыну на «пакаяльным відэа» назваць свой заробак — 1000 беларускіх рублёў.


ГУБАЗіК затрымаў пенсіянера за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы

Стала вядома пра затрыманне 67-гадовага Андрэя Суравегіна з Лельчыцаў. На «пакаяльным відэа» пенсіянер распавядае, што быў падпісаны на «забароненыя» тэлеграм-каналы.


Яну Пінчук этапавалі з Расіі ў Беларусь 

Яна Пінчук

Тэлеграм-канал @freeyana паведамляе, што дзяўчына знаходзіцца ў СІЗА Віцебска. Нагадаем, Яна — грамадзянка Беларусі, якой на радзіме пагражае вялікі тэрмін за адміністраванне «экстрэмісцкага» тэлеграм-чата «Віцебск 97%». Яе затрымалі ў Расіі і прынялі рашэнне выдаць Беларусі, нягледзячы на забарону Камітэта па правах чалавека ААН.

Яне Пінчук інкрымінаваны тры артыкулы Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
  • ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, ажыццяўленню дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).

Як піша Генпракуратура, дзяўчына разам з іншымі нібыта стварыла Telegram-канал «Віцебск 97%», інфармацыйная прадукцыя якога рашэннем суда прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі — «непасрэдна адмініструючы названы рэсурс, Пінчук публічна заклікала да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».


У Мінску затрымалі святара, які галадаў у падтрымку Лосіка, маліўся за Бандарэнку і выступаў супраць вайны ва Украіне

Уладзіслаў Багамольнікаў
Уладзіслаў Багамольнікаў

ГУБАЗіК выламаў дзверы айца Уладзіслава Багамольнікава. Цяпер яго трымаюць на Акрэсціна.

Гэты святар вядомы як прыхільнік пераменаў у Беларусі. Ён абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязьня журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а таксама на «Плошчы Перамен» у Мінску служыў літыю па забітым мастаку Рамане Бандарэнку.

Супраць святара Уладзіслава Багамольнікава можа быць распачата крымінальная справа паводле арт. 361-1 КК. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што святар быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і дасылаў ім інфармацыю ў боты.

Як пішуць сілавікі, у Багамольнікава «ёсць шанец стаць падазраваным за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці па шэрагу крымінальных спраў, ну ці пабіць рэкорд адной сямейкі па колькасці сутак адміністрацыйнага затрымання».

Верагодна, гаворка ідзе пра Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву і Сяргея Крупеніча , якія правялі за кратамі па адміністрацыйных справах 127 і 126 сутак адпаведна.

Святару прысудзілі 14 сутак арышту.


Палітвязень Аляксей Кудасаў з 46 дзён у калоніі 29 правёў у карцары

Аляксей Кудасаў

З 17 ліпеня Аляксей пачаў адбываць свой тэрмін у Папраўчай калоніі №11. Стала вядома, што з таго часу ён 29 дзён правёў у карцары і толькі адзін раз змог патэлефанаваць родным.

Нагадаем, Аляксея Кудасава асудзілі да 11 гадоў калоніі. Яго абвінавацілі адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці);
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Падтрымайце палітвязня: ПК № 11. 231900, Ваўкавыск, Ракасоўскага, 118, Аляксей Фірдаўсавіч Кудасаў


«Укантакце» заблакаваў на тэрыторыі Расіі паблік «Это Минск, детка!»

Прычына – патрабаванне расійскай Генпракуратуры. У траўні паблік папоўніў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі.

На яго падпісана больш за 155 000 чалавек, паведамляе "Белсат".


Віцебскія ўлады ліквідавалі Клуб аматараў амерыканскага футбола

Па рашэнні Віцебскага абласнога суда з 4 траўня грамадскае аб'яднанне Клуб амерыканскага футбола «Віцебскія Рысі» знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Арганізацыя праіснавала без малога 6 гадоў і давала магчымасць легальна папулярызаваць, любімую многімі ў свеце, гульню.

Ініцыятарам знішчэння клуба стала кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, паведамляе «Віцебская Вясна».


У Мінску затрымалі экскурсаводку і блогерку Святлану Грышкевіч

Святлана Грышкевіч
Святлана Грышкевіч

У "пакаяльным відэа" Святлана распавядае, што на адной з экскурсій "дапусціла некарэктныя выказванні ў адрас Лукашэнкі", піша "Медыязона".

Святлана Грышкевіч — мінская экскурсаводка і блогерка. У інстаграме яна распавядае аб сваёй працы і горадзе. У лютым мінчанка апублікавала антываенны пост.

Дапоўнена. Святлану Грышкевіч арыштавалі на 12 сутак за «дробнае хуліганства».


Чарговыя затрыманні на Брэстчыне — на гэты раз у Кобрыне

Праваабаронцам стала вядома затрыманні АМАПам жыхароў Кобрына. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымлівалі тых, хто раней удзельнічаў у пратэстах. Сярод затрыманых — Аляксандр і Яўген Папоў. Дома ў Яўгена правялі ператрус, забралі ноўтбук, ягоны тэлефон і частку грошай, якія знайшлі. Дзе ён зараз, ніхто не ведае.

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, 41-гадовы Анатоль Антончык нібыта быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы, «прайшоў рэгістрацыю ў чат-бот Мотолько Помоги», а таксама даслаў тэлеграм-каналу Чорная Кніга Беларусі дадзеныя мясцовага ідэолага.


Палітвязня Вадзіма Хіжнякова змясцілі ў ПКТ на паўгода

Гродзенца Вадзіма Хіжнякова асудзілі на 2,5 гады калоніі па арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) за кінуты ў амапаўца «неўсталяваны прадмет» на акцыі пратэсту 27 верасня 2020 года. На судзе Вадзім віну не прызнаў.

Тэрмін Хіжнякоў адбывае ў папраўчай калоніі № 1. Як паведамляюць @dissidentBY, палітвязня змясцілі ў ПКТ да канца тэрміну — на паўгода.

Вы можаце падтрымаць палітвязня паштоўкамі і лістамі. Таксама памятайце, што ў канверт можна ўкласці канверты, маркі, каляровыя і звычайныя аркушы, паштоўкі-размалёўкі, налепкі (гэта асабліва каштоўна), каляндарык, размалёўкі, малюнкі, квізы, віктарыны і многае іншае.

Адрас для падтрымкі: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Вадзім Валер'евіч Хіжнякоў


У Магілёве затрыманы мясцовы жыхар Кірыл Каржакоў

Супрацоўнікі магілёўскага 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК затрымалі мужчыну "за ўдзел у акцыях у 2020 годзе", а таксама за нібыта "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", піша MAYDAY.TEAM.


У Беларусі новыя "экстрэмісцкія матэрыялы"

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 26 жніўня прызнаў экстрэмісцкім расейскі сайт a2day.org "Анархия сегодня".

У гэты ж дзень суд Салігорскага раёна прызнаў экстрэмісцкім Telegram-чат "Мы - шахтёры ✊".


У Гродне быў затрыманы Арсень Кандрашоў

На праўладных каналах з'явілася "пакаяльнае відэа" з затрыманым мясцовым жыхаром.

"У жніўні 2020 года ён паддаўся ўплыву пратэсных каналаў, стаў распаўсюджваць экстрэмісцкія матэрыялы, за гэта і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі", — сказаў хлопец у відэа.


Палітзняволены анархіст Дзмітрый Дубоўскі не выйшаў з ШІЗА пасля 30 сутак

Палітзняволены анархіст Дзмітрый Дубоўскі, асуджаны да 18 гадоў калоніі, з канца ліпеня знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Але як паведамляе тг-канал "Права на паўстанне», палітвязень не выйшаў адтуль пасля 30 сутак. Меркавана, яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Нагадаем, 22 снежня ў Мінскім абласным судзе агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да анархістаў. Суддзя Вячаслаў Тулейка прызначыў наступныя тэрміны: Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме. Месяц таму ў ШІЗА Дубоўскага змясцілі ў яго Дзень народзінаў, 29 ліпеня. За што менавіта былі вынесеныя спагнанні палітвязню — невядома.

Падтрымайце Дзмітрыя лістамі салідарнасці: ПК № 3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Дзмітрыю Мікалаевічу Дубоўскаму


Стала вядома пра затрыманне Паўла Мажэйкі

Павел Мажэйка. Фота: Радыё Рацыя.
Павел Мажэйка. Фота: "Радыё Рацыя"

Прычына затрымання невядомая, піша тэлеграм-канал "Суды, задержания. Гродно и область".

Стала вядома, што Паўла Мажэйку затрымалі, калі ён прыехаў з-за мяжы наведаць бацькоў у Гродна.Пра гэта распавядае журналістка Любоў Лунёва.

«Затрымалі Паўла Мажэйку, калі той чарговы раз паехаў праведаць бацькоў у Гродна. А хто мог ведаць, што там зачыстка цяпер тычыцца ня толькі яго паплечнікаў, але й і сваякоў і яго самога?

Абвінаваціць могуць у чым заўгодна. Ніхто нават не запытвае: за што. Цікавіць нумар артыкула Крымінальнага кодэкса, каб толькі ведаць колькі "свеціць" чалавеку правесці за кратамі...»

Нагадаем, што ў 2002-2004 гадах ён быў прысуджаны да "хіміі" за "паклёп" на Аляксандра Лукашэнку ў артыкуле аб знікненні Захаранкі, Ганчара і іншых апанентаў кіраўніка Беларусі. Вёў аўтарскія праграмы на "Белсаце" і быў выканаўчым дырэктарам канала, але не стаў заставацца ў Польшчы, а вярнуўся ў Гродне, дзе стварыў "Цэнтр гарадскога жыцця", распавядае "Наша Ніва". Цяпер цэнтр ліквідаваны згодна з пазоўнай заявай пракуратуры горада Гродна.

У 2021 годзе на Паўла Мажэйкі, кіраўніка пляцоўкі "Цэнтр гарадскога жыцця", мастака Алеся Пушкіна і "іншых асоб" 26 сакавіка завялі крымінальную справу па ч. 3 арт. 130 КК за дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму.

Прычына – дэманстрацыя 19 сакавіка на выставе карцін партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы, паведаміла пракуратура. Пазней быў адпушчаны з фармулёўкай "зніклі падставы для затрымання".


Палітзняволенага Паўла Вінаградава пазбавілі рэжымнай перадачы

Павел Вінаградаў

Учора паведамлялася, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 12 склала тры рапарты на Паўла, адзін з іх – за тое, што ад слабасці прылёг на ложак. Паведамляецца, што Вінаградава закінулі ў штрафны ізалятар з 23 жніўня. Раней яго пазбавілі працяглага спаткання.

Напрыканцы ліпеня палітвязня перавялі ў аршанскую калонію, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Паўла асудзілі да пяці гадоў калоніі за адзін пост у Фэйсбуку.

Падтрымайце Паўла: ПК №12, 211381, Віцебская вобласць, Орша, вул. Смаленская, 2, Павел Юр'евіч Вінаградаў


Палітвязня Яўгена Прапольскага ўжо два месяцы трымаюць у ШІЗА

Яўген Прапольскі

Яму падаўжаюць тэрмін знаходжання ў штрафным ізалятары раз-пораз — агулам ён правёў у ШІЗА два месяцы.

Нагадаем, Яўгена асудзілі да 8 гадоў калоніі па справе «ўдзельнікаў чата». На судзе ен распавёў пра катаванні: «Мяне прымушалі пісаць чыстасардэчнае прызнанне на імя начальніка УСК. Мне пагражалі, катавалі — білі маім электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заяву. Потым у мяне праблемы са здароўем былі: было дрэнна, кружылася галава, была адбітая нага».

Напачатку жніўня з палітвязнем цалкам знікла сувязь — лістоў ад яго не было, спатканняў з ім не давалі, у самой калоніі сваякам нічога не казалі. У адным з тэлеграм-чатаў, звязаных з бабруйскай ПК № 2, з'явілася інфармацыя, што Яўген нібыта спрабаваў збегчы з калоніі — аднак родныя не верылі ў гэта.

Падтрымайце палітвязня: ПК № 2. 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, Яўген Уладзіміравіч Прапольскі


МУС прызнала «Хартыю’97» экстрэмісцкім фармаваннем

Адпаведны пункт з'явіўся ў спісе экстрэмісцкіх фармаванняў. Цяпер у ім 84 пазіцыі.


BYPOL прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй

Па заяве Генпракурора Андрэя Шведа Вярхоўны Суд прызнаў арганізацыю «BYPOL» з структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна – аналітычны цэнтр», якія ўваходзяць у яе, і «Мабілізацыйны план «Перамога» тэрарыстычнай.


У Гродне затрымана адвакатка Юлія Юргілевіч 

Юлія Юргілевіч
Юлія Юргілевіч

Паводле інфармацыі @pagoniagrodna дома ў Юліі адбыўся ператрус. Юргілевіч працавала адвакаткай амаль 18 год. Яна абараняла ў судзе палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцэра, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага. 23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства».

Паводле папярэдняй інфармацыі, адвакатка ў лютым з'ехала з Беларусі, але цяпер вярнулася.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства