Разгляд крымінальнай справы над анарха-партызанамі зрабілі закрытым Дапоўнена
15 лістапада ў Мінскім абласным судзе распачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Рэзановіча.
Спачатку ў судовую залу пусцілі толькі блізкіх родных — каля 15 чалавек. Астатніх жадаючых патрапіць на працэс — не пусцілі, бо нібыта ў залі больш не было месцаў.
У самым пачатку пасяджэння пракурор заявіў хадайніцтва аб тым, каб зрабіць судовы працэс закрытым, але абвінавачаныя і адвакаты выказаліся супраць.
Суддзя Вячаслаў Тулейка падтрымаў пазіцыю дзяржабвінавачвання і зрабіў разгляд справы закрытым. Прычына — абарона персанальных дадзеныя трох пацярпелых па справе. Пасля гэтага ўсе слухачы вымушаныя былі пакінуць залу суда.
Маці Ігара Аліневіча напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
"Суд для нас зрабілі закрытым, чаго і варта было чакаць. Публічнасці ўлады не захацелі, у тым ліку і падрабязнасцяў іх затрымання.
Падрабязнасці такія, што ў момант затрымання прадавачка крамы, у якую зайшлі двое хлопцаў, каб купіць ежы, патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла пра іх. Краіна герояў і паліцаяў. Дапытвалі памежнікі (не амапаўцы, і не гэбісты). Пусцілі слезацечны газ і пачалі збіваць. Сяргей парэзаў рукі і ўвесь пакой быў заліты крывёю. Ён сам распавёў пра гэта маці, калі яго судзілі ў Гомелі.
Якое ўражанне? Хлопцы выглядаюць баявымі. І адвакаты, і самі абвінавачаныя былі супраць таго, каб суд закрылі. Хлопцы сказалі, што яны - дэмакраты па перакананні, за сумленныя выбары, за празрыстасць у абмеркаванні і хочуць, каб суд быў адкрытым і галосным. Грамадства павінна ведаць, што адбывалася на самай справе.
З залы выдалілі аднаго са сваякоў за тое, што ён проста памахаў брату. Усе гэтыя 15-20 хвілін забаранялі размаўляць хлопцам адзін з адным, і мець зносіны са сваякамі нават жэстамі. У рэшце рэшт, Дзіма Разановіч адказаў на пагрозы з боку аховы:
- Што вы нас палохаеце? Нам ужо няма чаго губляць, акрамя ўласных кайданоў, таму што перад вамі чатыры перакананых рэвалюцыянера!
Дзякуй усім, хто прыйшоў нас падтрымаць! Хоць і не ўсіх пусцілі".
Нагадаем, анархісты Ігар Аліневіч, Дзмітрый Дубоўскі, Дзмітрый Рэзановіч і Сяргей Раманаў былі затрыманыя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка мінулага года недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх вінавацяць па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці:
- ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму;
- ч. 2 і ч. 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
А Дубоўскага і Аліневіча таксама і па. 1 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў.
Больш за год анархісты ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, ім пагражае да 20 год зняволення.