Грамадскія працы за падтрымку Украіны, "суткі" за блакітна-жоўты сцяжок і штрафы за БЧБ-аватаркі: за што ў ліпені судзілі беларусаў
Больш за два гады штодзённа ў Беларусі праходзяць масавыя затрыманні па палітычных матывах. Кожны тыдзень папаўняецца "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў", за рэпост якіх людзей адпраўляюць за краты або штрафуюць. Але беларусы ні на дзень не спыняюць свой пратэст і працягваюць выказваць нязгоду з дзейнай уладай. За гэта іх збіваюць, катуюць і змяшчаюць у ізалятары ў нечалавечыя ўмовы. За ліпень, па дадзеных праваабаронцаў, было зафіксавана мінімум 122 затрыманні па адміністрацыйных справах. Беларускія суддзі прызначылі больш за 26 штрафаў і 61 арышт. Акрамя гэтага, суды канфіскавалі мінімум 33 тэлефоны і адзін кампутар. Таксама стала вядома пра першы выпадак, калі пратэстоўцу прызначылі грамадскія працы. "Вясна назірае" склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў ліпені.
50 гадзін грамадскіх прац за лозунг "Слава Украіне"
Суд Віцебскага раёна 14 ліпеня разглядзеў справу мужчыны, які нібыта каля возера ў Віцебскім раёне без дазволу райвыканкама выкрыкнуў лозунг «Слава Украіне». Участковыя мясцовага РАУСа склалі на яго пратакол па арт. 24.23 КаАП. У выніку суд пастанавіў пакараць мужчыну грамадскімі працамі тэрмінам на 50 гадзін.
Суды за пратэст "сімволікай" у сацыяльных сетках
Суд Бярэзінскага раёна 18 ліпеня асудзіў Мікіту Нагліна паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет). Яго абвінавацілі ў тым, што ён у «Вконтакте» размясціў выяву бел-чырвона-белай сімволікі. Суддзя Мікалай Кароль арыштаваў Мікіту на 15 сутак.
Бацьку траіх непаўнагадовых дзяцей Руслана Юрцэвіча асудзілі за бел-чырвона-белы сцяг на аватарцы ў фэйсбуку. Міліцыянты расцанілі гэта як «несанкцыянаванае пікетаванне». Старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак прызнаў мужчыну вінаватым паводле арт. 24.23 КаАП і аштрафаваў на 640 рублёў (20 базавых велічыняў).
У Наваполацку мужчыну кінулі за краты за аватарку ў інстаграме з блакітна-жоўтым сцягам Украіны. На думку міліцыянтаў, мясцовы жыхар правёў такім чынам "несанкцыянаванае пікетаванне". На судзе мужчына адзначыў, што яму проста падабаецца Украіна і яе сцяг. Вынік — 15 сутак.
Дзмітрыя Чараповіча з Наваполацку асудзілі за тое, што на яго старонцы ў інстаграме каля месяца было размешчанае фота з БЧБ-сцягам. Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым па арт. 24.23 КаАП і асудзіла на 15 сутак арышту.
Жыхара Віцебска ў пачатку ліпеня затрымалі супрацоўнікі сёмага ўпраўлення віцебскага ГУБАЗіКу. Яго адвезлі ў РУУС, дзе склалі пратакол за «несанкцыянаванае пікетаванне». Падставай для складання праткола стала публікацыя бел-чырвона-белага сцяга з Пагоняй у фэйсбуке. Яго арыштавалі на 10 сутак.
У Полацку 14 ліпеня быў затрыманы старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах. Прафсаюзнага лідэра затрымалі пасля вяртання з Мінска, дзе Вярхоўны суд разглядаў справу аб ліквідацыі СПБ. У РАУСе на яго склалі пратакол за сцяг Украіны на ягонай старонцы ў фэйсбуку. Пры гэтым сам Мікола адзначыў, што фота было выдалена яшчэ 25 лютага. Але ён пацвердзіў, што размясціў блакітна-жоўты сцяг, каб выказаць пратэст супраць вайны ва Украіне. Шараха арыштавалі на 15 сутак.
Штрафы і «суткі» за лозунгі
Аршанца 5 ліпеня асудзілі за тое, што ён ў краме выкрыкнуў «Жыве Беларусь». Мясцовыя міліцыянты расцанілі гэта як "несанкцыянаванае пікетаванне" і склалі на яго пратакол па арт. 24.23 КаАП. У выніку суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска аштрафаваў мужчыну на 640 рублёў (20 базавых велічыняў).
Віцебчука Віктара Барысёнка затрымалі за лозунг «Жыве Беларусь» на плошчы Перамогі ў Віцебску. Згодна з пратаколам, Віктар, знаходзячыся на плошчы, правёў адзіночны пікет, выкрыкнуўшы «Жыве Беларусь». Вынікам стаў арышт на 7 сутак.
Напрыканцы ліпеня ў Мінску была затрымана дзяўчына за тое, што выкрыкнула «Жыве Беларусь» з балкона кватэры на сёмым паверсе. Участковыя Маскоўскага РУУСа склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. 25 ліпеня суд Маскоўскага раёна Мінску арыштаваў яе на 13 сутак.
Адміністрацыйны пераслед святароў
Ксёндз і пробашч парафіі Святога Духа ў Віцебску Андрэй Вашчук быў затрыманы ГУБАЗіКам 15 ліпеня. Праз тры дні над ім адбыўся першы суд па арт. 24.23 КаАП. Прычынай стала аватарка ў фэйсбуку з бел-чырвона-белым сцягам. Акрамя гэтага, у матэрыялах справы было пазначана, што ў акаўнце ёсць і іншыя «пратэсныя» фота, у тым ліку і са сцягам Украіны. Вашчук на судзе сказаў, што бел-чырвона-белы сцяг для яго — сімвал хрысціянства. Суддзя Міхаіл Юрчанка арыштаваў яго на 15 сутак.
Ужо 20 ліпеня над святарам адбыўся новы суд. Гэтым разам па арт. 19.11 КаАП за тое, што ён з'яўляецца ўдзельнікам тэлеграм-чата «free_vtb», які прызнаны ўладамі экстрэмісцкім. Вынік — чарговыя 15 сутак і кансфіскацыя тэлефона.
7 ліпеня ў Смаргоні адбыўся суд над ксяндзом Яўгенам Учкуронісам, пробашчам парафіі св. Яна Паўла ІІ. Яго абвінавацілі ў захоўванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Святара пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (640 рублёў).
Пастар з Гомеля Дзмітрыя Падлобка быў аштрафаваны на 20 базавых велічыняў за правядзенне хрышчэння без дазволу. Яго асудзілі па артыкуле аб «несанкцыянаваным мерапрыемстве».
Адправілі за краты за ўкраінскі сцяжок
Мінчука Валерыя Івончыка затрымалі 1 ліпеня за сцяжок Украіны ў машыне. Але пратакол склалі за «дробнае хуліганства» па арт. 19.1 КаАП. Хлопца пакаралі 12-сутачным арыштам.
Велізарный штраф за фота з "экстрэмісцкай" татуіроўкай
Тату-майстра Віталя Пяткевіча з Брэста 4 ліпеня затрымаў ГУБАЗіК. Прычына — фота татуіроўкі з надпісам «А.С.А.В.» у інстаграме. Ён растлумачыў суду, што зрабіў татуіроўку берасцейцу 25 чэрвеня 2020 года і выклаў фота на сваёй старонцы ў якасці рэкламы сваёй працы. Суддзя Аляксандр Семянчук аштрафаваў яго на 960 рублёў (30 базавых велічыняў).
Затрыманага за майку з "экстрэмісцкім" надпісам кінулі за краты, а майку канфіскавалі
У Брэсце 14 ліпеня на вуліцы затрымалі мясцовага жыхара за майку з надпіам «А.С.А.В.». Міліцыянты расцанілі гэта як «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП. Суд арыштаваў хлопца на 5 сутак і канфіскаваў майку.
Былога нафтанаўца тройчы запар асудзілі да 15 сутак
Аляксея Калейнікаваса ўжо паўтара месяца ўтрымліваюць за кратамі. Яго затрымалі ў Наваполацку 15 чэрвеня. Падствай стаў перасыл знаёмым паведамлення з «TUT.BY». Паводле рапарта міліцыянта, падчас «правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў яны атрымалі інфармацыю аб тым, што Аляксей захоўваў з мэтай распаўсюду інфармацыйныя матэрыялы, якія прызнаныя экстрэмісцкімі».
Першы суд над ім адбыўся 17 чэрвеня. Наваполацкая суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым па ч.2 арт. 19.11 КаАП і арыштавала на 15 сутак. Але па закэнчэнню тэрміну Аляксей на волю не выйшаў, бо на яго склалі новы пратакол. Тады суд прызначыў яму чарговыя 15 сутак.
18 ліпеня над Аляксеем адбыўся трэці суд запар. Суддзя Зінаіда Балаболава асудзіла мужчыну па арт. 19.11 КаАП за перасыл паведамлення з канала Паўла Латушкі сваім сябрам у 2021 годзе. Суддзя прызначыла яму чарговыя 15 сутак і пастанавіла канфіскаваць кампутар "MacBook".
60 сутак запар: актывіста з Наваполацку, які ў ЦІПе перанёс гіпертанічны крыз, асудзілі ўжо чатыры разы
Наваполацкага актывіста Андрэя Галавырына 1 жніўня асудзілі чацвёрты раз запар. Гэтым раз на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП за рэпост з «экстрэмісцкага» канала. Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і прызначыла чарговыя 15 сутак. Вядома, што папярэднія тры пратаколы былі складзеныя проста за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы.
Нагадаем, Андрэя затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП. Пасля гэтага над ім прайшлі тры суды і кожны раз суддзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 сутак.
Яшчэ падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.
Мінчука аштрафавалі за грашовыя пераводы ад фонда "Страна для жизни" і спагналі з яго 900 еўра
У канцы чэрвеня ў Мінску супрацоўнікі КДБ затрымалі мужа і жонку. Пасля допытаў іх адпусцілі, але на мужа склалі пратакол па ч. 6 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, якое суправаджаецца выплатай узнагароды за ўдзел у масавым мерапрыемстве».
Згодна з пратаколам, мужчына «для атрымання фінансавай дапамогі з мэтай пакрыцця выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем яго жонкі да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, адкрыў рахунак у банку Рaysera, на які фондам «Страна для жизни» былі пералічаны грашовыя сродкі ў памеры агулам 900 еўра, і выкарыстаў атрыманыя грошы для пакрыцця выдаткаў, панесеных у сувязі з аплатай штрафаў, накладзеных на ягоную жонку на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП».
Вядома, што жанчыну двойчы затрымлівалі на акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Суд над мужчынам адбыўся 4 ліпеня. На працэсе мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль, паводле судовай пастановы, прызнала мужчыну вінаватым па ч. 7 арт. 24.23 КаАП, пры гэтым артыкул прадугледжвае толькі шэсць частак. У выніку мінчука пакаралі штрафам у памеры 480 рублёў (15 базавых велічыняў). Акрамя гэтага, суд пастанавіў на падставе п. 1 ч. 2 арт. 6.10 КаАП спагнаць ва ўласнасць дзяржавы кошт «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння» — 2 396 рублёў і 7 капеек ці 900 еўра.
Пазаштатнага супрацоўніка КДБ кінулі за краты на 10 сутак
Раніцай 7 ліпеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да пінчука Аляксандра. Згодна з пратаколам, 16 лютага мужчына пакінуў каментар пад пастом аднаго з «экстрэмісцкіх» каналаў. За гэта супрацоўнікі мясцовага РАУСа склалі на яго пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Да суда пінчука пакінулі за кратамі.
На наступны дзень справу Аляксандра разглядзелі ў судзе Пінскага раёна і г. Пінска. Мужчына цалкам прызнаў сваю віну, але адзначыў, што «з'яўляецца пазаштатным супрацоўнікам КДБ, таму ўся ягоная актыўнасць у экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах абумоўлена заданнямі куратара з КДБ».
Але суддзю Андрэя Бычылу гэта не пераканала, таму ён арыштаваў мужчыну на 10 сутак.
У Магілёве асудзілі кнігарню за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Суд Ленінскага раёна Магілёва 5 ліпеня разглядзеў адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) супраць кнігарні «Асвета». Судовы працэс вяла суддзя Аксана Ратнікава.
Па інфармацыі «MAYDAY TEAM», кіраўніцтва кнігарні «Асвета» прыцягнулі да адказнасці за дзве кнігі Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры». Дырэктарка кнігарні растлумачыла на судзе, што на гэтую пасаду яна была прызначана толькі 24 траўня і не ведала пра наяўнасць «экстрэмісцкіх» кніг у краме.
Па яе словах, ні выдавецтва «Харвест», якому належыць кніга, ні Міністэрства інфармацыі Беларусі не папярэдзілі кіраўніцтва крамы аб тым, што кнігі варта зняць з продажу.
8 чэрвеня пракуратура выявіла факт парушэння, а пазней склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Магілёўская суддзя прызначыла штраф кнігарні «Асвета» ў памеры 150 базавых велічыняў (4 800 рублёў).
Аўтар кнігі — Віктар Ляхор, вядомы беларускі геральдыст, які стварыў сімволіку ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартаменту аховы, а таксама МЗС.
Нагадаем, у 2022 годзе ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» кнігу Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», зборнік артыкулаў пад рэдакцыяй Анатоля Тараса «Беларусь на раздарожжы», выданне Дзмітрыя Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя» і кнігу Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Таксама неаднаразова з'яўляліся звесткі пра забарону ў Беларусі антыўтапічнага рамана “1984” Джорджа Оруэла.
Кобрынец палаяўся з жонкай і вывесіў БЧБ-сцяг на акно, каб яе асудзілі, але ў выніку сам апынуўся за кратамі
Увечары 2 ліпеня ў Кобрыне быў затрыманы мясцовы жыхар па «скарзе неабыякавага грамадзяніна» на бел-чырвона-белы сцяг на акне балкона. На судзе мужчына растлумачыў, што палаяўся з жонкай, таму размясціў аркуш паперы бел-чырвона-белага колеру, каб яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Але замест жонкі міліцыянты затрымалі яго самога і ў РАУСе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаванне». Вынік — 10 сутак арышту.
Віцебскага актывіста Уладзіміра Булаўскага арыштавалі на 30 сутак
7 ліпеня ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска актывіста Уладзіміра Булаўскага асудзілі па ч.3 арт. 24.23 КаАП (несакцыянаванае пікетаванне). «Віцебская вясна» паведамляе, што на судовы працэс над Уладзімірам не змаглі трапіць сябры, бо да апошняга моманту не было вядома, калі адбудзецца суд. Таму вядомы толькі вынік — 30 сутак арышту. За што менавіта судзілі Булаўскага — невядома.
Затрымалі яго ўвечары 6 ліпеня перад канцэртам «Купальскае кола», дзе Уладзімір мусіў граць з этна-гуртом «Гук».
«Да яго мэтанакіравана падышлі двое мужчын у цывільным і затрымалі», – распавялі відавочцы.
Гэта ўжо чацвёртае затрыманне Булаўскага за апошнія два гады.
Хваля зартрыманняў у Іванаве і Драгічыне скончылася «суткамі» і велізарнымі штрафамі
13 і 14 ліпеня ў Іванаве і Драгічыне прайшлі масавыя ператрусы і затрыманні. Вядома, што ў "рэйдзе" прымалі ўдзел тры групы — з Брэста і Мінска. Дзве машыны з сілавікамі працавалі ў Іванаве і адна — ў Драгічыне. У выніку двух дзён у Іванаве было затрымана восем чалавек, а ў Драгічыне — каля 20.
Сталічныя сілавікі былі больш жорсткія — менавіта адзін з іх стрэліў у сабаку мясцовай актывісткі. У выніку ў Іванаве былі асуджаныя сем чалавек: траіх аштрафавалі, яшчэ чатырох адправілі на "суткі".
Збівалі патэльняй, пакуль пілі каву з кавамашыны затрыманага: падрабязнасці "рэйда" ў Іванаве
Таксама праваабаронцам вядома пра мінімум пяць судовых працэсаў у Драгічыне. Усіх жыхароў асудзілі па арт. 19.11 КаАП. Аднаго мужчыну пакаралі 7-сутачным арыштам за перасыл паведамлення «Што пабачыць на правым беразе Нёмана?» з телеграм-канала «Нашай Нівы». Таксама адзін з мясцовых жыхароў атрымаў штраф у памеры 320 рублёў (10 базавых велічыняў) за спасылку на матэрыял «Среди мигрантов зреет бунт: подорожала шаурма». Маці непаўнагадовага дзіцяці аштрафавалі на 480 рублёў (15 базавых велічыняў) за рэпост з экстрэмісцкіх каналаў. Але аднаго з затрыманых судзілі адразу па двх пратаколах. Акрамя «экстрэмісцкіх» рэпостаў яго абвінавацілі ў тым, што ён аказаў непадпарадкаванне міліцыянтам падчас затрымання (арт. 24.3 КаАП). Па двух пратаколах яму прызначылі штраф у памеры 416 рублёў (13 базавых велічыняў). Ва ўсіх асуджаных суд Драгічанскага раёна канфіскаваў тэхніку.
Баранавіцкую актывістку Тамару Патоцкую аштрафавалі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Лідэрку баранавіцкай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Тамару Патоцкую 28 ліпеня выклікалі ў міліцыю, але на волю не выпусцілі. За кратамі жанчыну ўтрымлівалі амаль суткі да суда. У РАУСе на яе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). 29 ліпеня баранавіцкая суддзя Аксана Копач прызнала Тамару вінаватай і прызначыла 640 рублёў штрафу (20 базавых велічыняў). На волю жанчына выйшла ў той жа дзень.