Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2022
Высновы:
- паглыбленне крызісу правоў чалавека, абстаноўка нагнятання страху і рэпрэсіі ў дачыненні да шырокага кола прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці вызначаюць сітуацыю ў Беларусі;
- Праваабарончы цэнтр "Вясна" рашуча асудзіў і па-ранейшаму катэгарычна асуджае дзеянні беларускіх уладаў па падтрымцы расійскай агрэсіі ў дачыненні да суверэннай Украіны, якія падрываюць асновы мірнага суіснавання народаў, парушаюць Канстытуцыю і законы Беларусі, а таксама палажэнні заключаных міжнародных дамоваў;
- на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў; не спыняюцца затрыманні іншадумцаў за распаўсюд інфармацыі і падпіскі на групы ў сацыяльных сетках і тэлеграм-каналы; за ліпень ПЦ "Вясна" вядома пра як мінімум 122 затрыманні па адміністратыўных справах, 26 штрафаў і 61 адміністрацыйны арышт, прызначаны судамі па справах пратэстоўцаў;
- у месцах няволі паводле прысудаў судоў на канец ліпеня знаходзіліся 1 253 палітвязні, іх колькасць працягвае няўхільна расці: за ліпень праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі 61 чалавека;
- у следчым ізалятары згодна з адвольнымі абвінавачваннямі працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, а таксама каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, у дачыненні да якіх працягваецца разгляд справы ў судзе; сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, асуджаны да трох гадоў зняволення, і валанцёрка "Вясны" Таццяна Ласіца, асуджаная да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення, знаходзяцца ў папраўчых калоніях;
- праваабаронцы і журналісты па-ранейшаму фіксуюць выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі паводле палітычных матываў, затрыманых і асуджаных да адміністрацыйнага арышту за выказванне меркаванняў, удзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў зняволення бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні;
- катаванні і забароненыя віды абыходжання па-ранейшаму ўжываюцца ў дачыненні да затрыманых паводле палітычна матываваных адміністрацыйных і крымінальных спраў.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
За ліпень у судах Беларусі разгледжана не менш за 76 палітычна матываваных крымінальных спраў. Колькасць палітвязняў за месяц павялічылася і склала 1 253 чалавекі, працягваючы няўхільна расці: у ліпені праваабарончай супольнасцю палітзняволеным прызнаны 61 чалавек. Ацэньваючы дынаміку колькасці палітвязняў, варта ўлічваць, што многія з тых, хто быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем з прычыны ўзяцця пад варту і прызначэння пакарання, былі вызвалены ў сувязі з прызначэннем пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, ці адбыццём пакарання.
Улады шырока выкарыстоўваюць змены ў заканадаўстве, прынятыя ў 2021 годзе, дзеля пераследу грамадзян за любога кшталту іншадумства і пратэсныя дзеянні: распачынаюцца справы і выносяцца прысуды за ўдзел у дзейнасці "экстрэмісцкіх фармаванняў" — СМІ і асацыяцый, прызнаных уладамі такімі ў непублічным несудовым парадку. Настойліва працягваецца крымінальны пераслед удзельнікаў выступаў 2020 года. Захоўваючы масавы і паўсюдны характар, крымінальны пераслед накіроўваецца на палітычных супернікаў рэжыму, а таксама шараговых грамадзян, нязгодных з цяперашняй рэпрэсіўнай палітыкай, якія шукаюць альтэрнатыўныя афіцыйным крыніцы інфармацыі. Такім чынам, пазбаўленне волі падчас рэпрэсій у дачыненні да гэтых людзей набыло характар злачынства супраць чалавечнасці.
Як правіла, негалосны парадак разгляду такіх спраў суддзямі хавае несправядлівы характар абвінавачванняў і судовага разгляду, руйнуючы пры гэтым прынцып вяршэнства права падчас ажыццяўлення правасуддзя.
13 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе абвешчаны прысуд палітзняволенай журналістцы "Белсата" Кацярыне Андрэевай, асуджанай да двух гадоў калоніі за жывы рэпартаж з мірнага сходу на "Плошчы Перамен" у Мінску 15 лістапада 2020 года. Цяпер яе асудзілі паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса — "здрада дзяржаве". Сутнасць абвінавачвання невядомая, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, а суд праходзіў у закрытым рэжыме. У выніку суддзя Алег Харошка прызначыў Кацярыне восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У ліпені споўніўся год з тых часоў, як у СІЗА змешчаны паводле надуманых абвінавачванняў старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч.
Закрытае судовае пасяджэнне па крымінальнай справе каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марыі (Марфы) Рабковай, валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў працягваецца ў Мінскім гарадскім судзе пад старшынствам суддзі Сяргей Хрыпача.
Асуджаныя да зняволення ў калоніі кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка (да трох гадоў папраўчай калоніі) і валанцёрка Таццяна Ласіца (да двух з паловай гадоў папраўчай калоніі) знаходзяцца ў калоніі.
Суд Маскоўскага раёна Брэста 15 ліпеня вынес прысуд па крымінальнай справе Вольгі Ялцэвіч паводле абвінавачвання ў фінансаванні пратэснай дзейнасці (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Яўген Брэган. Палітзняволеную Вольгу Ялцэвіч абвінавацілі ў тым, што з 13 жніўня па 19 снежня 2020 года ад імя Фонду "Краіна для жыцця" яна аплачвала сумы накладзеных на пратэстоўцаў грашовых спагнанняў, паслугі адвакатаў, дзяржаўную мыту за падачу скаргаў, іншую матэрыяльную дапамогу, а таксама рабіла пералік сродкаў у кошт пакрыцця шкоды.
На працэсе таксама высветлілася, што Вольгу 5 разоў змяшчалі ў карцар і паставілі на прафулік. Суд прызнаў Ялцэвіч вінаватай і пакараў яе пазбаўленнем волі ў калоніі тэрмінам на два гады.
Працягваецца практыка наўмыснага адвольнага пагаршэння ўмоў утрымання палітвязняў і адвольнага падаўжэння тэрміна зняволення.
Так, палітвязня, актывіста і журналіста Мікалая Дзядка перавялі ў гродзенскую турму № 1. У турме асуджаны да 5 гадоў калоніі палітвязень прабудзе да канца тэрміна — 2 гады і 10 месяцаў.
Палітзняволенага Андрэя Навіцкага, асуджанага да пяці гадоў калоніі, асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі" бабруйскай калоніі № 2. 13 чэрвеня суддзя суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска Вольга Серакова прызначыла палітвязню яшчэ чатыры месяцы зняволення і змяніла яму рэжым адбывання пакарання з узмоцненага на строгі.
Адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17, дзе Павел Аўчароў год адбываў свой тэрмін, ініцыявала завядзенне супраць палітзняволенага крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 411 КК — "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". У судзе Шклоўскага раёна 6 ліпеня суддзя Аляксандр Тараканаў прысудзіў Паўлу яшчэ паўтара года зняволення ў калоніі. Таксама Аўчарову змянілі рэжым адбывання пакарання з узмоцненага на строгі.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
Улады па-ранейшаму пераследуюць у адміністрацыйным і крымінальным парадку ўдзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў.
Так, за ліпень ПЦ "Вясна" вядома пра 87 вынесеных пастаноў па адміністрацыйных справах: 26 разоў прызначаны адміністрацыйны штраф, 61 раз — адміністрацыйны арышт. Вялікая частка затрыманых прыцягваецца да адказнасці за распаўсюд і захоўванне з мэтай распаўсюду "экстрэмісцкіх матэрыялаў" — рэпосты ці падпіскі на пратэсныя групы ў сацыяльных сетках, тэлеграм-каналы.
У судах дагэтуль выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў 2020 года.
16 чэрвеня суддзя суда Заводскага раёна горада Мінска Алег Каляда асудзіў палітвязня Аляксандра Зялюткіна да трох з паловай гадоў зняволення ў папраўчай калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) за ўдзел у пратэсных выступах 10 жніўня 2020 года каля гандлёвага цэнтра "Рыга" ў Мінску.
Праваабаронцы адмаўляюць наяўнасць масавых беспарадкаў у Беларусі падчас пратэсных выступаў і прызналі 190 іх удзельнікаў, асуджаных паводле арт. 293 КК, палітвязнямі.
Суд Маскоўскага раёна Мінска 1 ліпеня вынес прысуд па справе палітзняволенага Аляксея Максюкова, якога абвінавацілі ў арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Працэс вяла суддзя Таццяна Пірожнікава. Прысуд — абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
14 ліпеня суддзя Таццяна Пірожнікава агучыла прысуд сям’і Дашкевічаў, прызнаўшы мужа і жонку вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак): Змітру — паўтара года калоніі, Анастасіі — тры гады абмежавання волі без накіравання у папраўчую ўстанову. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года.
Праваабаронцы "Вясны" працягваюць маніторынг судовых крымінальных спраў, звязаных з палітычна матываваным пераследам, у тым ліку паводле дыфамацыйных артыкулаў: за паклёп на А. Лукашэнку і абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 367, 368, 369, 370, 391 КК РБ). Гэтыя справы разглядаюцца судамі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, прысуды часта прадугледжваюць прызначэнне пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі.
Суддзя Юлія Вяршыніна ў судзе Оршы і Аршанскага раёна 4 ліпеня вынесла прысуд мясцоваму жыхару Аляксею Чэкелю, які абвінавачваўся ў абразе А. Лукашэнкі ў каментарах да пастоў у сацсетках. Пакаранне — пазбаўленне волі ў папраўчай калоніі тэрмінам на паўтара года.
У судзе Савецкага раёна Гомеля 5 ліпеня разгледзелі крымінальную справу палітзняволенага Дзяніса Граханава, асуджанага раней на паўтара года абмежавання волі за надпіс "Не забудем" каля станцыі метро "Пушкінская" ў Мінску побач з месцам гібелі А. Тарайкоўскага ў жніўні 2020 года. 15 лютага 2022 года КДБ затрымаў Дзяніса наўпрост ў папраўчай установе пад Каменцам. Пазней палітвязню выставілі абвінавачванне паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза А. Лукашэнкі) і на працягу пяці месяцаў да суда ўтрымлівалі ў гомельскім СІЗА. Згодна з хадайніцтвам пракурора суд амаль адразу зрабілі закрытым. Суддзя Вольга Церахава канчаткова прызначыла Граханаву па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання адзін год і сем месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі.
Суд Віцебскага раёна 8 ліпеня разгледзеў крымінальную справу Аляксея Вячэрняга, які абвінавачваўся ў абразе А. Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Ганна Ігнаценка. Вячэрні — грамадзянін Беларусі, але ўкраінец, які нарадзіўся ў Чаркаскай вобласці. Пасля пачатку абстрэлу Украіны з тэрыторыі Беларусі ён на эмацыйнай хвалі напісаў верш, запісаў яго на відэа і выклаў у Tik-Tok. У вершы прысутнічалі словы, якія, паводле абвінавачвання, абразілі А. Лукашэнку, зняважылі ягоныя гонар і годнасць. Пакаранне — 1 год і 9 месяцаў пазбаўлення волі.
Часам выказванні грамадзян адвольна кваліфікуюцца паводле арт. 130 КК як распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы: у Мінскім абласным судзе вынеслі чарговы прысуд за каментары па "справе Зельцэра". Палітзняволенага Віталя Лойку суддзя Алена Міснік асудзіла паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь (3 200 беларускіх рублёў). Згодна з версіяй абвінавачвання, Лойка размясціў у публічным Telegram-чаце рэпост публікацыі са зместам "пора выносить мусор". Паведамленне суправаджалася выявай Андрэя Зельцэра са стрэльбай у руках. Пад вартай палітвязня трымаюць амаль дзесяць месяцаў. КДБ унёс яго ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Праваабаронцы асуджаюць гэтыя і іншыя выпадкі пакарання за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў і прызнаюць зняволеных фігурантаў гэтых спраў палітвязнямі: дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый. Міжнародныя органы, ААН і АБСЕ рэкамендавалі адмяніць законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю, ці, прынамсі, не пазбаўляць волі за здзяйсненне дыфамацыйных правапарушэнняў, прыняўшы за норму грамадзянска-прававы пераслед. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала да адмены ўсіх законаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю публічных асобаў, дзяржавы ці яе органаў. Паўнамоцныя прадстаўнікі ААН, АБСЕ па пытаннях свабоды слова заяўлялі, што "крымінальны пераслед за дыфамацыю не з'яўляецца апраўданым абмежаваннем свабоды выказвання перакананняў; усе законы аб крымінальным пераследзе за дыфамацыю падлягаюць адмене і замене, дзе гэта неабходна, грамадзянска-прававымі мерамі адказнасці". Ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы ці яе сімвалаў, ураду, дзяржаўных ведамстваў ці грамадскіх і палітычных дзеячаў, а таксама замежнай нацыі, дзяржавы ці яе сімвалаў, ураду, дзяржаўных ведамстваў ці дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэта крытыка ці абраза не накіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў ці могуць прывесці да такіх дзеянняў. Абмежаванні свабоды выказвання меркавання не павінны звязвацца са службовым становішчам тых асобаў, пра якія распаўсюджаны звесткі ці інфармацыя.
У ліпені адзначаны новыя выпадкі асуджэння грамадзян за перадачу звестак пра перамяшчэнне па тэрыторыі Беларусі войскаў РФ у пратэсны тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн", што з'яўляецца формай антываеннага пратэсту. Так, 1 ліпеня ў судзе Брэсцкай вобласці суддзя Андрэй Лешчанка вынес прысуд Канстанціну Байсараву, які абвінавачваўся ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". У віну Байсараву ставілася тое, што 27 лютага, праз некалькі дзён пасля ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, хлопец зняў відэа з вайсковым самалётам, якія пралятаў над тэрыторыяй Беларусі, і даслаў яго ў чат-бот "экстрэмісцкага" тэлеграм-канала. Канстанцін Байсараў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 361-4 КК і яму прызначана пакаранне ў выглядзе 2 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі.
18 ліпеня Гомельскі абласны суд вынес прысуд па справе Паўла Піскуна, які абвінавачваўся ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК. Судовае пасяджэнне ўзначаліў Аляксандр Піскуноў. Паўла Піскуна абвінавацілі ў тым, што сёлета 27 лютага ён зняў на мабільны тэлефон расійскую вайсковую тэхніку і даслаў гэтае відэа ў "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал разам з суправаджальным тэкстам, у якім расказаў пра колькасць тэхнікі, кірунак яе руху і адметныя асаблівасці. Згодна з версіяй абвінавачвання, гэтымі дзеяннямі Павел Піскун садзейнічаў экстрэмісцкай дзейнасці. Праз некалькі дзён ён ізноў зняў на відэа расійскую вайсковую тэхніку і зноў перадаў матэрыялы "экстрэмісцкаму" тэлеграм-каналу.
18 ліпеня Гомельскі абласны суд прызнаў Паўла Піскуна вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361-4 КК. Прысуд — 3 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі.
За антываенныя надпісы на сцяне будынка суд Кобрынскага раёна ў выязным пасяджэнні 5 ліпеня асудзіў Уладзіміра Кавалёва да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на два гады. Справу разглядала суддзя Таццяна Каберская. Згодна з матэрыяламі абвінавачвання, 7 сакавіка ў Кобрыне на фасадах будынкаў з'явіліся надпісы: "Слава Украине", "Смерть рашистским оккупантам". На наступны дзень гэтыя выказванні былі замаляваныя. А праз некаторы час, 18 сакавіка, з'явілася яшчэ некалькі новых надпісаў: "Лукашисты-фашисты", "Слава Украине", напісала "Берасцейская вясна".
Свабода асацыяцый
Рашэннем Вярхоўнага Суда 12 ліпеня ліквідаваны Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны "экстрэмісцкай арганізацыяй". 14 ліпеня Вярхоўны Суд прыняў такое самае рашэнне ў дачыненні да Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) і Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ), 19 ліпеня стала вядома пра ліквідацыю Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
Рашэнне прынятыя паводле звароту генпракурора Андрэя Шведа, які 10 чэрвеня накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб спыненні дзейнасці некалькіх незалежных прафесійных аб'яднанняў.
27 ліпеня былі затрыманы і змешчаны пад варту кіраўнікі і актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, Антаніна Кавалёва, Аксана Аляксеева, не выйшаў з "сутак" і затрыманы Артур Смалякоў.
Парушэнне свабоды распаўсюду інфармацыі. Пераслед журналістаў і СМІ
Свабода слова ў Беларусі па-ранейшаму парушаецца, пераследуюцца журналісты і супрацоўнікі СМІ: пазбаўлены волі 30 чалавек.
На 2 месяцы прыпынены разгляд справы "БелаПАН" у выязным закрытым пасяджэнні Мінскага абласнога суда пад старшынствам суддзі Вячаслава Тулейкі.
Брэсцкі абласны суд 14 ліпеня вынес прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага журналіста Юрыя Ганцарэвіча. Яго абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала судовая калегія пад старшынствам Мікалая Грыгаровіча. Юрый Ганцарэвіч — журналіст "Intex-press" з Баранавічаў. Паводле абвінавачвання, ён, "маючы намер на іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, 2 сакавіка 2022 года, прыкладна ў 18.09, знаходзячыся ў нявысветленым месцы ў горадзе Баранавічы, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства тэлефон", адправіў у бот тэлеграм-канала "Радыё Свабода", прызнаны ў адпаведнасці з рашэннем МУС РБ ад 23 снежня 2021 года экстрэмісцкім фармаваннем, экстрэмісцкія матэрыялы. А менавіта — "фотавыявы ваеннай авіятэхнікі, змешчанай на тэрыторыі аэрадрома 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы, якая дыслакуецца ў Баранавічах, з подпісам "аэрадром у Баранавічах".
Прысуд — 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК.
Дзяніс Івашын, журналіст-расследавальнік, па-ранейшаму ўтрымліваецца ў турме № 1 г. Гродна без суда. Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, сутнасць абвінавачвання невядомая. З'явіліся звесткі пра тое, што ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем.
Анджэй Пачобут, журналіст і грамадскі дзеяч, прадстаўнік польскай нацыянальнай меншасці, утрымліваецца ў турме № 1 г. Гродна. Газеце Rzeczpospolita стаў вядомы змест некаторых абвінавачванняў: у прыватнасці, прэтэнзіі звязаныя з выказваннямі Пачобута пра савецкую акупацыю часткі Польшчы ў 1939 годзе, пра стан польскай адукацыі ў Беларусі, пра падаўленне пратэстаў у жніўні 2020 года; таксама прэтэнзіі абвінавачвання выклікаў артыкул Пачобута 2006 года пра ўдзельніка польскага антысавецкага супраціву.
Смяротнае пакаранне
Камітэт па правах чалавека ААН вынес рашэнне на зварот Тамары Сялюн, маці асуджанага да пакарання смерцю і расстралянага Паўла Селюна. Жанчына прасіла прызнаць парушэнне яе права не зазнаваць жорсткае абыходжанне з боку Дэпартамента выканання пакарання, які пасля смяротнага пакарання яе сына пасылкай даслаў ёй турэмнае адзенне з надпісам "ИМН" (исключительная мера наказания), якую Павел насіў падчас знаходжання ў "калідоры смяротнікаў". Пры гэтым ведамства не паведамляла час і месца пахавання хлопца. Атрымаўшы такую пасылку, жанчына адчула настолькі моцны шок, што пасекла адзенне сякерай і спаліла яго. Тамара Сялюн спрабавала дамагчыся справядлівасці праз беларускія суды і нацыянальныя органы, але безвынікова. Цяпер Камітэт ААН прызнаў парушэнне правоў маці пакаранага смерцю Паўла Селюна. КПЧ абавязаў беларускія ўлады забяспечыць жанчыне кампенсацыю за дапушчаныя парушэнні, апублікаваць інфармацыю пра месца пахавання яе сына і выдаць ёй рэшткі сына.
Катаванні. Жорсткае, нечалавечае, зневажальнае абыходжанне
Вызваленыя палітвязні дзеляцца з ПЦ "Вясна" звесткамі пра тое, як у Беларусі арганізавана катавальнае ўтрыманне для арыштаваных паводле палітычна матываваных спраў. Па-ранейшаму фіксуюцца выпадкі катаванняў затрыманых паводле крымінальных спраў.
20-гадовую Ганну Марскую з пачатку 2021 года паводле адміністрацыйных спраў сілавікі затрымлівалі пяць разоў. У лютым пасля затрымання на антываеннай акцыі пратэсту дзяўчына стала сведкай збівання сукамерніцы ў ЦІПе на Акрэсціна, а ў траўні сілавікі збівалі ўжо яе саму. Агулам за кратамі ў нялюдскіх умовах Ганна адседзела 63 дні. У траўні ў ГУБАЗіКу дзяўчыну паўгадзіны ўтрымлівалі на падлозе "ластаўкай" — адзін са спосабаў катаванняў. Былая зняволеная распавяла "Вясне" пра збіванні і катаванні ў ГУБАЗіКу, пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна, пра матывацыю змагацца далей і пра падтрымку сукамерніц.
Зранку 13 ліпеня ў Іванаве прайшла хваля ператрусаў і затрыманняў. Збіванні, катаванні, разгром у дамах, стрэлы і пагрозы — тое, з чым сутыкнуліся восем затрыманых мясцовых жыхароў у той дзень. У выніку былі асуджаныя сем чалавек: траіх аштрафавалі, яшчэ чатырох адправілі на "суткі". "Вясна" расказвала пра пераслед жыхароў Іванава, збіванні і здзекі падчас затрымання і гісторыю маці непаўнагадовых дзяцей, якую шэсць дзён утрымлівалі за кратамі.
Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі мінчанку сёлета ў красавіку. Яе дапытвалі з ужываннем электрашокера і адправілі на "суткі". Дзяўчыну два разы перазатрымлівалі — агулам у ІЧУ на Акрэсціна яна правяла 27 сутак у тым адзенні, якое ёй дазволілі надзець дома, без душа, сродкаў гігіены і шпацыраў. Дзяўчына выйшла на волю пад умовай супрацоўніцтва з сілавікамі — супрацоўнікі ГУБАЗіКа яе спрабавалі завербаваць і даць заданне. Ёй давялося пакінуць Беларусь. Мінчанка расказала "Вясне" пра электраметкі ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, пра ўмовы ў чатырох камерах на Акрэсціна, сукамерніц-сваячак загінулага нядаўна ва Украіне Васіля Парфянкова, "качку" ў камеры і вярбоўку сілавікамі.
Парушэнне стандартаў справядлівага суда
У будынку гродзенскай турмы працягваецца суд над фігурантамі "справы Аўтуховіча": Мікалаем Аўтуховічам, святаром Сяргеем Рэзановічам, ягонай жонкай Любоўю Рэзановіч, іх сынам Паўлам Рэзановічам, актывісткай-праваабаронцай Галінай Дзербыш, баранавіцкім актывістам Уладзімірам Гундарам, актывісткай Вольгай Маёравай, Ірынай Мельхер і ейным сынам Антонам Мельхерам, а таксама Ірынай Гарачкінай, Віктарам Снегурам і Паўлам Савам. Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. На судовае пасяджэнне часам прапускаюць толькі сваякоў абвінавачаных.
Мікалай Аўтуховіч абвесціў галадоўку з патрабаваннем не перашкаджаць ліставанню; на 18-ы дзень галадоўкі яго перасталі дастаўляць у суд, тым часам працэс працягнуўся, што парушае працэсуальныя правы абвінавачанага. Парушэнні прынцыпаў справядлівага суда суправаджаюць разгляд гэтай справы з першых дзён: парушаецца прэзумпцыя невінаватасці, абвінавачаныя зазнаюць жорсткае, зневажальнае абыходжанне. Перыядычна некаторых абвінавачаных выдаляюць з залы. Аўтуховіча, Маёраву, Гундара, хаця яны не з'яўляюцца асуджанымі, змяшчалі ў карцар.
Такім чынам парушаецца комплекс правоў абвінавачаных пры патуранні суда і пракуратуры.
21 ліпеня стала вядома, што Лукашэнка падпісаў Закон "Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь". Ім уводзіцца завочная вытворчасць па крымінальных справах у дачыненні да абвінавачаных, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, паводле "пратэсных" артыкулаў (у тым ліку здрада дзяржаве, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый). Акрамя гэтага, змяняецца парадак абскарджання судовых рашэнняў у крымінальным працэсе.