У суд перададзеная крымінальная справа праграміста, які распрацаваў прыкладанне для дэананімізацыі прадстаўнікоў улады
Крымінальная справа ў дачыненні да 32-гадовага жыхара Мінскай вобласці, які працаваў індывідуальным прадпрымальнікам у сферы высокіх тэхналогій перададзеная ў суд. "Медыязона" знайшла старонку праграміста ў сацсетках – яго завуць Арцём Мазанік.
Палітвязню прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных некалькімі артыкуламі Крымінальнага кодэкса:
- ч.1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
- арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных);
- арт. 361 (публічныя заклікі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і распаўсюджванне матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі);
- ч. 3 арт. 130 (спрыянне ў распальванні варожасці і варажнечы).
Паводле інфармацыі следства, у верасні 2020 года жыхар Мінскай вобласці Арцём Мазанік "распрацаваў прыкладанне для дэананімізацыі прадстаўнікоў улады. Акрамя таго, яно дазваляла фіксаваць кампаніі, якія падтрымліваюць дзеючы канстытуцыйны лад. Прыкладанне можна было спампаваць на мабільныя прылады пад кіраваннем Android праз краму Google Play. Акрамя таго, абвінавачваны стварыў аналагічны сайт. Гэтыя рэсурсы ў перыяд іх функцыянавання аж да верасня 2021 года ў аўтаматычным рэжыме капіявалі інфармацыю, якая размяшчалася ў экстрэмісцкіх Telegram-каналах і тычылася прыватнага жыцця і персанальных дадзеных супрацоўнікаў розных ведамстваў. У прыватнасці, органаў унутраных спраў, судоў, дзяржаўных органаў улады і іншых".
Дадатак змяшчаў функцыю пошуку па прозвішчы, імені і імені па бацьку, а таксама месца працы. Гаворка ідзе аб дадатку Belscan.
Акрамя таго, фігурант справы, актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Менска.У справе задакументаваныя два такія факты. Следчыя атрымалі доказы, што на названых рэсурсах фігурант размяшчаў публічныя заклікі, якія былі накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі.
Арцёма Мазаніка па інфармацыі следства затрымалі 14 студзеня, а ў канцы ліпеня КДБ унёс Мазаніка ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.