viasna on patreon

Палітзняволенай Вользе Рытус прысудзілі тры гады "хатняй хіміі". З суда зрабілі паказальнае "шапіто" і сагналі на яго студэнтаў

2022 2022-07-15T13:58:00+0300 2022-07-15T15:39:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volia_rytus_na_voli_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вольга Рытус пасля вызвалення з залы суда

Вольга Рытус пасля вызвалення з залы суда

14 ліпеня суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес рашэнне па справе Вольгі Рытус, якую за ўдзел у паслявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК.

Першапачаткова судовае пасяджэнне па справе палітзняволенай Вольгі Рытус павінен быў узначаліць Андрэй Млечка, які не раз праводзіў незаконныя выязныя суды на Акрэсціна і выносіў палітычна матываваныя прысуды. Але акурат перад судовым пасяджэннем суддзю замянілі. У выніку справу разглядала намесніца старшыні суда Фрунзенскага раёна Юлія Блізнюк, якая судзіла журналістаў Яраслава Пісарэнку і Аляксандра Івуліна, прысудзіла ўдзельніку жнівеньскіх пратэстаў Арцёму Хвашчэўскаму год калоніі, пры тым, што Хвашчэўскі ўжо дзевяць гадоў жыве ў Польшчы, дзе працуе каардынатарам па зборы статыстыкі футбольных матчаў у Экстракласе, а ў Минск прыехаў на вяселле сябра.

Суддзя Юлія Блізнюк
Суддзя Юлія Блізнюк.

Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў Блізнюк судзіла па Skype Аляксандра Васілевіча — саўладальніка рэкламнага агенцтва Vondel/Hepta і сузаснавальніка The Village Беларусь. Яшчэ адна яе гучная справа — суд за надпіс "Не забудем" на мемарыяле забітага сілавікамі 10 жніўня Аляксандра Тарайкоўскага. 9 верасня мінчукі Максім Паўлюшчык і Марыя Бабовіч спрабавалі аднавіць гэты надпіс, раней замазаны камунальнікамі. Вынік — паводле абвінавачвання ў хуліганстве Блізнюк прысудзіла Паўлюшчыку два года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Марыі Бабовіч — паўтара года "хатняй хіміі".

Раней Блізнюк выносіла прысуды і журналістам — гэта яна асудзіла на 15 сутак тады яшчэ па артыкуле 23.34 КаАП былога тэлевядучага АНТ Дзмітрыя Семчанку, які раней узначальваў пул журналістаў, якія працавалі з Лукашэнкам. Семчанка пакінуў дзяржТВ 13 жніўня 2020 года, патлумачыўшы сваё рашэнне ў Instagram такімі словамі:

"Калі я ўбачыў, як знішчаюць беларускі народ, — зразумеў, што ўжо ніколі не змагу маўчаць пра гэта. Інакш буду жывым трупам!"

Тая ж Блізнюк прызнала карэспандэнта БелаПАН Аляксандра Дабравольскага вінаватым ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 18 кастрычніка 2020 года. На той акцыі Дабравольскі прысутнічаў у якасці журналіста і меў пры сабе пасведчанне супрацоўніка СМІ, але Блізнюк усё роўна адправіла яго за краты на 15 сутак.

Родныя палітзняволенай Вольгі Рытус: «Каб выбіць паказанні, яе аблівалі вадой і пагражалі пасадзіць сына»

"Да Олі прыходзілі і да затрымання. Усё праз тое, што на выбарах-2020 яна была назіральніцай, — распавядае маці палітзняволенай Таццяна. — Гэта здарылася ў снежні 2021-га. Зранку ў кватэру, у якой яна жыве з малодшым 12-гадовым сынам Платонам, уварваліся людзі ў масках, з аўтаматамі, як быццам яна злосная злачынца. Гэта быў ператрус".

Нагадаем, Вольгу Рытус затрымалі 12 красавіка 2022 года. За тое, што ў 2020-м, як і тысячы іншых беларусаў, яна не змагла маўчаць пасля абвяшчэння вынікаў выбараў і выйшла на вуліцу. Выбіць з яе "прызнанне віны" для "пакаяльнага" відэа ў сілавікоў не атрымалася. Ужо пазней родныя дазналіся: дзеля гэтага з далікатнай жанчыны літаральна здзекаваліся (аблівалі вадой і білі), а потым у помсту за ўстойлівасць яшчэ амаль 10 дзён трымалі на Акрэсціна ў нечалавечых умовах, пасля чаго жанчыне прад’явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК "Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і перавялі на Валадарку, дзе і ўтрымлівалі да суда.

Першае судовае пасяджэнне па справе палітзняволенай прайшло 12 ліпеня. Але ў зал суда родныя тым днём не пайшлі, бо па словах сваякоў абвінавачанай, з пасяджэння вырашылі зрабіць "Шапіто" — "прыгналі" на яго студэнтаў.

"Маральна Вользе было вельмі цяжка. Яна і сама папрасіла родных, каб тыя не прыходзілі — не хацела плакаць і нервавацца, калі іх пабачыць. На судзе яна намагалася быць у максімальна цвярозым розуме", — расказалі родныя палітзняволенай.

Вольга Рытус пасля суда разам з малодшым сынам
Вольга Рытус пасля суда разам з малодшым сынам.

Ужо сама Вольга пасля суда распавяла "Вясне", што падчас пасяджэння ёй задавалі вельмі шмат пытанняў пра фотаздымкі з яе тэлефона. І не толькі.

"Пыталіся па кожным эпізодзе, хоць на самой справе ў якасці доказу віны у іх было толькі некалькі фотаздымкаў з мірных акцый пратэсту і пару відэа з TikTok, — распавядае Вольга. — Пыталіся пра тое, як я стаўлюся да "украінскага пытання", як я магла дадумацца ўдзельнічаць у пратэсных акцыях, калі падчас іх гарэлі лаўкі, а жанчыны выварочвалі вулічныя кветнікі. Я нават не ведала што адказаць, бо гэта нейкая фантастыка — нічога падчас мірных акцый не гарэла, ніякія жанчыны нічога не выварочвалі. Я нават сказала суддзі, што асабіста я, нават калі захацела, вывернуць нічога не магу проста фізічна, бо пасля пералому хрыбетніка я не падымаю нічога цяжэй за 2 кг.

Але на гэтым дзіўныя пытанні не скончыліся. Да прыкладу, суддзя запыталася: "Як ваша маці ставілася да таго, што вы хадзілі на акцыі?". "Чаму на працы з вамі не праводзілі прафілактычныя гутаркі?". Сур'ёзна? Мне 43 гады, чаму раптам мяне павінна кантраляваць маці і тым больш праца?

У майго брата, які прысутнічаў на пасяджэнні ў якасці сведкі, пракурор увогуле у лоб спытаў: "Вы хадзілі на акцыі пратэсту?". І шмат яшчэ якіх пытанняў, якія ўвогуле не датычыліся маёй справы. Не здзівілася б, калі ў выпадку станоўчага адказу яго б там жа, у судзе, і арыштавалі.

Гэта ўсё нейкі сюр. І студэнты гэтыя на судовым пасяджэнні… Кажуць, гэта былі студэнты Наргасу. Што яны забыліся на гэтым судзе і навошта іх туды прыгналі — не магу зразумець. Я ўглядалася ў твары некаторых з іх — было адчуванне, што гэта нейкія зомбі. Яны сядзелі, як манекены. Ніхто з іх не глядзеў ні на мяне, ні на суддзю. Было адчуванне, што яны нават не чулі, пра што ідзе гаворка. Гэта былі абсалютна безуважныя людзі з пустымі вачыма. Па іх тварах нават нельга было счытаць пазіцыю з нагоды гэтага суда. Гэта ўсё вельмі страшна, але адбылося тое, што адбылося. Зараз я прыходжу ў сябе і вельмі радая, што нарэшце змагла сустрэцца з роднымі. Тое, што адбывалася са мной пасля затрымання, асабліва на Акрэсціна, — сапраўднае пекла. Але пакуль я не магу пра гэта нават гаварыць, бо становіцца дрэнна і ўсё трасецца".

14 ліпеня суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Вольгу Рытус вінаватай у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК "Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і прысудзіў жанчыне тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Вольгу Рытус вызвалілі ў зале суда.

"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства