Былы палітвязень Арцём Хвашчэўскі: "Выкарыстоўваў час максімальна магчыма ў тых умовах"
Былы палітвязень Арцём Хвашчэўскі правёў у няволі амаль год. Яго затрымалі 17 жніўня 2020 года, а 15 студзеня 2021 года асудзілі на год зняволення паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. З улікам пераліку тэрміна ён выйшаў на свабоду 3 жніўня 2021 года. Цяпер Арцём вярнуўся ў Польшчу, дзе жыў апошнія дзевяць гадоў. Ён працягвае працаваць у сваёй кампаніі, якая займаецца аналізам футбольнай статыстыкі для матчаў польскай лігі.
Арцём распавёў "Вясне" пра час у зняволенні, умовы ў розных месцах і змены, якія з ім адбыліся.
"Перамены ў кожным разе будуць"
Мяне затрымалі на наступны дзень пасля першага вялікага марша. Напэўна, так звычайна адбываецца ва ўсіх: выбух мозгу, неразуменне, што і навошта здарылася. Першыя два-тры дні — самыя складаныя псіхалагічна. Потым я настроіўся выкарыстоўваць час максімальна магчыма ў тых умовах і займацца справамі, да якіх не мог дайсці на волі: вучыў англійскую, чытаў кніжкі, займаўся ў камеры спортам, размаўляў з людзьмі, якіх было даволі багата. Асабліва ў СІЗА мне трапляліся камеры са звычайнымі людзьмі, амаль увесь час было шмат палітычных. Трошкі складаней у зносінах зрабілася ў калоніі. Вядома, стаўленне да сітуацыі шмат у чым залежыць ад настрою і тэрміну.
Калі на судзе мне запатрабавалі год, я разумеў, што, хутчэй за ўсё, яго і дадуць. Пасля прысуду з'явілася палёгка: да канца тэрміна заставалася ўсяго трошкі. Тым больш мне было з чым параўноўваць: я знаходзіўся ў камерах з людзьмі, якім свеціць па 3-5 гадоў. Але калі прагучаў прысуд, усё адно быў камяк у горле. Трохі крыўдна, што ты безабаронны: ніякія законы не працуюць, ты нічога не можаш сказаць і зрабіць. Сёння даводзіцца трываць і чакаць.
Я б не сказаў, што выйшаў у зусім іншую краіну. Яшчэ да майго затрымання на маршы 16 жніўня здавалася, што ўсё будзе па-іншаму. Ужо тады былі адчуванні, што незваротны працэс запушчаны: тое, што яны зрабілі, знята і ўбачана, назад дарогі няма. Цяпер у маіх адчуваннях нічога не змянілася — з'явілася яшчэ большая ўпэўненасць у гэтым. Сумневы засталіся толькі ў тым, калі гэта адбудзецца. Калі тады здавалася, што гэта будзе хутка, цяпер здаецца, што гэта можа зацягнуцца. Калі ў 2010 годзе пасля сутак мне было трошкі крыўдна, што выйшла столькі людзей — і на наступны дзень усё скончылася, бо здавалася, што заўтра будуць перамены і ўсё будзе па-іншаму. І потым ты трапляеш на суткі і думаеш: што гэта было, навошта? Адчувалася расчараванне. Цяпер разумееш, што ўсё па-іншаму, тут задзейнічаны ўсе пласты насельніцтва, усім надакучыла гэтая сітуацыя. Таму перамены ў кожным разе будуць.
"Спрабуюць ускладняць жыццё"
У розных месцах утрымання пад вартай былі розныя ўмовы. Да суда на Валадарскага — добрыя. Нават калі ў супрацоўнікаў была заўважная праўладная пазіцыя, у іх была павага да чалавека, з табой размаўлялі ветліва. Потым каля двух месяцаў падчас разгляду апеляцыі знаходзіўся ў Жодзіне — там было горай: супрацоўнікі лаюцца мацюкамі, як да чалавека ставяцца да цябе дрэнна. Перад калоніяй на дзевяць дзён я заехаў у віцебскі СІЗА — напэўна, там былі самыя жудасныя ўмовы. У тым рэжыме ты наогул не чалавек — ты ніхто. Калі на Валадарцы і ў Жодзіне было рэальна на штосьці паскардзіцца, то ў Віцебску нельга было наогул адгуквацца нават словам — інакш будзе дрэнна не толькі табе, але і ўсёй камеры, і потым усе будуць супраць цябе.
Ці вальней пачуваешся ў калоніі? Так, калі ты не палітычны. Як і ў 2014-2015 гадах для асуджаных паводле "наркатычнага" артыкула 328 КК, цяпер яны сталі закручваць гайкі і па ўказцы ўскладняць жыццё для палітычных. Для іх — самая дрэнная праца па 5-6 дзён у тыдзень, на якой звычайныя зняволеныя працуюць па трое сутак. Час забіраюць цалкам, таму такая свабода і не адчуваецца. У СІЗА ў гэтым плане было значна лепш. Так, замкнёнае памяшканне, чатыры сцяны, няма звычайнага святла і паветра, але часу — процьма, і ты сам выбіраеш, што і калі рабіць.
У ПК-1 звычайны дзень выглядаў аднолькава. Пад'ём а 6-й раніцы, зарадка, праверка каля гадзіны. Потым можа быць вольны час трошкі менш за гадзіну. Потым ідзеш на прамзону: нават калі там ты не моцна заняты, туды нельга нічога праносіць — ні чай, ні кнігі. Вяртаешся каля 5-й гадзіны, ідзеш на вячэру — да праверкі застаецца каля гадзіны. Тым часам, калі ў цябе ёсць сілы, можаш заняцца чымсьці сваім. Праверка займае каля 40-50 хвілінаў, увесь гэты час ты бессэнсоўна стаіш на вуліцы. Не ведаю, як гэта вытрываць у лютым, калі нават у траўні ўжо было прахалодна. Пасля праверкі вольны час прыкладна з 20.20 да адбоя ў 22.00. У гэты час ты ўсё выбіраеш, чым займацца: пайсці займацца спортам, паесці чагосьці свайго, пачытаць кнігу ці напісаць ліст. Шмат хто ідзе займацца спортам, таму што з раніцы можна займацца, толькі калі не ідзеш на "промку".
Маёй працай было прыбіраць тэрыторыю прамзоны: улетку гэта нескладана. Трэба зганяць велізарныя лужыны пасля дажджу ў вадасцёк снегапрыбіральнымі шчытамі — вось так бегаюць дзесяць чалавек па асфальце і ганяюць лужыны. Яшчэ трэба было прыбіраць трэскі, якія разлятаюцца па ўсёй прамзоне падчас дрэваапрацоўкі, і кару дрэваў, якая застаецца пасля даставак на складское памяшканне. Мы рабілі гэта адмысловымі шчоткамі, якія мы звалі "пудзелямі" — выглядалі яны адпаведна. За гэтую працу пасля выліку пражывання і харчавання, наколькі я разумею, на атаварку закідвалі рублі два. "Баландзёры" атрымліваюць больш — каля 30 рублёў, але ў іх рабская праца: яны працуюць 7 дзён на тыдзень, устаючы а 5-й раніцы і вяртаючыся а 8-й вечара.
Але разам з грашыма, якія пераводзілі мне на рахунак, мне хапала. Мне можна было траціць шэсць базавых на месяц — гэта 174 рублі. Якасць ежы ў калоніі неблагая для такіх умоваў — лепш, чым у СІЗА. Я прасіў не перадаваць мне нічога, таму што разумеў, што магу абыйсціся без гэтага тры месяцы, а палітычных там часта пазбаўляюць пасылак за нейкія парушэнні. Да таго ж, цяпер усё больш сталі падводзіць палітзэкаў да "злоснікаў" — злосных парушальнікаў, якім нельга нічога перадаваць, якія могуць траціць толькі дзве базавыя на месяц. Звычайна "злоснікам" робіцца той, хто ўжо пабываў у ШІЗА і зноў атрымаў нейкае парушэнне. І калі, калі я быў у калоніі, "злоснікаў" была траціна ад усіх палітычных, то ад чалавека, які выйшаў пасля мяне, я даведаўся, што за гэты невялікі перыяд змянілася шмат што: цяпер іх значна больш. Такімі рэчамі спрабуюць ускладняць жыццё.
"Калі будзе трэба, па цябе прыйдуць і запішуць парушэнне"
"Адзінка" (ПК №1 — заўв.) наогул лічыцца самай дрэннай па рэжыме з усіх, я чуў пра гэта ад людзей, якія пабывалі ва ўсіх калоніях. Але яшчэ ў 2015-2017 гадах усё было нашмат горш: там увесь час ужываўся фізічны гвалт, цяпер гэта рэдкасць, хоць, бывае, збіваюць да сінякоў. У дачыненні да палітычных я чуў такое аднойчы — зняволенага паставілі на расцяжку і прабілі па нагах і целе, гэта было больш падобна на псіхалагічны ціск. З маральным прэсінгам сутыкаешся ўвесь час: яны паказваюць, што ты нічога не варты і не можаш звычайна адказаць ні на што наўзамен. Таму што, калі ты будзеш спрабаваць штосьці даказваць, зробяць так, што ты перастанеш гэта рабіць. Фактычна цябе ставяць перад выбарам: ці то ты жывеш паводле іх правілаў, ці то табе будуць рабіць максімальна дрэнна. Пазбаўляць лістоў і тэлефанаванняў, павесіць парушэнне — учапіцца можна шмат за што. Напрыклад, паводле рэжыму ты павінен быць заўсёды ў пэўным адзенні і абутку, акрамя асабістага часу (каля 50 хвілінаў раніцай і гадзіна — увечары). Але пасля праверкі галоўным чынам усе ідуць глядзець тэлевізар, здымаюць боты, надзяваюць тапкі, каб дыхалі ногі, і звычайна ніхто нікога не чапае. Але калі будзе трэба, па цябе прыйдуць і запішуць парушэнне. А калі ты будзеш у ботах, знойдуць іншае парушэнне: няправільна запраўлена пасцель, у тумбачцы ляжыць на адзін канверт больш… Прызвычаіцца цалкам да гэтага нельга, але ты адаптоўваешся і імкнешся пазбегнуць шмат чаго. Але не заўсёды гэта атрымліваецца: не павітаўся з нейкім начальнікам, ён пакрыўдзіўся — 10 сутак ШІЗА.
Мне складана адказаць, навошта падобны ціск. Напэўна, пайшоў такі ўказ, а ім падалося, што мы добра сядзім, бо ў лістах мы пішам, што ўсё добра. Ці пачаў я думаць па-іншаму пасля гэтага? Абсалютна не. Як і тыя, з кім я гутарыў. Людзей саджаюць у ШІЗА, робяць "злоснікамі", а яны смяюцца і запытваюць: "Ну і што? Што далей?" Зразумела, шмат залежыць ад тэрміна: чым больш сядзіш, тым складаней, гэта ўсё збіраецца. Гэта непрыемна, але не так, каб зламаць.
"У калоніі я разумеў, што мне пішуць, але не атрымаў ніводнага ліста не ад сваякоў нават пасля вызвалення"
Першыя часы пасля вызвалення я адмыслова не надта ўваходзіў у інфармацыйную павестку, каб не моцна грузіць сябе. Сябры і знаёмыя патроху распавядалі мне навіны і відэа, каб я не прапусціў самае важнае.
Але і ў няволі большасць навінаў мы ведалі. Асноўныя крыніцы інфармацыі — адвакаты, тэлевізар, новыя людзі. Першыя часы, калі яшчэ быў на Валадарскага, шмат што паказвалі па тэлевізары, людзі прыходзілі да СІЗА і крычалі штосьці. Але ўсе зняволеныя — як палітычныя, гэтак і непалітычныя — разумеюць, што ў навінах на дзяржканалах паказваюць лухту. Нават прапаганда зробленая няякасна. Але калі глядзіш іх, пераварочваеш на 180 градусаў — асабліва калі яны паказваюць, як хтосьці злуецца, крычыць, адбываюцца нейкія ратацыі. Па такіх рэчах разумееш, што штосьці адбываецца. Таму на волі мяне, у прынцыпе, нічога не здзівіла.
У СІЗА яшчэ прыходзілі лісты, гэта было добрай падтрымкай і падсілкоўвала. Ты разумееш, што ўсё нездарма, нічога не спынілася, усё працягваецца. Але спачатку з лістамі пачаліся праблемы ў Жодзіне — напрыклад, не дайшоў ніводзін з чатырох лістоў брата. Ці лісты ад жонкі, якія яна адпраўляла з Польшчы праз письмо.бел, прыходзілі праз 5 тыдняў. Цяжка падтрымліваць звычайны кантакт, калі табе прыходзіць ліст 5-тыднёвай даўніны: пішаш пра адно — прыходзіць ліст пра іншае; хочаш даведацца, што адбываецца цяпер — даведаешся з ліста праз месяц, калі ўжо абмеркаваў гэта з маці праз тэлефон. Калі прыехаў у калонію, адразу выклікалі і сказалі, што лісты я ні ад каго не з родных атрымліваць не буду. Таму там ліставанне ў мяне было стабільнае, але толькі з мамай, жонкай і братам. Я, вядома, разумеў, што мне пішуць, але не атрымаў нічога нават пасля вызвалення.
Плюс да гэтага ў "адзінцы" палітычным дрэнна даюць тэлефанаванні і спатканні. Відэазванкі не даюць наогул, вельмі складана выбіць працяглае спатканне. Калі звычайна ўсе ходзяць на тэлефанаванні атрадам паводле раскладу, то палітычныя ходзяць з операм, калі ў яго ёсць вольны час. Я за два месяцы схадзіў толькі двойчы, і адзін раз маці не ўзяла трубку, таму што не ўбачыла званок. То бок ты нават не можаш папярэдзіць родных, калі ты будзеш тэлефанаваць. Па часе на тэлефанаванне даюць 7-10 хвілінаў, першапачаткова няма пераліку забароненых тэм, але яны існуюць на ўзроўні "ўсе ўсё разумеюць". Усю размову побач стаіць опер і слухае. Кароткае спатканне ўзяць прасцей, але я адразу сказаў маме, што з маім тэрмінам няма сэнсу ехаць пагаварыць праз шкло на гэтыя 4 гадзіны.
Але я ведаю, што так строга не ўсюды. У ПК-17 у Шклоў Арцёму (сябра Арцёма Хвашчэўскага — Арцёма Саўчука — асудзілі на 4 гады калоніі паводле арт. 293 КК. — заўв.) даходзяць лісты, хай і не ўсе. Ён можа размаўляць відэазванкамі са сваякамі, працуе на швейнай вытворчасці — гэта лічыцца досыць прэстыжнай працай. Не ўяўляю, каб на яе трапіў палітвязень у "адзінцы". Але, вядома, як мне здалося, у Арцёма сумны настрой. Калі мы былі ў СІЗА, здавалася, што гэта доўга не працягнецца. А цяпер прыходзіць разуменне, што гэта можа зацягнуцца да канца тэрміна. Таму ён трохі шкадуе пра змарнаваны час. Да таго ж ва ўмовах, калі на цябе ўвесь час ціснуць, ты не можаш атрымаць звычайную працу, табе ўвесь час не даходзяць лісты.
Таму вельмі важна, каб пра палітвязняў працягвалі казаць на волі. Прыемна разумець, што працягваецца рух, што людзі падтрымліваюць — значыць, ты рабіў штосьці недарэмна. Я б не рэкамендаваў перадаваць перадачы без узгаднення са сваякамі, каб не скончылася вага і палітвязню змаглі перадаць тое, што яму сапраўды неабходна. Таму грашовы перавод у СІЗА — неблагі варыянт падтрымкі: грошы на рахунку захоўваюцца, іх аддаюць табе, нават калі ты іх не выкарыстоўваеш.
Падтрымліваюць там зносіны з людзьмі і лісты. У калоніі няма навінаў, таму настрой заўсёды ўздымаўся, калі раз на месяц прыходзіла адзіная газета пра эканоміку, у якой можна было пачытаць палітычныя навіны. Цяпер ужо не ўпэўнены, што яна прыходзіць. Жывеш у інфармацыйным вакууме. Таму калі лісты ўсё ж праходзяць, я б па асабістым досведзе раіў пісаць навіны — неабавязкова палітычныя: у свеце выходзяць фільмы, штосьці ўвесь час адбываецца — а ў вязняў да гэтага наогул няма доступу. Калі ведаеш інтарэсы чалавека, можна пісаць навіны пра гэта.
Ці пісаць пра адпачынак і добрыя ўражанні? Я сам цяпер сутыкнуўся з гэтым пытаннем, калі пісаў ліст Арцёму. Я думаю, гэта вельмі тонкі і індывідуальны момант. Мне было прыемна, калі сябры даслалі здымак з дня народзінаў, калі жонка даслала здымак з працоўнай паездкі ў Аўстрыю. Яны перадавалі мне прывітанне сваім настроем, сваім здымкам. Так, я разумеў, што таксама мог бы пабываць там, але мне было прыемна, што хаця б яны там.
"Цяжэй аказалася прыстасавацца тут"
Пасля вызвалення вельмі класна, што можна распараджацца сваім часам самому. Першыя думкі — класнасць ад волі, адчуванне таго, што ты можаш перасоўвацца, размаўляць нармальна, гаварыць без цэнзуры, смяяцца, жартаваць, а не рабіць выключна тое, што табе кажуць. Ты пачынаеш больш цаніць свабодны час. Бо калі яго вельмі шмат, яго не заўважаеш, а калі тваім часам распараджаюцца ў зняволенні, то пасля вызвалення думаеш пра яго зусім па-іншаму і намагаешся займаць яго па-іншаму. Я сапраўды пачаў уставаць раней, а 7-8-й, нават калі справы пачынаюцца ў другой палове дня, больш займаюся англійскай, хаджу на прабежку.
Цяжэй аказалася прыстасавацца на волі, чым там: у зняволенні мала магчымасцяў, адаптоўвацца даволі лёгка. А на волі шмат усяго: інфармацыі, заняткаў — сканцэнтравацца складаней. Адносіны з роднымі, як мне здаецца, не змяніліся. Я займаюся тым жа, чым займаўся да затрымання — раблю аналітыку па матчах польскай вышэйшай лігі. Пакуль моцна не плануем жыццё. Нават вяртанне ў Беларусь будзе залежаць ад шматлікіх фактараў, таму што рашэнне прымаю не толькі я, але і жонка-полька. Але наогул калі б не было жадання вярнуцца, мы з Арцёмам не выходзілі б, напэўна, у 2020 годзе. Мы выходзілі, таму што, натуральна, мы б хацелі жыць у Беларусі. Але я жыву ў Польшчы ўжо 10 гадоў, тут свой побыт, таму вяртанне залежыць ад шматлікіх фактараў. Час пакажа.
Арцём Хвашчэўскі жыве ў Польшчы з 2011 года: пасля таго, як іх з сябрам Арцёмам Саўчуком затрымалі на суткі пасля Плошчы-2010, яны адседзелі на Акрэсціна і з'ехалі паводле праграмы Каліноўскага. Арцём Хвашчэўскі скончыў Акадэмію фізічнага выхавання ва Уроцлаве, паралельна працаваў трэнерам у маладзёжным футбольным клубе. Праз траўму завяршыў працу трэнерам і заняўся аналізам статыстыкі матчаў польскай лігі ў фірме InStat Football.
Летась абодва разам прыехалі ў Мінск на вяселле аднакласніка. 17 жніўня іх затрымалі па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Арцёма Саўчука асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Арцёма Хвашчэўскага — на год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.