viasna on patreon

"Іванаўская спецаперацыя", абнаўленне ў тэрарыстычным спісе: хроніка пераследу 14 ліпеня Дапоўнена

2022 2022-07-14T21:45:00+0300 2022-07-15T09:08:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belenki-drashyn-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 ліпеня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае ў гэты дзень апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Іванаве ўчора былі затрыманыя Андрэй Беленькі і Андрэй Дражын

Андрэй Беленькі — былы намеснік начальніка Іванаўскага РАУС, ён звольніўся з міліцыі яшчэ да выбараў.

Андрэй Дражын — мясцовы жыхар, які ў 2020 годзе атрымаў штраф у 1160 рублёў за БЧБ-шыльду з назвай вуліцы, якая вісела на яго доме шэсць гадоў.

Нагадаем, праваабаронцам вядома пра затрыманне ўчора ў Іванаве таксама Падымака Тамары, Кіявец Марыны і Пуцыковіч Алены.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў горадзе праходзіць «шэраг кропкавых затрыманняў удзельнікаў "плана Перамога" ад польскіх спецслужбаў, актывістаў пратэстных акцый 2020 года і аматараў пісаць гадасці ў Інтэрнэце».


Ігару Ледніку ў СІЗА зрабілі аперацыю

Барысаўскаму сябру БСДП Ігару Ледніку, які знаходзіцца ў следчым ізалятары Жодзіна зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Актывіст ідзе  на папраўку, ужо ходзіць самастойна.

Экспертызы па яго справе завершаны і неўзабаве дакументы будуць перададзеныя ў суд.

Нагадаем, што ў межах крымінальнага арт. 367 "Паклёп у дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", па якому абвінавачваецца Ігар Леднік быў дапытаны шэраг аўтараў партыйнага часопіса БСДП "Пазіцыя", якія праходзяць сведкамі па крымінальнай справе.


"Тэрарыстычны" спіс папоўніўся яшчэ двума беларусамі

Камітэт дзяржаўнай бяспекі працягвае абнаўляць спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". У новай версіі пераліку з'явіліся прозвішчы яшчэ двух беларусаў. Гэта Эдвард Вільчэўскі, жыхар Гродзенскай вобласці, асуджаны па арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса і Сяргей Кірыковіч, жыхар Гродзенскай вобласці, які асуджаны па арт.130 (распальванне сацыяльнай варожасці).


Заблакаваная старонка ў сацыяльнай сетцы віцябляніна Сяргея Сесіцкага

Па заяве пракурора Віцебскай вобласці 13 ліпеня старонка віцябляніна Сяргея Сесіцкага ў сацыяльнай сетке Фейсбук прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі, паведамляе “Віцебская вясна”.


Пасля ператрусу затрыманы актывіст АГП

У Мінску 13 ліпеня пасля ператрусу дома супрацоўнікі міліцыі затрымалі 29-гадовага актывіста Артура Смалякова. Мяркуецца, што сёння адбудзецца суд па артыкуле арт 11.9 КаАП.

Артур Смалякоў.

Артур з'яўляецца сябрам АГП. Гэта не першае затрыманне Смалякова ў гэтым годзе.


У Лідзе супрацоўніку ААТ «Лакафарба» прысудзілі 10 сутак арышту

@lida_grab_court паведамляе аб затрыманні за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» 34-гадовага супрацоўніка ААТ «Лакафарба» Аляксандра Пінаева.

Затрыманне адбылося яшчэ 8 ліпеня. Пазней Аляксандру прысудзілі 10 сутак арышту.


У Полацку затрыманы старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах

Як паведамляюць ягоныя паплечнікі, суд над ім адбудзецца 15 ліпеня.

Мікола Шарах у судовай зале.

Прафсаюзнага лідэра затрымалі пасля вяртання з Мінска, дзе Вярхоўны суд разглядаў справу аб ліквідацыі СПБ. Ці ліквідаваны прафсаюз, пакуль невядома — Шараху паведамілі, што рашэнне вышлюць на электронную пошту.

Вядома, што сёння Вярхоўны суд ліквідаваў Свабодны прафсаюз металістаў.


Масавыя затрыманні ў Драгічыне

Узброеныя сілавікі ў цывільнай вопратцы правялі ў горадзе вобшукі і канфіскавалі знойдзеныя грашовыя сродкі. Тых, каго не засталі дома, шантажавалі праблемамі для родных. Некаторыя ўжо атрымалі прысуды ў выглядзе сутак і штрафаў.

Меркавана, сярод затрыманых — Андрэй і Ірына Малашыцкія.

Учора масавыя затрыманні прайшлі і ў суседнім райцэнтры Іванава.


Затрыманне за жнівеньскія падзеі 2020 года

Супрацоўнікі міліцыі проста на працоўным месцы 14 ліпеня затрымалі ў Мінску Леаніда Манько. Паведамляецца, што па месцы жыхарства прайшоў ператрус. Папярэдне вядома, што затрыманне звязанае са жнівеньскімі падзеямі 2020 года.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства