Роўна чатыры хвіліны спатрэбілася суду для разгляду скаргі палітвязня Андрэя Сцепаненкі
У Гарадзенскім абласным судзе 21 чэрвеня была разгледжаная апеляцыйная скарга асуджанага па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса на паўтары гады калоніі жыхара Гародні Андрэя Сцепаненкі.
Апеляцыю разглядала судовая калегія пад старшынством суддзі Андрэя Ліхача.
Андрэя Сцепаненку затрымалі 2 лютага 2022 г. за значок з выявай “Пагоні” на заплечніку і не выпусцілі пасля адміністрацыйнага арышту — распачалі крымінальную справу. Андрэя ўзялі пад варту і змясцілі ў СІЗА турмы № 1 Гродна 17 лютага. Затым, 7 красавіка 2022 г., мера стрымання ў дачыненні да яго была змененая на падпіску аб нявыездзе. Аднак 12 красавіка мужчыну ўзялі пад варту ізноў. На гэты раз абвінавацілі ў абразе прэзідэнта.
14 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні Андрэя асудзілі на 1 год і 6 месяцаў калоніі па артыкуле аб абразе прэзідэнта.
Пракурор Люцко не ўбачыў падстаў для задавальнення скаргі абвінавачанага Сцепаненкі, паколькі ён не аспрэчвае сам прысуд, а скардзіцца на празмерна строгі характар вынесенага пакарання. Між тым падстаў для яго змякчэння няма.
Таму суд пастанавіў пакінуць скаргу Андрэя Сцепаненкі без задавальнення, а прысуд без зменаў.