Amnesty International: Пашырэнне прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі стала апошняй атакай на правы чалавека ў краіне

2022 2022-05-23T12:55:49+0300 2022-05-23T12:55:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amnesty_prisoners.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Amnesty International асудзіла новаўвядзенні ў Крымінальны кодэкс Беларусі, што пашырылі спіс злачынстваў, за якія можа прызначацца смяротнае пакаранне.

Каментуючы прыняцце ўладамі Беларусі новага закона, які ўводзіць смяротнае пакаранне за «замах на здзяйсненне акту тэрарызму», Мары Стразерс, дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, заявіла:

«Беларусь — адзіная дзяржава ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне — вельмі жорсткая, бесчалавечная і прыніжальная годнасць мера пакарання. Новы закон, які супярэчыць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі, пашырае ўжыванне гэтага жорсткага і бесчалавечнага пакарання на дзеянні, што не кваліфікуюцца як наўмыснае забойства, і з'яўляецца апошняй праявай глыбокага грэбавання беларускімі ўладамі правамі чалавека.

Гэта асабліва трывожна, улічваючы, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць небяспечна расплывістае вызначэнне «тэрарызму», а абвінавачванні, звязаныя з тэрарызмам, выкарыстоўваюць дзеля пераследу палітычнага іншадумства. Улады сістэматычна прыраўноўваюць мірныя пратэсты і рэалізацыю права на свабоду слова да гвалтоўных злачынстваў, і гэты закон з'яўляецца жахлівым сігналам узмацнення рэпрэсій і падвышэння ставак для крытыкаў рэжыму ў літаральным сэнсе да новай смяротнай вышыні».

Яна таксама дадала:

«Ва ўмовах удушліва-рэпрэсіўнага палітычнага клімату ў Беларусі апаненты ўрада зараз непасрэдна сутыкаюцца з перспектывай быць расстралянымі, калі адважацца выказацца. Мы заклікаем Беларусь раз і назаўжды адмовіцца ад гэтага жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага годнасць пакарання і спыніць ганебную кампанію пераследу палітычных апанентаў і праваабаронцаў».

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 18 траўня падпісаў новы закон, які ўводзіць смяротнае пакаранне за «замах на здзяйсненне акту тэрарызму». Закон набудзе моц праз 10 дзён пасля апублікавання.

У красавіку беларускі парламент прыняў законапраект, які пашырае ўжыванне смяротнага пакарання. Мяркуецца, што гэты крок стаў адказам на нядаўнія выпадкі сабатажу на чыгунцы краіны. Яны нібы былі здзейсненыя праціўнікамі расійскага ўварвання ва Украіну, каб перашкодзіць расійскім сілам, дыслакаваным у Беларусі, перасякаць мяжу.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», абвінавачванні ў «замаху на тэрарызм» ужо выстаўленыя дзясяткам палітычных актывістаў. Сярод іх — Святлана Ціханоўская, лідарка беларускай апазіцыі і галоўная суперніца Аляксандра Лукашэнкі на шырока аспрэчваных прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, якая знаходзіцца ў выгнанні.

У цяперашні час смяротнае пакаранне звычайна ўжываецца ў Беларусі за забойства пры абцяжарвальных акалічнасцях, але таксама з'яўляецца магчымым пакараннем за здзяйсненне тэрарыстычных актаў, якія пацягнулі смерць людзей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства