viasna on patreon

Мінімум 150 чалавек асудзілі, а ў 45 з іх канфіскавалі тэлефоны: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў красавіку

2022 2022-05-12T17:07:12+0300 2022-05-12T19:31:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/okrestino.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ад пачатку вайны ва Украіне рэпрэсіі ў Беларусі павялічыліся. Штодзённа па ўсёй краіне сілавікі ладзяць ператрусы, затрымліваюць людзей і праводзяць допыты. Беларусы працягваюць супрацьстаяць расійскай агрэсіі і рознымі спосабамі выказваюць свой пратэст. Некаторых да гэтага часу судзяць за бел-чырвона-белую сімволіку. Але часцей за ўсё суддзі караюць іх за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Таксама праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты збівання, катаванняў і ўтрымання арыштантаў у жудасных умовах. Некаторых з іх утрымліваюць у ІЧУ па два месяцы запар па некалькіх пратаколах. У красавіку беларусаў судзілі за стужкі на помніках, налепкі «Не Вайне», адзіночны пікет каля расійскага консульства і за заўвагу вайскоўцам наконт перасоўвання расійскай тэхнікі па горадзе. Па дадзеных праваабаронцаў, за мінулы месяц было асуджана па «палітычных» артыкулах мінімум 150 чалавек. З іх 95 адправілі за краты агулам на 1 198 сутак, яшчэ 55 чалавек былі аштрафаваныя на агульную суму ў 53 248 рублёў (1 664 базавых велічыняў). Таксама вядома, што ў 45 чалавек, якіх аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на велізарныя штрафы, суд пастанавіў яшчэ і канфіскаваць тэлефоны. «Вясна назірае» традыцыйна склала спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў красавіку. 

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Пераслед за антываенныя акцыі пратэсту

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну беларусы штодзённа працягваюць выказваць сваю нязгоду з расійскай агрэсіяй. Яны дасылаюць фотаздымкі расійскай тэхнікі ў тэлеграм-каналы, ладзяць дыверсіі на чыгунцы, выходзяць з адзіночнымі пікетамі супраць вайны.

Але падставай для затрымання можа стаць нават заўвага вайскоўцам пра тое, што вайсковая тэхніка псуе дарогі ў горадзе. Менавіта за гэта склалі пратакол на гамельчука па арт. 24.23 КаАП, пазначыўшы, што нібыта ён увечары 10 красавіка непадалёк чыгуначнай станцыі «Навабеліцкая» выкрыкваў лозунг «Слава Украіне». Але мужчына сваю віну не прызнаў і адзначыў, што «ўбачыў у раёне чыгуначнай станцыі вайсковую тэхніку і пачаў дыялог з вайскоўцамі, маючы намер выказаць абурэнне з нагоды перасоўвання тэхнікі, што псуе пакрыццё дарог». Суд пакараў яго 10-сутачным арыштам.

У пачатку красавіка ў Бабруйску затрымалі дзвюх жанчын, якія развешвалі бел-чырвона-белыя і блакітна-жоўтыя стужкі на дрэвы ў скверы плошчы Перамогі. У пратаколах па арт. 24.23 КаАП міліцыянты пазначылі, што «БЧБ-стужка сімвалізуе акцыі пратэстаў 2020 года, а блакітна-жоўтай стужкай яны выказвалі свае грамадска-палітычныя думкі, звязаныя з падзеямі, што адбываюцца ва Украіне». Але адна з затрыманых не пагадзілася з такім тлумачэннем і заявіла, што «павесіла на помнік бел-чырвона-белую стужачку, бо яна сімвалізуе кроў і чысціню рэпрэсаваных людзей, а блакітна-жоўтай стужачкай яна выказала сваю салідарнасць з украінскім народам у сувязі з падзеямі ва Украіне». Яна не прызнала сваю віну і адзначыла, што скарысталася правам свабодна выказаць сваю думку, прадугледжаным Канстытуцыяй Беларусі. У выніку, суд прызначыў ёй 640 рублёў штрафу, а другой жанчыне — 960 рублёў.

У Мінску студэнта сталічнага ўніверсітэта асудзілі за «правакацыйныя лозунгі на балконе кватэры». Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, хлопец 19 красавіка каля 22:00, знаходзячыся на балконе, які выходзіць на вуліцу Карла Маркса, публічна выказваў свой пратэст вайне ва Украіне, падчас якога выкрыкваў лозунг «Слава Украіне». Сведка-міліцыянт сцвярджаў, што асабіста бачыў пікетаванне. Суд арыштаваў студэнта на 15 сутак.

Яшчэ двух мінчукоў затрымалі ўвечары 25 красавіка. Іх абвінавацілі ў тым, што каля 23:00 25 красавіка яны «выказвалі сваю нязгоду з дзейнай уладай па факце аказання садзейнічання пры правядзенні ваеннай аперацыі Расіі на тэрыторыі Украіны, падчас якой выкрыквалі "Жыве Беларусь"».

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 12 красавіка асудзілі берасцейца за «адзіночны пікет» у краме. Увагу міліцыянтаў прыцягнула налепка з надпісам «Не Вайне» на заплечніку. Гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне». Вынікам суда стаў штраф у памеры 1600 рублёў (50 базавых велічыняў).

Таксама ў Брэсце 10 красавіка да расійскага консульства выйшаў Павел Барсук з антываенным плакатам у руках. Час для пікету ён абраў такі, каб вакол абавязкова былі мінакі: каля 18.30. На судзе берасцеец заявіў, што прыняў удзел у пікетаванні, бо вырашыў публічна выказаць нязгоду з вайной ва Украіне. З плакатам мужчына паспеў прастаяць толькі 10 хвілінаў, бо потым яго затрымалі. 12 красавіка суддзя Ленінскага раёна Брэста Святаслаў Каліна асудзіў Паўла да 10 сутак арышту.

Пратэсты ў 25 гарадах і мястэчках: як пераследуюць беларусаў, якія выказваюцца супраць вайны

«Вясна» распавядае, якімі метадамі беларусы выказваюць свой пратэст супраць вайны і як за гэта іх пераследуюць улады.

Як у Баранавічах судзяць за «экстрэмізм»?

Масавая «зачыстка» ў Баранавічах пачалася яшчэ з сярэдзіны сакавіка. Да гэтага часу сярод мясцовых жыхароў шукаюць «рэйкавых партызанаў», якія ладзяць дыверсіі на чыгунцы, і тых, хто дасылае інфармацыю пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі ў тэлеграм-каналы. У затрыманых сілавікі правяраюць тэлефоны, а калі знаходзяць падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы ці рэпосты з іх, то складаюць пратаколы па арт. 19.11 КаАП. 

Толькі за красавік баранавіцкія суддзі разглядзелі мінімум 21 справу па «палітычных» артыкулах супраць мясцовых жыхароў. За кратамі з іх апынуліся 10 чалавек і адбылі арышты тэрмінам ад 5 да 15 сутак. Яшчэ 11 чалавек былі аштрафаваныя. Амаль ва ўсіх з асуджаных суд канфіскаваў тэлефоны.

Акрамя гэтага, 27 красавіка быў затрыманы журналіст «Intex-press» Юрый Ганцарэвіч па адміністрацыйнай справе. 29 красавіка яго асудзілі на 10 сутак арышту. Прыкладна праз тыдзень пасля затрымання журналіста, у праўладных тэлеграм-каналах з'явіўся фрагмент відэа з ягонага допыту і інфармацыя пра прычыну затрымання Ганцарэвіча: ён, нібыта, фатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку і адпраўляў здымкі ў СМІ, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі.

Аднаго з жыхароў аштрафавалі на 640 рублёў за тое, што на сваёй старонцы ў «Вконтакте» захоўваў малюнак з вершам, на якім быў лагатып «Радыё Свабода». 

«Дапытвалі супрацоўнікі контрвыведкі». Жыхар Баранавічаў распавёў, як яго затрымлівалі за інфармацыю для «Беларускага Гаюна»

Хлопец з Баранавічаў распавёў «Вясне» пра допыт супрацоўнікамі контрвыведкі, пра стаўленне сілавікоў да вайны і ўмовы ўтрымання ў баранавіцкім ІЧУ.

Наваполацк: працягваецца ціск на сябраў незалежных прафсаюзаў і ўдзельнікаў «экстрэмісцкага чата»

Старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву ўжо асудзілі пяць разоў запар. Агулам ёй прызначылі 75 сутак арышту. Усе пратаколы супраць Вольгі былі складзеныя па арт. 24.23 КаАП «несанкцыянаванае пікетаванне». Спачатку Вольгу арыштавалі на 15 сутак за фатаграфаванне бюлетэня. Праз некалькі дзён над Вольгай адбыўся ўжо другі суд. Ёй прызначылі яшчэ 15 сутак за тое, што яна да сваёй курткі прычапіла запісы: «Не вайне», «Нет войне», «no war». На трэці раз Вольгу судзілі за паперы з тымі ж надпісамі толькі ўжо на вокнах кватэры. Потым яе зноў арыштавалі на 15 сутак за пост «Нет войне» у Instagram. Пакуль дакладна невядома, што стала падставай для пятага пратакола, па якім суд прызначыў ёй чарговыя 15 сутак.

Акрамя гэтага, у красавіку судзілі і юрыстку ААТ «Нафтан» Вераніку Бахмутаву. Яе затрымалі 4 красавіка наўпрост на працоўным месцы — надзелі кайданкі і павезлі на допыт. Прычынай затрымання, меркавана, стала фота профіля ў Facebook, на якім прысутнічае лагатып TUT.ВY. Праз трое сутак жанчыну выпусцілі на волю з позвай у суд. Праз некалькі дзён суддзя глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч прызнаў Вераніку вінаватай у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прызначыў ёй 7 сутак арышту.

Таксама вядома мінімум пра трох арыштаваных за тое, што былі ўдзельнікамі тэлеграм-чату «Полоцк Новополоцк Страна для жизни Чат свободу Сергею Тихановскому». Міліцыянты гэта расцанілі як «захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суд арыштаваў на 15 сутак кожнага. Вядома, што ператрусы і затрыманні ў іх ладзілі супрацоўнікі сёмага ўпраўлення ГУБАЗіКу.

Жыхарку Наваполацку Таццяну Трафімаву двойчы запар арыштоўвалі па арт. 19.11 КаАП. Яе прызналі вінаватай у двух рэпостах з «экстрэмісцкіх» каналаў у 2020 годзе. Адзін з рэпостаў быў зроблены з «Белсату» з навінай пра самы маштабны нядзельны Марш у Мінску 16 жніўня.

Суддзі адпраўляюць за краты за вымпел з «Пагоняй», БЧБ-бранзалет на руцэ і малюнак з украінскім сцягам у фэйсбуку

Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль 11 красавіка разглядзела справу супраць Іллі Міснікевіча. Згодна з матэрыяламі справы, у міліцыю патэлефанавала «неабыякавая грамадзянка» і паскардзілася, што на праспекце газеты «Звязда» група людзей выказвае абразы ў адрас Лукашэнкі і выкрыквае лозунг «Жыве Беларусь». Суддзя прызнала Іллю вінаватым і арыштавала яго на 14 сутак.

У Смаргоні мясцовага жыхара 1 красавіка пакаралі велізарным штрафам за фотаздымкі з бел-чырвона-белым сцягам у Instagram. Ён растлумачыў суддзі, што фотаздымкі выклаў яшчэ ў 2020 годзе, але яго старонка была закрытай да 29 сакавіка 2022 года, а як толькі яна стала даступная ўсім карыстальнікам сацыяльнай сеткі — на яго адразу склалі пратакол за «пікетаванне». Вынік — штраф у памеры 1 280 рублёў (40 базавых велічыняў).Андрэя Кірдзіка з Верхнедзвінска 1 красавіка арыштавалі на 10 сутак за пікетаванне БЧБ-сімволікай на беларускай мяжы. У РАУСе на кіроўцу склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за вымпел з БЧБ-сцягам і Пагоняй: размешчаным ўнутры кабіны за сядзеннем кіроўцы. Як вынікае з рапарту памежніцы на латвійска-беларускай мяжы, «яна, у адпаведнасці са сваімі службовымі інструкцыямі, стала аглядаць кабіну аўтамабіля і пры аглядзе на бакавой сцяне з боку сядзення кіроўцы заўважыла вымпел у выглядзе бела-чырвона-белага колеру і гербам Пагоня памерам 8 на 15 сантыметраў, ён не быў схаваны і быў даступны для агляду». За гэта «правапарушэнне» суд Верхнедзвінскага раёна пакараў кіроўцу 10-сутачным арыштам. 

Суд Пастаўскага раёна 4 красавіка разглядзеў справу супраць Аляксандра Барана. Яго абвінавацілі адразу па двух адміністрацыйных артыкулах: 24.23 КаАП (за публікацыю на фэйсбуку з БЧБ -сцягам і ўкраінскім сцягам), а таксама 19.11 КаАП (за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў). Суддзя Наталля Максімовіч прызнала Аляксандра вінаватым і пастанавіла арыштаваць яго тэрмінам на 10 сутак.

Дачку вядомага беларускага пісьменніка і журналіста Міхася Скоблы арыштавалі на 15 сутак за бел-чырвона-белы бранзалет на руцэ. 26-гадовую Сафію Скоблу затрымалі ў Мінску 26 красавіка і склалі на яе пратакол за "несанкцыянаванае пікетаванне".

У Брэсце 15 красавіка суд прызначыў маці непаўнагадовага дзіцяці штраф у памеры 800 рублёў (25 базавых велічыняў) за бел-чырвона-белы сцяг у акне кватэры.

«Суткі», штрафы і канфіскацыя тэлефонаў за «экстрэмісцкія» матэрыялы

Па інфармацыі праваабаронцаў, у мінулым месяцы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» было асуджана мінімум 83 чалавекі. Пры гэтым, у 45 з іх канфіскавалі тэлефоны.

Так, 27 красавіка ў судзе Горацкага раёна адбыўся суд над святарам і дэканам Магілёўскага дэканата Андрэем Кеўлічам. Суддзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў адправіць справу па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) «на дапрацоўку». Ксяндза затрымалі 18 красавіка адразу пасля імшы ў касцёле ў Горках. Падставай для затрымання стаў рэпост з экстрэмісцкага канала. На Кеўліча склалі пратакол і потым выпусцілі з мясцовага РАУСа.

Ксяндза Лашука са Стоўбцаў 28 красавіка аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на 960 рублёў (30 базавых велічыняў) за рэпосты з каналаў «Белсата» і «Радыё Свабоды».

Чэрыкаўскі раённы суд 5 красавіка разглядзеў справу сябра БСДП і пастара пратэстанцкай царквы Рамана Раждзественскага. Яго судзілі па арт. 19.11 КаАП за рэпост з «экстрэмісцкага» канала і «лайк» у фэйсбуку пад пастом ад 2020 года. Суд прызнаў Рамана вінаватым і аштрафаваў на 640 рублёў (20 базавых велічыняў).

Музыку Уладзіслава Плюшчава ў сярэдзіне красавіка арыштавалі на 25 сутак за падпіску і рэпосты з экстрэмісцкіх каналаў. Уладзіслаў —гітарыст Pomidor/off, граў у «Крамбамбулі» і Zet. Яго затрымалі 12 красавіка, а на праўладных тэлеграм-каналах з’явілася пакаяльнае відэа, на якім ён кажа, што хадзіў на маршы ў 2020 годзе, падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і рабіў з іх рэпосты, а таксама рэгістраваўся ў плане «Перамога».

Былую дацэнтку кафедры італьянскай мовы ў МДЛУ Наталлю Дуліну 26 красавіка асудзілі за «захоўванне інфармацыйнай прадукцыі канала на YouTube з назвай "Радыё Свабода"». Пратакол міліцыянт складаў па скрыншотах, на адным з якіх была старонка канала з надпісам: «Вы падпісаны на канал "Радыё Свабода"». Яна спрабавала растлумачыць участковаму, што быць падпісанай на «экстрэмісцкія» каналы — не правапарушэнне. На што ён адказаў: «Вы памыляецеся, я пазней вам гэта дакажу». Суд прызначыў ёй 15 сутак арышту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства