viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 26 і 27 красавіка Дапоўнена

2022 2022-04-27T19:11:00+0300 2022-04-28T11:34:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ford_amap_0206.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 26і 27 красавіка.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Па інфармацыі "Списки задержанных", 25-27 затрыманыя яшчэ мінімум 14 чалавек:

  1. Бувін Дзмітрый
  2. Васільева Антаніна
  3. Волкаў Аляксандр
  4. Гікаў Аляксандр
  5. Дубовік Святлана
  6. Жыжа Сяргей
  7. Ібрагімаў Іван
  8. Куляшоў Іван
  9. Нявейка Андрэй
  10. Папова Марына
  11. Радкевіч Яўген
  12. Рэут Іван
  13. Скобла Сафія
  14. Шагіева Марыя

66-гадовы намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу металістаў Аляксандр Еўдакімчык дагэтуль за кратамі

Яго затрымалі 19 красавіка, цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пасля 72 гадзін ён не быў вызвалены, пакуль яму не выстаўлена абвінавачванне.

Вядома, што Еўдакімчык падазраецца па арт. 342 КК. Да яго не пусцілі свайго адваката — далі дзяржаўнага.

Таксама ёсць інфармацыя, што для яго не прымаюць перадачы.


75 сутак за кратамі. Над Вольгай Брыцікавай адбыўся ўжо пяты суд

Сёння ў судзе Наваполацка пяты раз запар асудзілі старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву, якую затрымалі яшчэ 27 лютага. Справу разглядала сумнавядомая суддзя Зінаіда Балаболава. Пяты пратакол на Вольгу зноў склалі па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Папярэднія чатыры пратаколы супраць актывісткі былі за антываенныя акцыі пратэсту.

Брыцікаву прызналі вінаватай і зноў пакаралі 15-сутачным арыштам. Яе ўтрымліваюць у часовым ізалятары г. Ушачы.


Дзейнасць пярвічнай арганізацыі Незалежнага прафсаюзу «Горадня Азот» прыпыніла пракуратура

У Гарадзенскі абласны суд таксама накіраваная заява аб прызнанні «экстрэмісцкай арганізацыяй», забароне дзейнасці і ліквідацыі Незалежнага прафсаюзу «Горадня Азот».


Затрыманы раварыст Максім Рускевіч

Максім Рускевіч
Максім Рускевіч

Як паведамілі праваабаронцам, сёння ў Мінску быў затрыманы раварыст Максім Рускевіч. Сілавікі прыйшлі да яго на працу і сказалі, што ён праходзіць "па нейкай чыгуначнай справе".

Падрабязнасці і статус Максіма пакуль невядомыя. Пазней стала вядома, што яго адпусцілі.


Экстрэмісцкім гэтым разам прызналі закрыты чат незалежнага прафсаюза на "Гродна Азот"

Чат быў закрытым-толькі для сябраў незалежнага прафсаюза на "Гродна Азот". Стваральнікі ўжо выдалілі чат. Як піша тэлеграм-канал "Право имеют", пра яго даведаліся падчас масавых апытанняў 150 членаў гэтага прафсаюза. 


Затрымалі выкладчыка БДТУ 

«Салідарны БДТУ» піша, што нядаўна ў БДТУ быў затрыманы выкладчык з кафедры эканамічнай тэорыі і маркетынгу — Жук Зміцер Аляксандравіч.

На дадзены момант вядома, што АМАП яго затрымаў ва ўніверсітэце падчас пары нібыта за "фінансаванне тэрарызму".

Паводле абноўленых звестак каналу «Салідарны БДТУ», Зміцер Жук быў затрыманы ўсё ж не на занятках, а на шляху да працы. Гэта адбылося 21 красавіка.

Аднак быў і яшчэ адзін затрыманы ў БДТУ, і яго забралі якраз з пары. Пакуль не паведамляецца, быў гэта выкладчык або студэнт.


Затрымалі барысаўскага таксіста, які адмовіўся везці расійскага вайскоўца

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне ў Барысаве таксіста, які раней адмовіўся везці расійскага вайскоўца з каментаром: «пакуль не выведуць войскі, мы вас не возім».

Кіроўцу інкрымінуюць арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) — нібыта за тое, што ён адпраўляў тэлеграм-каналам відэа перасоўванняў вайсковай тэхнікі.


На Уладзіслава Плюшчава, гітарыста Pomidor/off, завялі крымінальную справу па арт. 188 КК (паклёп) 

Уладзіслаў Плюшчаў
Уладзіслаў Плюшчаў

Уладзіслава затрымалі 12 красавіка і асудзілі на 25 сутак адміністратыўнага арышту. Цяпер з'явілася інфармацыя і пра крымінальны артыкул, паведамляе @by_culture


У Мінску затрыманыя навучэнкі каледжа за відэа ў Tik-Tok

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі трох навучэнак Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа. Адна з іх затрыманая за размяшчэнне відэаролікаў у Tik-Tok з акцый пратэсту. Паведамляецца, што затрыманыя таксама яе сяброўкі, якія патрапілі на відэа.

Телеграм-канал «ГУБОП» апублікаваў «пакаяльнае відэа» з імі.

«У мяне ёсць акаўнт у Tik-Tok, куды я запампавала два відэаролікі апазіцыйнага характару. На дадзены момант за дадзеныя ролікі я затрыманая супрацоўнікамі міліцыі», —кажа аўтарка на відэа, у якой 1759 падпісчыкаў у Tik-Tok.

На дадзены момант у акаўнце дзяўчыны не знойдзена «відэаролікаў апазіцыйнага характару». Верагодна, яна выдаленыя.

«ГУБОП» піша, што «яны ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе». Паведамляецца, што яны вызваленыя.


За значок з Пагоняй суд у Пінску аштрафаваў праваабаронцу Алеся Рамановіча на 3 840 рублёў

Алесь Рамановіч. Фота: svaboda.org

Справа разглядалася па ч. 3 арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).

«Я прынёс на суд скрыншоты, ксеракопіі, якія пацвярджалі, што герб Пагоня — гісторыка-культурная каштоўнасць. А ў адказ суддзя запыталася: «А вы ведалі, што Пагоня выкарыстоўваецца як сімвал пратэсту?» — распавёў @pozirkonline Рамановіч.

Паводле слоў праваабаронцы, ён плануе абскардзіць штраф.

Рамановіч заяўляў пра катаванні ў пінскім ІЧУ адсутнасцю сна, холадам і адсутнасцю належных санітарных умоваў.


Жыхароў Ліды, якіх раней затрымлівалі за «палітыку», выклікаюць на размову ў КДБ. Асаблівая цікавасць да тых, хто выязджаў за мяжу

У тых, хто быў за мяжой у 2020-2021 годзе, супрацоўнікі КДБ пыталі пра мэту выезду і ці не падыходзілі там да іх падазроныя асобы і не праводзілі дзіўныя гутаркі. Таксама пыталіся:

  • Адносіны да санкцый, як знаёмыя ставяцца да іх;
  • Ці наведвалі экстрэмісцкія мерапрыемствы (шэсці) у 2020 годзе;
  • На якія каналы падпісаны. Ці ведаюць каго, хто вядзе такія каналы;
  • Ці ёсць знаёмыя, якія прытрымліваюцца экстрэмісцкіх поглядаў.

Наталлі Дулінай далі чарговыя суткі

Наталля Дуліна.

Як стала вядома "Нашай Ніве", экс-дацэнтку МДЛУ арыштавалі на 15 сутак. Сёння прайшоў суд па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці). Яе затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ўвечары 25 сакавіка.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства