viasna on patreon

"Мы супраць!": агляд петыцый беларусаў супраць вайны ва Украіне

2022 2022-03-31T16:00:04+0300 2022-03-31T17:40:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/no_war.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ва Украіне 36-ы дзень вайны. Расійская Федэрацыя працягвае выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі як плацдрам для нападу на Украіну. Паводле даследавання Chatham House, толькі 3% жыхароў Беларусі падтрымліваюць уступленне беларускіх войскаў у ваенны канфлікт на баку Расіі. Многія беларусы выступаюць супраць вайны ва Украіне і выказваюць свой пратэст рознымі спосабамі, адзін з якіх — петыцыі. "Вясна" распавядае, якія петыцыі стварылі беларусы супраць вайны ва Украіне і ўцягнення Беларусі ў яе.

Ілюстрацыя @natagarl
Ілюстрацыя @natagarl

"Беларусы супраць вайны Пуціна і Лукашэнкі з Украінай!"

У першыя дні вайны на сайце change.org з'явілася эмацыйная невялікая петыцыя "Беларусы супраць вайны Пуціна і Лукашэнкі з Украінай!", адзіным адрасатам якой з'яўляецца Міжнародны суд ААН у Гаазе. У петыцыі заяўляецца, што грамадзяне Беларусі "супраць вайны з Украінай і падтрымліваюць братэрскі народ Украіны". Беларусы заклікаюць войска Расеі і Беларусі адмовіцца выконваць злачынныя загады дыктатараў: дэзертыраваць або здавацца ў палон войска Украіны.

"Грамадзяне Беларусі хочуць убачыць Лукашэнкі і Пуціна на лаве падсудных", — заяўляецца апошнім пунктам петыцыі.

Пад патрабаваннямі петыцыямі падпісалася больш за дзве тысячы чалавек.

Падпісаць петыцыю.

На сайце change.org размешчаныя некалькі падобных петыцый з заклікам спыніць вайну.

"Мы абураныя тым, што войскі РФ застаюцца на нашай тэрыторыі пасля сумесных вучэнняў, хоць яны павінны былі быць выведзеныя ў тэрмін. Мы абураныя тым, што з нашай тэрыторыі ідзе смяротная вайсковая тэхніка на зямлю Украіны.

Мы не згодныя з гэтым! Мы не згодныя, што з нашай зямлі ляцяць ракеты, знішчаючы ўкраінскія гарады.

Ёсць небяспека, што ўлады Беларусі адправяць нашы войскі ваяваць супраць брацкай нам Украіны, хоць Лукашэнка заяўляў, што гэтага не будзе ніколі.

Мы не забойцы!" — гаворыцца ў яшчэ да адной петыцыі да адміністрацыі Лукашэнкі.

Падпісаць петыцыю.

"Патрабуем вываду войскаў Расійскай Федэрацыі з Рэспублікі Беларусь"

Пад петыцыяй з патрабаваннямі вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі падпісаліся больш за чатыры тысячы з паловай чалавек. Петыцыя адрасаваная ўраду Беларусі.

"Улады Рэспублікі Беларусь абяцалі не толькі беларускаму народу, але і сусветнай супольнасці, што пасля вучэнняў выведуць войскі Расіі з тэрыторыі Беларусі. Улады Расіі, гэтак жа давалі публічныя абяцаючы, што ні адзін салдат не застанецца на тэрыторыі нашай краіны. Патрабуем неадкладна адводу войскаў Расіі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Патрабуем выкананне заканадаўства ад уладаў Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў петыцыі.

Падпісаць петыцыю.

На change.org створаная яшчэ адна падобная петыцыя, якая адрасуецца міністру абароны Беларусі Хрэніну, старшыні Савета Рэспублікі Качанавай, прэм'ер міністру Беларусі Галоўчанку. У ёй прапісаныя пяць патрабаванняў: тэрміновым вывадзе расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі; вывадзе (прыпынення членства) Беларусі з АДКБ, бо ўдзел Беларусі нясе пагрозу для грамадзян Беларусі і Украіны; спынення мабілізацыі і прызыў у войска; вывазе замежных параненых і забітых з беларускіх бальніц, шпіталяў і моргаў; недапушчальнасць уцягвання Беларусі ў ваенны канфлікт.

Падпісаць петыцыю.

За адмену святкавання Дня народнага адзінства

Петыцыя за адмену Дня народнага адзінства, які святкуецца 17 верасня, адрасуецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Аўтары петыцыі просяць пазбавіць 17 верасня статусу дзяржаўнага свята.

"Частка сучасных гісторыкаў лічыць 17 верасня датай фактычнага ўступлення Савецкага Саюза ў Другую сусветную вайну, чыё меркаванне мы, заяўнікі гэтага звароту, цалкам падзяляем.

На наш погляд, у гісторыі Беларусі вельмі шмат іншых гістарычных дат калі можна святкаваць Дзень народнага адзінства (напрыклад, 15 ліпеня 1410 года Грунвальдская бітва, або 27 лістапада 1920 года Слуцкае паўстанне)".

Падпісаць петыцыю.

#МаціСупрацьВайны

На сайце change.org маці Украіны, Беларусі і Расіі стварылі петыцыю #МаціСупрацьВайны, якая адрасуецца Уладзіміру Пуціну з патрабаваннем спыніць вайну:

"Мы, маці Украіны, заклікаем Уладзіміра Пуціна спыніць гэтую вайну супраць нашага народа!

Мы, Маці Расіі і Беларусі, заклікаем Уладзіміра Пуціна спыніць гэтую вайну супраць народа Украіны і не адпраўляць нашых дзяцей паміраць! Мы заклікаем камандаванне Беларусі не ўдзельнічаць у гэтай вайне і не выконваць злачынныя загады!

Мы стаім разам і заклікаем да міру. Становіцеся побач з намі!"

Падпісаць петыцыю.

Петыцыя супраць абвінавачванняў грамадзян Беларусі ў саўдзеле ў расійскай агрэсіі ва Украіне

Гэтая петыцыя адрасуецца лідарам краін ЕС, прэзідэнту Украіну Уладзіміру Зяленскаму, адміністрацыі прэзідэнта ЗША і Грузіі. Аўтар петыцыі эмацыйна заклікае спыніць дыскрымінацыю беларусаў па грамадзянству, прызнаць беларусаў, якія змагаліся гэтыя гады супраць рэжыму Лукашэнкі, яго ахвярамі і не дапускаць увядзення юрыдычных абмежаванняў, якія могуць стаць пагрозай для бяспекі беларусаў:

"Я заклікаю нагадаць усім, хто цяпер "стрыжэ нас усіх пад адзін грабянец", што мы ўжо даўно не маўчым, хай цывілізаваны свет доўгі час не быў гатовы па-сапраўднаму пачуць наш голас. У гэтай вайне мы зможам выстаяць Толькі разам-трэба спыніць раскол і больш не спрабаваць памяняць месцамі ахвяру і гвалтаўніка.

Я заклікаю грамадства цывілізаванага свету прызнаваць свае памылкі і памятаць. Таму што тыдзень таму Украіна засталася адна, а цяпер вы спахапіліся, хоць прэзідэнт Зяленскі яшчэ ў Мюнхене сказаў: Калі вы ўпэўненыя ў непазбежнасці вайны — пачніце дзейнічаць прама цяпер.

Я заклікаю міжнародную супольнасць пры прыняцці санкцыйных рашэнняў зыходзіць з таго, што простыя грамадзяне Беларусі па-ранейшаму з'яўляюцца ахвярамі дзеянняў нелегітымнага палітычнага рэжыму і тым самым не дапускаць увядзення юрыдычных абмежаванняў, якія могуць стаць пагрозай для бяспекі беларусаў".

Падпісаць петыцыю.

Адвакаты і юрысты супраць вайны ва Украіне

Беларускія адвакаты і юрысты стварылі адкрыты зварот з заклікам неадкладна спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне.

"Мы не згодныя з тым, што тэрыторыя Беларусі стала плацдармам для размяшчэння расейскіх войскаў, якія вядуць баявыя дзеянні ва Украіне, і нашая краіна ўцягнутая ў гэты канфлікт. З нашай краіны не павінны ўзлятаць ракеты, самалёты і верталёты для нападу на ўкраінскую тэрыторыю.

Артыкул 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устанаўлівае, што наша краіна прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Прынцыпамі міжнароднага права, замацаванымі ў Статуце ААН, Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права 1970 года і Хельсінкскім заключным акце Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 года з'яўляюцца прынцып непрымянення сілы і пагрозы сілай, прынцып вырашэння міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі, прынцып непарушнасці дзяржаўных межаў, прынцып тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў, прынцып павагі правоў чалавека і асноўных свабод. Дадзеныя прынцыпы міжнароднага права павінны няўхільна выконвацца.

Звяртаем увагу на тое, што згодна з часткай 2 артыкула 18 дзеючай Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай.

Адзначым таксама, што згодна з артыкулам 122 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь планаванне або падрыхтоўка агрэсіўнай вайны, а таксама яе развязванне або вядзенне, прапаганда вайны (артыкул 123 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) з'яўляюцца крымінальнымі злачынствамі.

Мы салідарныя з нашымі калегамі ва ўсім свеце, якія заклікаюць да вырашэння любых канфліктаў не ваеннымі, але выключна прававымі метадамі.
Мы выказваем падтрымку нашым украінскім калегам, якія зараз вымушаныя абараняць не інтарэсы кліентаў у судзе, а свой народ і свае сем'і ад вайны, са зброяй у руках ці без.

Мы выказваем падтрымку ўкраінскаму народу, які абараняе родную зямлю.

Вайна павінна спыніцца!" — кажуць у звароце.

Адзначым, што некаторыя з тых, хто падпісвае гэты зварот, зазнаюць ціск на працы.

Падпісаць зварот.

За чые грошы лечаць расійскіх салдатаў?

Заяўнікі гэтай петыцыі на Petitions.by просяць патлумачыць Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Галоўнае упраўленне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама і Брэсцкага аблвыканкама, ці аказваецца медыцынская дапамога (з/без прыцягнення беларускіх спецыялістаў) ва ўстановах аховы здароўя Беларусі параненым ваеннаслужачым ВС РФ, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяння на тэрыторыі Украіны? А калі аказваецца, то на якіх фінансавых умовах?

Падпісаць петыцыю.

"Просім рускую і ўкраінскую Праваслаўную Царкву і Папу Францыска паспрыяць міру!"

"Мы народы Расіі, Украіны і Беларусі! Просім Вас заступіцца за мірных грамадзян, якія могуць стаць ахвярамі нікому не патрэбнай братазабойчай вайны. Звяртаемся да вас, як да кіраўнікоў нашых цэркваў, як да кіраўнікоў цэркваў нашых прэзідэнтаў. Просім паспрыяць мірнаму ўрэгуляванню канфлікту. Просім аб сумеснай сустрэчы Уладзіміра Пуціна, Уладзіміра Зяленскага, Джо Байдэна і Найсвяцейшых уладароў Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, Патрыярха Кіеўскага і ўсяе Русі-Украіны Філарэта, і яго Святасць папы Францішка.

Вы — нашыя духоўныя бацькі, просім вас спыніць вайну. Мы молімся і жахаемся ад адной думкі, што хрысціяне стануць забіваць адзін аднаго. Ад узаемных забойстваў нікому не стане лепш, ад страты бацькі, сына, брата, сястры, маці, дачкі ніхто і ніколі не стане больш шчаслівым. Просім аб асабістай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў цэркваў. Лёгка пагражаць адзін аднаму на адлегласці, але паглядзеўшы адзін аднаму ў вочы, прасцей убачыць у іх чалавека", — заклікаюць аўтары петыцыі.

Пакуль пад ёй падпісаўся 131 чалавек.

Падпісаць петыцыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства