viasna on patreon

“ОМОН — зверьё”, “таракан коварен”… За што судзілі па дыфамацыйных артыкулах за апошнія паўмесяца Дапоўнена

2022 2022-03-19T20:54:21+0300 2022-03-26T19:16:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minski_ablasny_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ). «Вясна» распавядае, каго і за што ў Беларусі судзілі па гэтых артыкулах за апошнія паўмесяца.

«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

minski_ablasny_sud.jpg
Мінскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота

Асудзілі, калі адбываў “хатнюю хімію”

Яшчэ ў ліпені мінулага года Андрэя Вераб'я ўжо судзілі паводле артыкула. 369 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь за абразу супрацоўніка міліцыі Шухаева. Тады яго пакаралі 1,5 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Цяпер жа Андрэя Вераб’я ізноў асудзілі — паводле таго ж артыкула. Гэтым разам за тое, што 31 кастрычніка 2020 года у телеграм-канале «Каратели Беларуси» ён «наўмысна падрыхтаваў і размясціў каментар, які змяшчае негатыўную ацэнку, выражаны ў непрыстойнай форме маўленчага выразы» пад фотаздымкам старшай інспектаркі прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Нясвіжскага РАУС Таццяна Кульбіцкай. І таму 9 сакавіка суд Нясвіжскага раёна прысудзіў Андрэю Вераб'ю два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ,пастанавіўшы таксама выплаціць пацярпелай маральную кампенсацыю ў памеры 2000 рублёў. Падрабязней:

Хлопца, які яшчэ не адбыў "хатнюю хімію" за абразу міліцыянта, зноў асудзілі за абразу міліцыянта

9 сакавіка суд Нясвіжскага раёна вынес рашэнне па справе Андрэя Вераб’я, якога абвінавачваюць ва ўчыненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».


1,5 года "хатняй хіміі" — за адзін каментар

9 сакавіка 2022 года ў судзе Лагойскага раёна вынесены прысуд 40-гадоваму Івану Раманоўскаму. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і асудзілі на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімяі").

Акрамя таго, з абвінавачанага на карысць пацярпелага суд спагнаў матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды ў суме 1,5 тысячы беларускіх рублёў.

Прысуд вынес суддзя Аляксандр Рыбакоў.

Паводле абвінавачвання, 10 ліпеня 2020 года Раманоўскі з дапамогай неўстаноўленай падчас следства прылады стварыў і размясціў на адной з персанальных старонак у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" пад фатаграфіяй начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў каментар. Следства выявіла, што ён утрымліваў публічную абразу, у непрыстойнай форме прыніжаючую гонар і годнасць прадстаўніка ўлады. Таксама каментар "быў размешчаны па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй 2020 года ў сувязі з выкананнем начальнікам міліцыі ўскладзеных на яго службовых абавязкаў".

Абвінавачаны прызнаў віну ў поўным аб'ёме.


Год калоніі — за паклёп на Лукашэнку

10 сакавіка суддзя Добруша і Добрушскага раёна Святлана Лук’янава асудзіла Уладзіміра Балюнова да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч.1 арт.367 Крымінальнага кодэкса (“Паклёп у адносінах да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Мужчыну прызналі вінаватым у паклёпе на Лукашэнку. Згодна з абвінавачаннем, Балюноў размясціў паведамленне з паклёпам у інтэрнэце. Мабільны тэлефон мужчыны канфіскаваны у маёмасць дзяржавы.

Вядома, што Уладзіміра затрымлівалі 12 лютага. Невядома, ці знаходзіўся ён пад вартай увесь гэты час.


Суддзя, прадстаўнік улады, прэзідэнт — усе абражаны

11 сакавіка нарэшце асудзілі 18-гадовага палітвязня Ягора Леўчыка (суд над ім пачаўся яшчэ 29 снежня 2021 года). Ягору далі год і тры месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, прызнаўшы вінаватым адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады”), арт. 391 (“Абраза суддзі або народнага засядальніка”), ч.1 арт. 368 (“Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), а таксама ч.1 арт. 342.

На судзе Ягор Леўчык заўважыў, што пакінуў каментар у бок Лукашэнкі "у парыве гневу". Ён таксама прызнаў, што пакінуў у адрас прадстаўніка ўлады каментар "жалко родственников за дебила", а ў бок суддзі — "по морде этой скотины видна страсть к алкоголю".

Падрабязней:

18-гадоваму палітвязню прысудзілі больш за год калоніі за каментары ў чатах

На момант напісання каментароў ён быў непаўнагадовым.


“ОМОН – зверьё”

12 сакавіка Брэсцкі абласны суд прызнаў Яўгена Трушко вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па двух крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 368 (“Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”) і ч. 1 арт. 130 ("Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы").Яўгена абвінавацілі ў тым, што 12-13 жніўня 2020-га года ў тэлеграм-канале «Брест 97%» ён напісаў каментары:

"Пусть Пинск вам будет примером. Е…ашьте толпой, ОМОН - не люди, ОМОН - зверьё, которое может е…ашить 1 человека впятером: детей, женщин. Берите арматуру, биты и толпой е…ашьте стадо, безмозглое, су…а, стадо".

"Уе…ан, слег бы, как и твои собратья, в реанимацию" [у адрас Лукашэнкі].

За гэта (і не толькі) суд прысудзіў Яўгену Трушко два гады калоніі агульнага рэжыму.

Падрабязней:

Берасцейцу прысудзілі два гады калоніі за тое, што ў жніўні 2020-га ён жадаў «вельмі дрэннага здароўя» Лукашэнку і заклікаў разбірацца з міліцыянтамі

Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Валянціна Куніцкая.


Два гады "хатняй хіміі" за абразу прадстаўніка ўлады

15 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынесены прысуд Аляксею Сергіевічу. Яго прызналі вінаватым паводле арт.369 Крымінальнага кодэкса (“Абраза прадстаўніка ўлады”) і асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія)". Прысуд вынес суддзя Дзмітрый Карсюк.

Вядома, што Аляксея Сергіевіча затрымлівалі 29 лістапада 2021 года. Тады яго адвезлі ў Цэнтральны РАУС, потым — у ІЧУ на Акрэсціна. У яго быў канфіскаваны мабільны тэлефон, ноўтбук, а таксама знешні дыск. Пасля допыту 30 лістапада яго адпусцілі да суда пад падпіску аб нявыездзе і паручальніцтва двух асоб. Справа была пераданая ў суд 17 студзеня 2022 года.


“Коварен” “таракан”

16 сакавіка суд Смаргонскага раёна прызнаў Яўгена Шулюка вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 367 (“Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”) і прызначыў яму два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

У віну мужчыну ставілі, што на сваёй старонцы ў “Аднакласніках” ён размясціў знойдзены ў інтэрнэце малюнак з выявай Лукашэнкі з надпісамі, якія змяшчалі словы “коварен”, “жаден”, “таракан”, “обманщик” і інш.

Падрабязнасці:

Жыхару Смаргоні прысудзілі 2,5 гады “хіміі” за малюнак і надпісы пра Лукашэнку ў Аднакласніках

Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Сяргей Боландзь. Бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Андрэй Клышэвіч.


Паклёп невядомы, бо суд закрылі

16 сакавіка ў Мінскім абласным судзе асудзіілі блогера і актывіста (а цяпер і палітвязня) Паўла Вінаградава. Ён стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 130 КК (“Распальванне сацыяльнай варожасці”), ч. 2 арт. 367 КК (“Паклёп на прэзідэнта”), а таксама арт. 342 КК. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.


За “двух дэбілаў”— два гады “хіміі” і две тысячы рублёў

17 сакавіка Суд Ленінскага раёна Магілёва вынес прысуд ў дачыненні да Алесі Барысавай, былой працаўніцы тралейбуснага парка. Пра гэта паведамляе MAYDAY.TEAM.

Суддзя Аксана Ратнікава адправіла жанчыну на два гады абмежавання волі ў ПУАТ (“хімію") па арт. 369 КК (“Абраза прадстаўніка ўлады”). З 11 лютага да 17 сакавіка Барысава знаходзілася пад вартай у Магілёўскім СІЗА.

Падставай для крымінальнай справы супраць Алесі Барысавай стаў каментар у "Аднакласніках" у дачыненні да двух міліцыянтаў з Дуброўна: старэйшага інспектара аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Дубровенскага РАУС Аляксандра Шлупакова і оперупаўнаважанага групы па барацьбе з наркакантролем і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Дубровенскага РАУС Сяргея Шрамава.

17 чэрвеня 2021 года на адной старонак у “Аднакласніках” з'явілася фатаграфія Шрамава і Шлупакова з подпісам «гэтыя супрацоўнікі, рызыкуючы жыццём, канфіскавалі паветраныя шары». Барысава, як яна прызналася на судзе, дадала каментар: “Два дэбіла гэта сіла".

Супрацоўнікі міліцыі палічылі, што іх дыскрэдытавалі дадзеным каментаром і “прычынілі маральныя пакуты”, таму папрасілі пакараць Барысаву ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Суддзя Аксана Ратнікава вырашыла адправіць жанчыну на два гады абмежавання волі ў ПУАТ, а таксама прысудзіла маральную кампенсацыю на карысць сілавікоў: Барысава павінна будзе выплаціць Шлупакову і Шрамаву па тысячы беларускіх рублёў.

«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ўTelegram@ViasnaSOS@spring96infoі Emailviasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства