viasna on patreon

Хлопца, які яшчэ не адбыў "хатнюю хімію" за абразу міліцыянта, зноў асудзілі за абразу міліцыянта

2022 2022-03-11T17:40:00+0300 2022-03-11T18:00:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/himia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

9 сакавіка суд Нясвіжскага раёна вынес рашэнне па справе Андрэя Вераб’я, якога абвінавачваюць ва ўчыненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».

Падобна на тое, што ў сумнавядомага ДАІшніка Вольніча, які засудзіў ужо дзесяткі беларусаў за абразлівыя каментары пад фотаздымкам, на якім ён разам з іншымі міліцыянтамі жорстка затрымлівае мужчыну, з’явілася «калега».

Яшчэ нядаўна мы пісалі пра суд над жыхаром Заслаў’я, які пакінуў абразлівы каментар пад пастом з фотаздымкам старшай інспектаркі прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Нясвіжскага РАУС Таццяны Кульбіцкай «з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі».

Жыхар Заслаўя пакінуў «моцнае слоўца» пад пастом пра міліцыянтку, якая затрымала жанчыну за бчб-адзенне сабачкі, – 1,5 гады «хатняй хіміі»

3 сакавіка суд Нясвіжскага раёна вынес рашэнне па справе Аляксандра Бялевіча, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».

І вось 9 сакавіка той жа суд і той жа старшыня суда Нясвіжскага раёна Дзмітрый Гвозд разглядае амаль ідэнтычную справу.

Гэтым разам абвінавачаны – Андрэй Верабей: 26 год, нарадзіўся на Гродзеншчыне, але зараз жыве ў Мінску, завочна вучыцца на 6-м курсе БНТУ. У ліпені мінулага года Андрэя Вераб'я ўжо судзілі паводле арт. 369 КК РБ за абразу супрацоўніка міліцыі Шухаева. Тады суд Маскоўскага раёна Брэста пакараў абвінавачанага 1,5 гадамі «хатняй хіміі».

З моманту пачатку адбыцця пакарання прайшло амаль 9 месяцаў. Увесь гэты час хлопец працаваў шліфоўшчыкам на Мінскім трактарным заводзе. Але так атрымалася, што Андрэй Верабей зноў апынуўся на лаве падсудных, і зноў яго абвінавачваюць паводле таго ж самага артыкула. Гэтым разам за тое, што «маючы намер на публічную абразу» 31 кастрычніка 2020 года у телеграм-канале «Каратели Беларуси», «наўмысна падрыхтаваў і размясціў каментар, які змяшчае негатыўную ацэнку, выражаны ў непрыстойнай форме маўленчага выразы» пад фотаздымкам ужо вядомай нам старшай інспектаркі прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Нясвіжскага РАУС Таццяна Кульбіцкай.

Пра які менавіта каментар ідзе гаворка, падчас судовага пасяджэння не прагучала. Аднак вядома, што ў тым пасце пад фота міліцыянткі было напісана: «Жыхарку Нясвіжа выклікала для гутаркі і затрымала за тое, што жанчына апранула сабачку ў бчб-сімволіку і гуляла па горадзе».

Жанчына з сабачкам, пра якую ідзе гаворка - Ала Карунная з Нясвіжа, якая кожную нядзелю выходзіла на акцыі салідарнасці разам з сабачкам Платошам, апранутым у бел-чырвона-белую кофтачку. Пасля прагулкі 18 верасня на гутарку ў РАУС Алу запрасіла, меркавана, тая самая Кульбіцкая. Але адтуль не выйшла: супраць яе распачалі адміністрацыйны працэс і пакінулі ў ізалятары да суда. 20 кастрычніка на судовым пасяджэнні, пра якое не ведаў нават сын Алы, ёй вынеслі штраф у 30 базавых велічынь.

Андрэй Верабей падаў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы станоўчых характарыстык з месца працы, у якіх маецца просьба не пазбаўляць абвінавачанага рэальнай свабоды ў выпадку прызнання яго вінаватым.

Падчас судовага пасяджэння Верабей прызнаў сваю віну, раскаяўся і пагадзіўся з грамадзянскім пазовам аб кампенсацыі маральнай шкоды ў поўным аб'ёме. Дарэчы, на мінулым судзе ў якасці маральнай кампенсацыі Кульбіцкая запытала 1 500 рублёў, а ўжо на гэтым - 2000 рублёў.

9 сакавіка суд Нясвіжскага раёна прызнаў Андрэя Вераб'я вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады» і прысудзіў яму два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую установу адкрытага тыпу, пастанавіўшы таксама выплаціць пацярпелай маральную кампенсацыю ў памеры 2000 рублёў.

Па першым прысудзе па арт. 369 Андрэю Вераб'ю заставалася адбыць на "хатняй хіміі " крыху больш за 9 месяцаў. Але шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, пасля вынясення другога прысуда Андрэю засталося адбыць на “хатняй хіміі” ужо 1 год і 3 месяцы. Адбытую частку першага пакарання Андрэю залічылі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства