viasna on patreon

Жыхар Заслаўя пакінуў «моцнае слоўца» пад пастом пра міліцыянтку, якая затрымала жанчыну за бчб-адзенне сабачкі, – 1,5 гады «хатняй хіміі»

2022 2022-03-09T16:56:39+0300 2022-03-09T18:00:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kamentar_internet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца:logosinfo.org

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца:logosinfo.org

3 сакавіка суд Нясвіжскага раёна вынес рашэнне па справе Аляксандра Бялевіча, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».

Судовае пасяджэнне ўзначаліў старшыня суда Нясвіжскага раёна Дзмітрый Гвозд.

Пра абвінавачанага вядома, што ён нарадзіўся ў Мінску, але жыве ў Заслаўі. У Аляксандра вышэйшая адукацыя, разам з жонкай ён выхоўвае дваіх маленькіх дзяцей, якім усяго 7 і 9 гадкоў. Таксама вядома, што ў 2007-м годзе мужчыну ўжо прыцягвалі да крымінальнай адказнасці па арт. 435 КК РБ «Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу». Тады Аляксандра прызналі вінаватым і прысудзілі тры месяцы арышту, аднак праз амністыю пакаранне яму адбываць так і не прыйшлося.

Гэтым разам у віну Аляксандру Бялевічу ставяць тое, што 23 кастрычніка 2020 года ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» ён «наўмысна, з мэтай прыніжэння гонару і годнасці» пакінуў абразлівы каментар пад пастом з фатаграфіяй старшай інспектаркі прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Нясвіжскага РАУС Таццяны Кульбіцкай «з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі».

Пра які менавіта каментар ідзе гаворка, падчас судовага пасяджэння не прагучала. Аднак вядома, што ў тым пасце пад фота міліцыянткі было напісана: «Жыхарку Нясвіжа выклікала для гутаркі і затрымала за тое, што жанчына апранула сабачку ў бчб-сімволіку і гуляла па горадзе».

Дарэчы, гісторыя пра жанчыну і сабачкам - даволі вядомая. Гаворка ідзе пра Алу Карунную з Нясвіжа, якая кожную нядзелю ў знак пратэсту з падзеямі, якія адбваюцца ў краіне, выходзіла на акцыі салідарнасці са сваім сабачкам Платошам, апранутым у бел-чырвона-белую кофтачку.

Пасля прагулкі 18 верасня на гутарку ў РАУС Алу запрасіла, меркавана, тая самая Кульбіцкая. Але адтуль не выйшла: супраць яе распачалі адміністрацыйны працэс і пакінулі ў ізалятары да суда. 20 кастрычніка на судовым пасяджэнні, пра якое не ведаў нават сын Алы, ёй вынеслі штраф у 30 базавых велічынь.

Тая самая Ала Карунная з сабачкам.
Тая самая Ала Карунная з сабачкам.

З нагоды гэтай сітуацыі ў Аляксандра Бялевіча і вырвалася «моцнае слоўца» ў адрас Кульбіцкай.

Падчас судовага пасяджэння бок абвінавачвання доўга спрабаваў высветліць у Аляксандра, з якога менавіта тэлефона ён напісаў свой каментар, а таксама доўга намагаўся зразумець, ці ўсведамляў мужчына у момант здзяйснення злачынства, што «абражаў не простага чалавека, а менавіта супрацоўніцу міліцыі».

Аляксандр адказаў, што праз 1,5 гады ўжо вельмі дрэнна памятае, пра шла гаворка у пасце, пад якім ён пакінуў свой каментар. Гэтаксама як і тое, была на тым фота пацярпелая ў форме ці ў цывільным адзенні.

Суду абвінавачаны патлумачыў, што на момант напісання каментара ён не да канца ўсведамляў магчымыя наступствы свайго ўчынку, але цяпер цалкам прызнае сваю віну, раскайваецца і гатовы пакрыць маральную кампенсацыю пацярпелай у памеры 1 500 рублёў – менавіта гэтую суму запытала Кульбіцкая.

3 сакавіка суд Нясвіжскага раёна прызнаў Аляксандра Бялевіча вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і прысудзіў мужчыну 1,5 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Таксама суд пастанавіў выплаціць у адрас пацярпелай 1500 рублёў маральнай кампенсацыі. Канфіскаваны ў Бялевіча iPhone6S яму вярнулі, бо падчас судовага пасяджэння высветлілася, што той самы абразлівы каментар ён напісаў з іншага тэлефона, які да затрымання паспеў утылізаваць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства