viasna on patreon

Крымінальная справа супраць заснавальнікаў "Медыя-Палессе": хроніка пераследу 14 сакавіка Дапоўнена

2022 2022-03-14T09:10:00+0300 2022-03-14T22:12:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/media-polesye.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі 14 сакавіка працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі 14 сакавіка.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Лідару Партыі БНФ Рыгору Кастусёву падоўжаны тэрмін утрымання пад вартай

Час знаходжання за кратамі лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва падоўжаны да 12 красавіка. Тады споўніцца роўна год, з таго дня, калі ён быў зняволены.

Рыгор Кастусёў.

Кастусёў пакутуе ад анкалагічнага захворвання, але за кратамі не атрымлівае належнага лячэння.

Рыгор Кастусёў — адзін з фігурантаў "Справы юрыста і пушкініста". Інтэлігентныя людзі абмяркоўвалі ў зум-чаце будучыню Беларусі, гучалі ў тым ліку і радыкальныя прапановы. У пэўны момант частку з іх выманілі на сустрэчу з беларускімі сілавікамі ў Маскву і затрымалі адразу пасля яе. Кастусёва там не было — яго зняволілі дома ў Школве.

Усіх затрыманых абвінавачваюць у падрыхтоўцы замаху на Аляксандра Лукашэнку.


 На знак пратэсту супраць пазбаўлення перапіскі палітвязень Мікола Дзядок адмовіўся ад працы

Палітвязень,  актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок адмовіўся ад працы ў Горацкай калоніі, дзе адбывае пакаранне, паведамляюць ягоныя сябры. Паводле яго слоў, гэта здарылася 10 сакавіка на знак пратэсту супраць пазбаўлення яго перапіскі і пагроз у адносінах да тых асуджаных, якія з ім маюць зносіны. Цэнзурай было знішчана больш за 30 лістоў. У актах указвалася, што яны „ўтрымліваюць сімволіку”, „ушчамляюць інтарэсы дзяржаўных арганізацый і асобных грамадзян”.

"10 сакавіка я адмовіўся ад працы на знак пратэсту супраць пазбаўлення мяне перапіскі і пераследу тых асуджаных, якія са мной камунікуюць, - перадаў на волю Дзядок.

Міколу прысудзілі пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Паводле абвінавачання, з 4 жніўня па 1 лістапада 2020 года ён у сваім тэлеграм-канале распаўсюдзіў матэрыялы з заклікамі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Падтрымаць палітвязня лістамі салідарнасці: ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу


Крымінальны пераслед заснавальнікаў "Медыя-Палессе"

Пракуратура Лунінецкага раёна распачала крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара і заснавальніка ТАА "МП-Компані", які з'яўляецца ўладальнікам сеткавага выдання "Медыя-Палессе". Ім інкрымінавана злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.


“Таварыства польскай культуры на Лідчыне” ліквідаванае ўладамі

Грамадскае аб’яднанне “Towarzystwо Kultury Polskiej Ziemi Lidzkiej” (“Таварыства польскай культуры на Лідчыне”) канчаткова ліквідаванае ўладамі праз суд.

Арганізацыя знаходзілася ў працэсе афіцыйнай ліквідацыі з 1 сакавіка паводле рашэння Гарадзенскага абласнога суду, паведамляе "Гарадзенская праваабарона".

“Таварыства польскай культуры на Лідчыне” – адна з старэйшых недзяржаўных арганізацый Гарадзеншчыны, яна працавала 27 гадоў. Арганізацыя займалася культурна-асветніцкай дзейнасцю, усталяваннем памятных знакаў і шыльдаў.


Прысуд палітзняволенай Вользе Класкоўскай пакінулі ў сіле

Брэсцкі абласны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай Вольгі Класкоўскай на рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста. Прысуд пакінулі без зменаў.

Цяпер Вольга чакае этап у жаночую калонію №4.

Нагадаем, год таму Вольгу асудзілі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, а а ў студзені 2022 — за каментар у адрас брэсцкага міліцыянта. За «абразу прадстаўніка ўлады» Вользе прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі». Шляхам складання тэрмінаў Класкоўскай прызначылі (https://spring96.org/be/news/106468) 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Падтрымайце Вольгу: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Вользе Аляксандраўне Класкоўскай.


"Маем на гэта права": як у Баранавічах збіраюць "біяматэрыял"

У Баранавічах людзі ў цывільным сама мала тры дні прыходзяць дадому да тых, хто быў раней затрыманы альбо асуджаны па палітычных артыкулах і "прапануюць" здаць “біяматэрыял”.

У выпадку адмовы шлюць на наступны дзень позвы, нават не запаўняючы іх як след.

На пытанні, кшталту “Што за прычына?" адказваюць: "Маем на гэта права".

Праваабаронцам паведамляюць, што ў іх у тэчцы лісты з вялікім спісам прозвішчаў і адрасоў, па якіх яны ходзяць.


Жыхара Докшыцаў затрымалі за тое, што ён нібыта збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну

На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя пра затрыманне жыхара Докшыцаў Сяргея Грыбовіча, паведамляе "Наша Ніва". Паведамляецца, што 53-гадовы мужчына праходзіць па двух артыкулах: 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці) і 361-3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).

У «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што запоўніў анкету ў Telegram, каб паехаць ваяваць ва Украіну супраць расійскіх войскаў.


Затрыманне ў Мінску з-за відэароліка з заклікамі спыніць здекі над Ціханоўскім

У Мінску 14 сакавіка супрацоўнiкi Кастрычнiцкага РУУС г. Miнска затрымалі Алену Уладзіміраўну Шырму. Сказалi, што хочуць задаць пытаннi.

Папярэдне вядома, што падставай для затрымання стаў відэаролік, які запiсаў яе муж у 2020 годзе. Ён заклікаў спыніць здзекі над Сяргеем Цiханоускiм i перастаць верыць мiлiцыi.


Затрыманы за рэгістрацыю ў групе "Перамога"

Сёння на канале ГУБОП з’явілася яшчэ адно “пакаяльнае” відэа, на якім электрамеханік прадпрыемства “Ревсістэмз” распавядае, што быў зарэгістраваны ў экстрэмісцкіх каналах і ў групе “Перамога”. Ён “прызнаецца”, што ўдзельнічаў у масавых акцыях пратэсту у верасні 2020 года.

Паведамляецца, што Аляксандра Адамавіча Клімянка падазраюць па ч.1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве, або ўчынення акта тэрарызму ці дыверсіі, або ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь).


Ператрус у віцебскага актывіста Уладзіміра Булаўскага

Віцебскага актывіста Уладзіміра Булаўскага не выпусцілі на волю пасля «сутак». Дома ў яго правялі ператрус

Віцебскага актывіста і культурмэнэджара Уладзіміра Булаўскага затрымалі ў асноўны дзень галасавання на рэферэндуме 27 лютага і арыштавалі на 15 сутак.

Сёння Уладзімір мусіў выйсці на волю, але дадому яго прывезлі пяць сілавікоў, правялі ператрус і зноў забралі актывіста з сабой. Невядома, у межах якой справы праводзіўся ператрус. Цяпер месцазнаходжанне і працэсуальны статус Булаўскага невядомыя.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства