viasna on patreon

Затрыманні і вобшукі напярэдадні і падчас асноўнага дня галасавання на рэферэндуме Дапоўнена

2022 2022-02-27T13:31:24+0300 2022-02-27T18:24:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lidzi_kalia_uchastky_2702.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людзі каля ўчастку для галасавання ў Мінску

Людзі каля ўчастку для галасавання ў Мінску

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. Напярэдадні і ў асноўны дзень галасавання на рэферэндуме па зменах у Канстытуцыі затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні 27 лютага - у асноўны дзень галасавання на рэферэндуме

Спіс затрыманых у асноўны дзень рэферэндума 27 лютага

Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу. Па спасылцы сабраныя вядомыя імёны і прозвішчы затрыманых па ўсёй Беларусі

Мінск

Паведамляецца пра затрыманне ад 5 да 10 чалавек на вул. Адзінцова каля Цэнтру мастацкай творчасці.

На вуліцы Усходняй, 40 каля ўчастку ў гімназіі №6 затрымалі трох маладых людзей: дзяўчыну і двух хлопцаў.

Баранавічы

У Баранавічах каля школы №10 затрымалі як мінімум некалькі мужчын, пенсіянерку з плакатам "Украіна, мы з вамі" і дзяўчыну. Сярод затрыманых - Віталь Цапкоў, якія стаяў удалечыні і гаварыў па тэлефоне.

У Баранавічах насупраць Вечнага агню затрымалі хлопца з плакатам «Нет войне».

Жодзіна

У Жодзіна каля выбарчых участкаў затрымліваюць тых, хто пасля 14:00 выходзіць з участка і стаіць побач з ім. Пра гэта паведамляе @expressby.

Сярод затрыманых - Локаць Наталля Міхайлаўна.

Гродна

На Савецкай плошчы дзяўчына выйшла на адзіночны пікет. Праз некалькі хвілін да яе падышлі людзі ў форме і павялі з сабой.

Докшыцы

У Докшыцах каля 14:00 затрымалі Таццяну Дорц. Яна выйшла на плошчу каля райвыканкама з плакатам "Слава Украіне". Праз пару хвілін пад'ехалі ДАІшнікі, затрымалі, павезлі ў РАУС.

Магілёў

Каля "Беларускага дзяржуніверсітэта харчавання і хімічных тэхналогій" (былы МДУП) супрацоўнікі АМАП затрымалі і павезлі ў невядомым кірунку пажылую жанчыну. Таксама сілавікі адагналі ад будынка ўніверсітэта, дзе размяшчаецца ўчастак для галасавання, пару з дзецьмі.

Ліда

У Лідзе затрымалі жанчыну з антываенным плакатам. Затрыманне адбылося ў мясцовым ліцэе.

Брэст

У Брэсце днём затрымалі мужчыну, які сказаў амапаўцу, што ён супраць вайны. Прыблізна 60 чалавек сабралося каля выбарчага ўчастку, да іх падыйшоў амапавец і патрабаваў ад людзей разыйсціся. У адказ мужчына сказаў яму: «Я протестую против войны». Пасля гэтага яго затрымалі.

Другога чалавека, які выказваў сваю нязгоду сілавікам, — не затрымалі

Бабруйск

Раніцай 27 лютага ў Бабруйску затрымалі Галіну Смірнову. Лідарку бабруйскай арганізацыі АГП завезлі ў РАУС, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы. 

Затрыманні 26 лютага

Мінск

Праваабаронцам стала вядома, што ў Мінску затрыманая Людміла Паўлоўская. Яна хворая на эпілепсію. Пакуль вядома тое, што сёння жанчына сядзела на лаўцы, размаўляла з маці па тэлефоне, калі падыйшлі сілавікі, папрасілі пашпарт і затрымалі.

paulouskaja_l.jpg
Людміла Паўлоўская

Жанчыну тройчы затрымлівалі ў 2020 годдзе — падчас аднаго з затрыманняў у яе здарыўся прыступ, але міліцыянты не выклікалі ёй хуткую, а суддзя Вікторыя Крэпская прысудзіла Людміле 25 сутак арышту.


Зранку 26 лютага ў Мінску АМАП дома затрымаў жонку і мужа — Аксану Будзіловіч і Віталя Будзіловіча. Падрабязнасцяў пра месцазнаходжанне Аксаны і Віталя пакуль няма. Таксама ў Мінску быў затрыманы Андрэй Белянкевіч.


ГУБАЗіК затрымаў Дзяніса Грома, педагога адной з мінскіх школ (вядома, што раней ён працаваў педагогам Крупіцкай школы мастацтваў). На праўладным тэлеграм-канале з'явілася «пакаяльнае відэа» з Громам, дзе мужчына кажа, што размяшчаў у сацсетках «заклікі да партызанскай вайны і забойства прэзідэнта».

Мазыр

У Мазыры 26 лютага адбыўся ператрус у сям'і Мінковых. У выніку гэтых дзеянняў былі адабраныя ўсе гаджэты, якімі яны карысталіся. Пасля вобшуку Мікалая Мінкова павезлі на допыт, а жонка Аліна засталася дома.

Таксама ў Мазыры прайшоў ператрус у мясцовага актывіста Арцёма Савіцкага. Раней яго прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці па «народным» артыкуле 23.34 КаАП і пакаралі штрафам у 30 базавых. Савіцкі змешчаны ў ІЧУ Мазырскага РАУСа, паведамляе "Гомельская Вясна".

Ваўкавыск

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне ў Ваўкавыску Людмілы Шрубок, Ліліі Юруць і Уладзіміра Краўцэвіча, якія выйшлі на акцыю пратэсту са сцягамі. Іх затрымаў гродзенскі ГУБАЗіК. Дома ў затрыманых прайшлі ператрусы.

Дрыбін

У Дрыбіне (Магілёўская вобласць) быў затрыманы мясцовы грамадскі актывіст Андрэй Юркоў. Па папярэдняй інфармацыі суд над ім адбудзецца ў панядзелак. Прычына затрымання невядомая.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства