viasna on patreon

Расце колькасць "экстрэмісцкіх фарміраванняў", блакуюцца сайты: палітычны пераслед 8-9 лютага Дапоўнена

2022 2022-02-09T10:56:00+0300 2022-02-09T23:21:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/slonim-gazeta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 9 лютага па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Мінінфарм абмежавала доступ да сайта «Газеты Слонімскай»

Падставай для блакіроўкі сталі выяўленыя парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена.

Друкаваная версія «Газеты Слонімскай» і газеты «Отдушина» перасталі выходзіць у свет з 9 лістапада 2020 года. У гэты дзень у выдаўца дома і ў рэдакцыі прайшлі ператрусы, а таксама была канфіскавана ўся тэхніка, паведамляе "Гарадзенская праваабарона".


Палітзняволеных музыкаў гурта IRDORATH перавялі ў віцебскі СІЗА

Уладзіміра Калача, Антона Шніпа і Пятра Марчанку абвінавацілі паводле ч.1 і 2 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях). За кратамі іх утрымліваюць ужо больш за паўгады. Пятру і Антону прысудзілі 1 год і 6 месяцаў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, а Уладзіміру – 2 гады.


Сацыяльныя сеткі «Мая Краіна Беларусь» прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі

2 лютага суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў адразу восем старонак, у якіх утрымліваецца назва «МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ», экстрэмісцкімі. Гэта дзве старонкі «ВКонтакте», старонка ў Instagram, чатыры старонкі ў «Аднакласніках» і старонка ў Facebook. Нагадаем, тэлеграм-канал «МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ» быў прызнаны экстрэмісцкім 23 сакавіка мінулага года.

“Экстрэмісцкім фарміраваннем” была прызнана ініцыятыва «Честные люди», а таксама інтэрнэт-рэсурс «Реальная Беларусь».


Па пастановах пракурора Віцебскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-сайтаў «zubr.mеdia» і «хх2022.оrg». Пры даследаванні зместу матэрыялаў, апублікаваных на гэтых сайтах, пракуратурай было ўстаноўлена, што на інтэрнэт-рэсурсах «xx2022.org» і «zubr.media», апублікаваныя недакладныя звесткі аб лютаўскім «рэферэндуме», а таксама незаконныя заклікі да грамадзян краіны псаваць бюлетэні падчас галасавання.


Затрыманне за "зліў" прыватных звестак пра сілавікоў 

З праўладных тэлеграм-каналаў стала вядома пра затрыманне начальніка аддзела распрацоўкі і маркетынгу мабільнага аператара Life. З ім з'явілася «пакаяльнае відэа». Мужчыну вінавацяць у тым, што ён нібыта зліваў прыватныя звесткі сілавікоў і дзяржслужачых адміністратарам «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Імя і прозвішча мужчыны не называецца.

МУС  паведаміла пра затрыманне ў Бярозе 23-гадовага таксіста з-за ўдзелу ў пратэсных акцыях. Яму ставяць у віну ажно 13 эпізодаў, сярод якіх пашкоджанне некалькіх чырвона-зялёных сцягоў, нанясенне пратэсных надпісаў (напрыклад, "Кара", "Я ведаю што ты зрабіў гэтым летам") на дом міліцыянта і прыпынак, закідванне фарбай і алеем жылых дамоў, крадзеж відэакамер з вуліц. Мужчыне абрана мера стрымання ў відзе заключэння пад варту.


Актывістку руху "Маці-328" Марыну Кісялевіч перавялі ў СІЗА №1


30 снежня 2021 года Марыну Кісялевіч выклікалі ў міліцыю з надуманай нагоды. Марыну вырашылі пакінуць на ноч у РАУС, дзе яна выпіла пачак снатворнага, які ў яе чамусьці не забралі. Яна трапіла ў рэанімацыю.

Апошні месяц Марына знаходзілася на рэабілітацыі ў бальніцы. Па звестках  Legalize Belarus, 7 лютага яе перавялі на Валадарку.

Марыне Кісялевіч патрэбна маральная падтрымка.


Сёння ў Гомелі сілавікі затрымалі 47-гадовага прадпрымальніка Паўла Бабчанку. Ён – уладальнік крамаў “Красотка”. Мужчына ў сваіх сацсетках выказваў крытыку існуючаму рэжыму. Па неправеранай інфармацыі, супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

А ўчора ў Гомлі затрымалі актывіста маладзёна Мікіту Слепянка. Яму закідваюць нейкі кантэнт, які міліцыянты знайшлі ў ягоным тэлефоне.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства