viasna on patreon

Вынікі адміністрацыйнага пераследу беларусаў у 2021 годзе

2022 2022-01-08T11:06:43+0300 2022-01-10T12:21:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanni.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі супраць беларусаў, якія цягам 2021 года працягвалі выказваць сваю незадаволенасць дзеяннямі ўлады і ўдзельнічалі ў паслявыбарчых мірных акцыях пратэсту, не спыняліся ні на дзень. Сілавікі штодзённа ўрываліся ў іх дамы, ладзілі ператрусы і затрымлівалі іх па палітычных матывах. Праваабаронцы ўвесь год фіксавалі факты катаванняў і ўтрымання арыштантаў у нечалавечых умовах. Валанцёры «Вясны» таксама пераследаваліся за іх дзейнасць, а некаторыя з іх пацярпелі ад адвольнага затрымання, адміністрацыйнага арышту і жорсткага абыходжання. «Вясна» распавядае, з якімі выпрабаваннямі падчас адміністрацыйнага пераследу сутыкнуліся беларусы ў мінулым годзе, як іх катавалі і за якія абсурдныя прычыны іх кідалі за краты і аштрафоўвалі.

Колькасць затрыманняў за мінулы год

Колькасць затрыманняў у 2021 годзе

Па інфармацыі Валанцёрскай службы «Вясны», ў 2021 годзе  было затрымана мінімум 6443 чалавекі, амаль 2000 з якіх — жанчыны, а 19 — непаўнагадовыя дзеці.

Геаграфія затрыманняў

Геаграфія затрыманняў

Большасць затрыманняў было зафіксавана ў Мінску — 4479 чалавек. На другім месцы па колькасці стаіць Брэсцкая вобласць — 584 чалавекі.

Адміністрацыйны пераслед у 2021 годзе

Адміністрацыйны пераслед у 2021 годзе

Па інфармацыі, якую набылі нашы валанцёры і валанцёркі падчас назірання за судовымі працэсамі, у 2021 годзе беларускія суддзі вынеслі 3211 судовых рашэнняў, 27 з якіх былі перанесены па розных прычынах. З 1 студзеня па “палітычных артыкулах” аштрафавалі мінімум 828 чалавек на агульную суму ў 35 942 базавых велічыняў. Гэта  Гэта 1 мільён 42 тысячы і 318 рублёў (прыкладна 409 тысяч даляраў). Арыштамі суддзі пакаралі мінімум 2 107 чалавек. Агулам у ізалятарах беларусы адбылі 32 125 сутак ( амаль 89 гадоў на ўсіх). Пры гэтым, па дадзеным «Вясны», за год з 3211 адміністрацыйных справаў за недаказанасцю віны спынілі толькі 13.

Самыя рэпрэсіўныя суддзі 

Самыя рэпрэсіўныя суддзі 2021 года

На працягу 2021 года беларускія суддзі амаль штодзённа каралі беларусаў вялізарнымі арыштамі і штрафамі па адміністрацыйных справах. Некаторыя з іх за сваю незаконную дзейнасць трапілі ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза. У судах усё радзей выконваюцца законы, а сам суд даўно перастаў быць адкрытым і незалежным. Міліцыянты на судах сведчаць ў балаклавах, суддзі не вешаюць судовыя расклады, адвакатам затрыманых часта не паведамляюць пра пачатак працэсу, а катаванні, ціск і прымус — усё гэта «да справы не датычыцца». Праз тое, што затрыманняў у Мінску значна больш, чым у астатніх гарадах краіны, у спіс «лідараў» па колькасці вынесеных рашэнняў трапілі толькі суддзі з Мінску.

Суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна займае першае месца. За мінулы год яна асудзіла мінімум 145 чалавек. Пры гэтым, большасць з рашэнняў — арышты (108), і толькі 37 штрафаў. Падчас «судовага канвееру» яна магла асудзіць беларусаў за чатыры хвіліны. Менавіта яна лічыць, што катаванні ў Фрунзенскім РУУСе і падпісанне пратакола пад ціскам не адносяцца да разгляданых ёю справаў. 

На другім месцы — суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк. Па яго рашэнні на «суткі» адправіліся не менш за 112 чалавек, а яшчэ 23 атрымалі штрафы. Менавіта суддзя Карсюк адным з першых пасля зменаў у КаАП аштрафаваў маці непаўнагадовага дзіця на вялізарную суму ў памеры 5220 рублёў (180 базавых).

Трэцім у спісе стаіць суддзя Савецкага раёна Мінска Сяргей Шаціла. За мінулі год ён пакараў арыштам мінімум 56 чалавек і аштрафаваў мінімум 14 чалавек.

Самыя працяглыя арышты ў 2021 годзе

Самыя працяглыя арышты ў 2021 годзе

Больш за паўгода таму беларускія ўлады пачалі актыўна выкарыстоўваць новыя пратаколы па адміністрацыйных справах, каб не выпускаць на волю затрыманых па «палітычных артыкулах». Усё пачыналася са складання дадатковых пратаколаў на тых, у каго сканчваўся 72-гадзінны тэрмін утрымання пад вартай. Пазней улады перайшлі да іншай тактыкі: каб затрыманых як мага больш утрымліваць на Акрэсціна ў нечалавечых умовах, іх пачалі «перазатрымліваць» па вызваленні і складаць пратаколы па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцынтам). Гэтыя «правапарушэнні» звычайна адбываюцца ўжо на тэрыторыі РУУСа, міліцыянты якога і складаюць пратаколы. Па звестках праваабаронцаў, за мінулы год гэтая практыка выкаростоўвалася мінімум 180 разоў.

Абсалютнымі рэкардсменамі па «сутках» сталі Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева, якіх праваабаронцы прызналі палітзняволенымі. Мужа і жонку судзілі дзевяць разоў запар, складаючы новыя і новыя пратаколы па адным і тым жа артыкуле.

Таксама вядома, што па два месяцы ў нечалавечых умовах утрымліваліся Яўген Люльковіч (61 суткі); Аляксандр Бембель (58 сутак) і Віталій Умрэйка (57 сутак).

Самыя абсурдныя адміністрацыйныя справы ў 2021 годзе

Самыя абсурдныя адміністрацыйныя справы ў 2021 годзе

Інфармацыя пра затрыманне за БЧБ-шкарпэткі ці за няправільны колер валасоў даўно перастала быць жартам для беларусаў. Іх судзілі за наведванне праўладных мітынгаў, канцэртаў, за ўскладанне кветак і нават за песні. Узгадваем самыя недарэчныя прычыны, за якія суддзі каралі беларусаў у 2021 годзе.

Горш за ўсё сілавікі і суддзі рэагуюць на спалучэнне бела-чырвона-белага колеру. Так, беларусаў каралі за валасы, ружы, шкарпэткі, скрыню ад тэлевізара LG, адзенне, шторы, карціны, налепкі, стужкі, значкі і нават татуіроўкі, якія былі ў БЧБ-колеры. Нават гірлянда на акне, агеньчыкі якой перыядычна свяцілі бела-чырвоным колерам, абышлася мінчуку ў 15 сутак арышту.

За дваровую «актыўнасць» таксама адпраўлялі за краты. Напрыклад, запусціць салют ці пасвяціць ліхтарыкам у двары (нават не ў сваім), на думку суддзяў, з’яўляецца несанкцыянаваным пікетаваннем, а значыць можна прызначыць па 15 сутак арышту. 

Вельмі распаўсюджаным «правапарушэннем» было ўскладанне кветак каля народнага мемарыялу Аляксандра Тарайкоўскага. За гэта некалькі дзясяткаў чалавек адбывалі «суткі» за кратамі, а некаторых пакаралі вялізарнымі штрафамі. Так, лекарку-кардыёлага ў траўні аштрафавалі на 5800 рублёў.

За відэа на праўладным мітынгу і пытанні яго ўдзельнікам мінчук адбываў 45 сутак запар на Акрэсціна.

Спяваць на вуліцы пратэсныя песні таксама небяспечна. Вядома пра дзясяткі выпадкаў, калі беларусаў арыштоўвалі за песні «Муры», «Перамен» і «Тры чарапахі».

Нагадаем і пра затрыманне ў лютым 59 чалавек на канцэрце «Разбітае сэрца пацана» пад Смалявічамі. Усе затрыманыя тады атрымалі максімальнае пакаранне: 44 чалавекі адбылі 15-суткавыя арышты, а 15 чалавек былі аштрафаваныя на 30 базавых велічыняў.

Затрыманых падчас Дня Волі судзілі не толькі за фотаздымак сілівікоў, які каштаваў мінчуку 25 сутак, але і за «жаданне сфатаграфаваць аўтазакі», за якое мужчына адбываў 12-сутачны арышт.

Насіць у Беларусі белы бранзалет на руцэ каштуе 15 сутак, а вывесіць дзіцячы малюнак на акне — 12 сутак. Чытаць беларускія кнігі ў электрычцы таксама «незаконна», бо гэта можа абыйсціся вам вялізарным штрафам, ці наогул арыштам за «ўдзел у масавым мерапрыемстве». 

За шпацыр па гораду з пакетам «Суседзі» суддзі прызначалі па 15 сутак арышту. Па словах сведак-міліцыянта, удзел людзей у нядзельным пікеце выяўляўся менавіта ў тым, што «людзі былі ў масках і з пакетам з крамы "Суседзі"».

У мінулым годзе неаднаразова судзілі за свечку ці лампадку каля касцёлаў у памяць аб ахвярах. Гэта было прызнана судом «пікетаваннем», за якое беларусаў арыштоўвалі на 15 сутак.

Апошнім часам нават пачалі арыштоўваць і за спробу трапіць на судовае пасяджэнне да палітзняволеных. Так, жанчына, якая хацела трапіць на судовае пасяджэнне над палітвязнем Мікалаем Дзядком, сядзела 7 сутак на Акрэсціна. А дзяўчыну, якую затрымалі за спробу трапіць на суд да палітзняволенай Вольгай Залатар, утрымлівалі ў ізалятары 45 сутак запар. 

Як сілавікі катавалі беларусаў у мінулым годзе?

Катаванні, якія ўжываліся да арыштантаў

У 2021 годзе беларусы працягвалі звяртацца да праваабаронцаў, каб задакументаваць факты катаванняў і бесчалавечага абыходжання. Самым жорсткім месцам, дзе выяўлена большасць катаванняў, з’яўляецца Фрунзенскі РУУС г. Мінска. Міліцыянты, якія дазваляюць сабе пераступаць закон, не спыняюцца нават перад дзяўчынамі і пенсіянеркамі.

Праваабаронцам вядомы выпадак, калі адзін з супрацоўнікаў РУУСа душыў пенсіянерку шнуркамі, знятымі з яе абутку, і біў электрашокерам, каб атрымаць пароль ад яе тэхнікі. 

У сярэдзіне лістапада пра збіццё пасля затрымання заявіла і дзяўчына, якую пазней трымалі 20 дзён у карцары. Ударыў па твару яе асабіста намеснік начальніка Фрунзенскага РУУСа. Ёй не аказвалі медыцынскую дапамогу, адмовіліся вызываць хуткую дапамогу, а потым наўпрост адвезлі ў паліклініку, дзе ёй дыягнаставалі ўдар галавы.

У гэтым жа РУУСе жанчыне пагражалі ўдарыць  электрашокерам і заціснуць нос стэплерам, каб яна падпісала пратакол, па якому пазней яе асудзілі на 25 сутак.  

Адзін з затрыманых распавёў, што, пасля некалькі дзясяткаў удараў па розных частках цела, ў РУУСе яго не менш за пяць разоў ударылі электрашокерам па руках у вобласць кісцяў. Акрамя гэтага, міліцыянт надзяваў яму на галаву баксёрскі шлем, сабе — баксёрскія пальчаткі і нанёс каля 5 удараў па галаве ў вобласць правай і левай скроняў. 

Гэты ж затрыманы распавёў, што сустрэў у РУУСе хлопца, якому міліцыянты зламалі нос і прыпалілі два разы паяльнікам галаву, каб ён сказаў код ад тэлефона. 

Супрацоўнікі ГУБАЗіКу аднаму з затрыманых апраналі пакет на галаву і душылі, а потым сілком напаілі нейкай вадкасцю з бутэлькі. Пры гэтым, увесь час, пакуль у кватэры хлопца праводзілі ператрус, яго трымалі на каленях тварам да сцяны ў кайданках і збівалі.

У сакавіку падчас суда мужчына заявіў, што ў ІЧУ яго збівалі і нават зламалі руку. Пасля гэтага, замест аказання медыцынскай дапамогі, яго на трое сутак змясцілі ў карцар, а потым арыштавалі на 10 сутак.

Варта адзначыць, што пра факты катаванняў і прымусу да падпісання пратаколаў затрыманыя заяўлялі падчас судовых пасяджэнняў, але суддзі не звярталі ўвагі і казалі, што ўсё гэта не мае дачынення да справы. Таму затрыманых, якія сталі ахвярамі катаванняў з боку сілавікоў, адпраўлялі на «суткі» ў ізалятары.

Жорсткія ўмовы ўтрымання ў ізалятарах як від катаванняў 

Умовы ўтрымання ў беларускіх ізалятарах для

Умовы, у якіх утрымлівалі «палітычных» арыштантаў, несумненна лічацца катаваннямі. Сітуацыя ў ізалятарах была стабільна дрэннай на працягу года. «Палітычным» не выдавалі ні матрацаў, ні пасцельнай бялізны, а таксама не выводзілі на шпацыр і ў душ. У канцы года сітуацыя значна пагоршылася. Перадачы ў ЦІПе на Акрэсціна наогул перасталі прымаць, а цёплыя рэчы ў арыштантаў забіралі.

У чатырохмясцовай камеры памерам прыкладна 3х5,5 часам знаходзіліся да 22 чалавек, а ў двухмясцовай жаночай — да 18. Матрацаў не выдаюць, як і пасцельнай бялізны, таму спаць затрыманым даводзіцца на металічнай рашотцы нараў, на падлозе або на лаўцы. Святло ўначы не выключаецца. Акрамя двух «шмонаў» днём, «палітычных» арыштантаў спецыяльна  будзяць ў 02:00 і ў 04:00 гадзіны і ладзяць пераклічкі, таму выспацца ў камеры немагчыма. Днём на нарах ляжаць нельга — толькі на падлозе.

Падчас «шмонаў» у арыштантаў забіралі цёплую вопратку якую яны маглі выкарыстоўваць у якасці матрацаў ці падушак, бо нары складаюцца з металічных рэек, размешчаных уздоўж і папярок, якія ўтвараюць дзіркі памерам 10*25 сантыметраў прыблізна. Таму ні сядзець, ні ляжаць на іх немагчыма, а на целе застаюцца сінякі.

Мыла і туалетную паперу, затрыманым даводзілася выпрошваць у адміністрацыі. Часам іх не выдавалі два-тры дні запар. Больш за паўгода ім не аддавалі перадачы, а ў канцы года наогул адмовіліся іх прымаць. Мыюцца арыштанты прама ў камеры: вышэй пояса — ва ўмывальніку, ніжэй — у туалеце над унітазам. Рэчы мыюць таксама ў рукамыйніцы. 

Адбой у камерах — у 22:00, пад'ём — у 06:00. Кормяць у ізалятарах тройчы: на сняданак – каша і гарбата; на абед – суп (ад капусты да фасолевых), другое (зноў каша, катлета і гародніна), кампот ці кісель; на вячэру – таксама каша і што-небудзь з мяснога. Два разы на дзень выдаюць некалькі боханаў белага і чорнага хлеба.

У якасці дадатковага ціску на «палітычных» у камеры падсаджваюць бяздомных людзей. Адміністрацыя ЦІПа на Акрэсціна нават падгаворвае кідаць вошай на вопратку, красці абутак і даносіць на «палітычных». У камерах таксама бегаюць прусакі, а арыштанты выходзяць на волю скусаныя клапамі ды вошамі. 

Акрамя гэтага, каб ускладніць тэрмін адбыцця пакарання для «палітычных», адміністрацыя садзіць іх у карцары. Карцар — гэта памяшканне не больш за шэсць квадратных метраў з бетоннай калючай падлогай, туалетам, рукамыйніцай, сталом, умантаваным у бетонную падлогу, і «шконкай», замацаванай на сцяне. Адшпіліць яе ад сцяны можа толькі ахоўнік на калідоры. Там ёсць труба з зашчэпкай, якую патрэбна круціць у калідоры, каб іх адкрыць. У карцары адначасова маглі ўтрымліваць адразу 8 арыштантаў, пры гэтым, забараніўшы ім нават сядзець днём. Там холадна і няма гарачай вады. 

Карцар часта выкаростоўваюць для хворых на COVID-19. У гэтым памяшканні яны адбываюць, так званы «каранцін». З лекавых сродкаў затрыманым з сімптомамі COVID‑19 выдаюцца толькі парацэтамол, анальгін, ібупрафен і валідол ад болю ў горле. Ніякая медыцынская дапамога ім не аказваецца, хуткую дапамогу таксама не выклікаюць.

 Памерлі COVID-19 пасля сутак у беларускіх ізалятарах

Памерлі ад COVID-19 пасля суток

У 2021 годзе стала вядома пра дзве ахвяры COVID-19, якія захварэлі ў беларускіх ізалятарах. Праз нечалавечыя ўмовы ў ізалятарах і несвоечасовае аказаную дапамогу, ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі памерлі 53-гадовая мінчанка Алена Амеліна і 57-гадовы жыхар Асіповічаў Сяргей Шчацінка.

Хварэць яны пачалі яшчэ ў ізалятарах, а пасля адразу трапілі ў лякарні. Але выздаравець так і не змаглі.

*Інфармацыя сфарміраваная з паведамленняў на гарачую лінію арганізацыі, з адкрытых крыніц і тэлеграм-чатаў дапамогі затрыманым, назіранняў за судамі і не з'яўляецца канчатковай. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства