viasna on patreon

Суд над Мачалавым і Грышчанкам: амапаўцы блытаюцца ў паказаннях, кажуць, што нічога не памятаюць

2021 2021-12-23T19:27:25+0300 2021-12-24T10:38:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/machalau-gryshchanka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Станіслаў Мачалаў і Дзмітрый Грышчанка

Станіслаў Мачалаў і Дзмітрый Грышчанка

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 23 снежня працягваўся разгляд крымінальнай справы палітвязняў Станіслава Мачалава і Дзмітрыя Грышчанкі. Іх абвінавачваюць ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт 342 КК), а Мачалава дадаткова яшчэ і ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ).

Справу разглядае суддзя Віктар Казачок. Дзяржабвінаваўца – пракурор Алейнікава.

Справу ўзбудзілі па падзеях 20 верасня, калі ў Гомелі праходзіла акцыя пратэсту. Удзельнікі акцыі, ратуючыся ад амапаўцаў, перабеглі праз праезную частку вуліцы Савецкай. Следства кваліфікавала гэта як “блакаванне дарогі".

Да затрымання Грышчанка і Мачалаў не былі знаёмыя адзін з адным, аднак у працэсе следства іх зрабілі саўдзельнікамі, якія нібыта дзейнічалі ў складзе групы.

Станіслаў Мачалаў 20 верасня 2020 года прыняў актыўны ўдзел у арганізаваных Дзмітрыем Грышчанка і іншымі асобамі дзеяннях па парушэнні грамадскага парадку, руху гарадскога транспарту, працы грамадскіх арганізацый, якія знаходзяцца па вуліцы Савецкай. Пасля прарыву ачаплення супрацоўнікаў АУС Мачалаў у групе з Грышчанка і іншымі асобамі выйшлі на праезную частку на забараняльнае святло святлафора, наўмысна парушаючы грамадскі парадак, загадзя адказваючы за свае дзеянні ў парушэнні правілаў ПДР, што прывяло да парушэння працы транспарту і іншых грамадскіх арганізацый. Яны ж,  дзейнічаючы ў групе людзей у перыяд часу з 12.30 да 17.30 дзейнічаючы наўмысна па матывах палітычнай варожасці, не жадаючы пакідаць месца несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, адчуваючы азлобленасць у дачыненні да супрацоўнікаў АУС ужылі пагрозу гвалту і гвалт над супрацоўнікамі АУС пры наступных абставінах.

Знаходзячыся на участку вуліцы Савецкай падчас прарыву ачаплення, Мачалаў сумесна групай асоб станавіўся ў счэпку і здзяйсняў пагрозлівыя руху ў бок Іванова, пасля гэтага здзейсніў гвалтоўныя дзеянні над супрацоўнікам АУС Івановым [прозвішча схаванае], шляхам ціску сваім целам і ўтрымання рукамі,. Гэтак жа здзейсніў пагрозу гвалту ў дачыненні да Ларына [прозвішча схаванае], шляхам дэманстрацыі намеру напасці на супрацоўніка АУС падчас выканання ім службовых абавязкаў, здзяйсняючы пагрозлівыя ўдары рукамі і нагамі ў бок Ларына.

Суд над Мачалавым і Грышчанкам: пацярпелыя амапаўцы вылучылі грамадзянскія пазовы

Дзмітрый Грышчанка засведчыў, што людзі прыйшлі на мірнае шэсце, каб выказаць сваю грамадзянскую, грамадска-палітычную пазіцыю мірным шляхам, былі натхнёныя і вясёлыя, настроены рашуча, але мірна. Падчас шэсця не перашкаджалі працы транспарту, крамам і іншым грамадскім арганізацыям.

Ні Станіслаў Мачалаў, ні Дзмітрый Грышчанка сваёй віны ў судзе не прызналі.

Сёння у судзе працягнуўся допыт сведак па справе.

Сведкі абвінавачвання - супрацоўнікі АМАП, таксама давалі паказанні суду пад прыдуманымі імёнамі. 20 верасня мінулага года яны знаходзіліся ў цэнтры горада ў складзе мабільнай групы.

- Мы перакрылі шлях натоўпу пратэстоўцаў. Людзі пачалі праяўляць агрэсію, падыходзілі бліжэй і бліжэй. Наперадзе стаялі жанчыны, за імі — мужчыны, якія паводзілі сябе асабліва агрэсіўна, - заявіў адзін са сведак-міліцыянтаў, успамінаючы пра падзеі 20 верасня. — Жанчыны сталі прарываць загараджальны ланцуг супрацоўнікаў. Ззаду іх падштурхоўвалі радыкальна настроеныя мужчыны.

- Нехта вылучаўся з натоўпу? - удакладніла пракурор.

- Вось гэтыя два чалавекі! - сведка паказаў на Дзмітрыя і Станіслава.

- Я быў тады ў масцы або без? - запытаўся ў сведкі Дзмітрый.

- Не памятаю, - адказаў сведка.

Дзмітрый і Станіслаў не пагадзіліся з паказаннямі сведкі.

- Вашы паказанні абсалютна разыходзяцца з тым, што было ў рэчаіснасці, - адрэагаваў на заяву сведкі Дзмітрый Грышчанка. - На відэазапісе нічога падобнага не зафіксавана!

Пры праглядзе відэафайлаў, далучаных да справы, Станіслаў і Дзмітрый звярнулі ўвагу суду, што ў момант знаходжання удзельнікаў маршу на праезнай частцы вуліцы Савецкай на святлафоры гарыць зялёнае святло.

«Аб якім перакрыццё дарогі ідзе гаворка?" - адзначылі абвінавачаныя.

Другі сведка-амапавец першапачаткова заявіў суду, што дрэнна памятае падзеі больш чым гадавой даўнасці. Калі суддзя прапанаваў яму ўсё ж такі паспрабаваць успомніць, міліцыянт распавёў, што ўдзельнікі маршу "штурхалі супрацоўнікаў, збівалі іх з ног. Яны планава будаваліся ў счэпкі. Крычалі: "Карнікі!"  Заклікалі не падпарадкоўвацца міліцыі і ісці наперад".

Сведка заявіў, што Дзмітрый відавочна кіраваў гэтым ланцугом.

У матэрыялах справы таксама фігуравалі каментары, якія пісаў Дзмітрый у тэлеграм-чаце "Вольнае панства". Экспертыза, якая праводзілася дастаткова доўга, не знайшла ў гэтых каментарах ні прыкмет экстрэмізму, ні заклікаў да незаконных дзеянняў, ні ўзбуджэння нянавісці да каго-небудзь.

30 снежня ў судовым пасяджэнні плануюцца спрэчкі бакоў.

Прысуд можа быць вынесены 3 студзеня будучага года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства