#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”
17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.
10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, у розных гарадах і краінах адбываліся акцыі ў падтрымку зняволеных праваабаронцаў "Вясны" і ўсіх палітвязняў. Таксама беларусы збіраліся, каб напісаць словы падтрымкі і даслаць паштоўкі салідарнасці. Прайшло некалькі цырымоній узнагароджання праваабарончымі прэміямі ды іншыя актыўнасці.
"Cпадзяемся, што Вясна надыйдзе раней за каляндарную". Як прайшоў Міжнародны дзень правоў чалавека
“Вясна” атрымала прэмію “За чалавечую годнасць” ад Міністэрства замежных спраў Польшчы
Праваабарончы цэнтр "Вясна" стаў лаўрэатам прэміі Міністэрства замежных спраў Польшчы "За чалавечую годнасць" (Pro Dignitate Humana).
Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў, уручаючы ўзнагароду, падкрэсліў, што Польшча падтрымлівае беларускае грамадства ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю, і падзякаваў супрацоўнікам “Вясны”, бо менавіта праз іх свет даведваецца пра жорсткія рэпрэсіі і пераслед грамадзянаў, што адбываюцца ў Беларусі. Раў таксама адзначыў, што ўзнагарода з'яўляецца выказваннем падзякі сем'ям ахвяр і самім ахвярам жнівеньскіх падзей 2020 года ў Беларусі.
У сваю чаргу, праваабаронцы “Вясны” нагадалі, што будуць працягваць сваю дзейнасць, нягледзячы на рэпрэсіі і крымінальны пераслед калегаў:
“Мы будзем змагацца за вызваленне нашых калегаў, а таксама ўсіх палітычных зняволеных Беларусі. Мы будзем рабіць усё магчымае для таго, каб правы чалавека і чалавечая годнасць сталі галоўнай каштоўнасцю і мэтай беларускай дзяржавы і беларускага грамадства”.
Голас Алеся Бяляцкага прагучаў у Парыжы падчас віншавання Ганаровых грамадзянаў
10 снежня ў Парыжы на ўрачыстай цырымоніі віншавалі Ганаровых грамадзянаў гэтага горада. У іх ліку быў і Алесь Бяляцкі, які ўжо амаль пяць месяцаў утрымліваецца ў СІЗА-1.
Голас Бяляцкага прагучаў у форме відэазвароту, запісанага незадоўга да яго арышту для французскай арганізацыі Memorial France.
У Парыжы адбылася цырымонія шанавання Ганаровых грамадзянаў, у тым ліку Алеся Бяляцкага
Алесь Бяляцкі піша за кратамі ўспаміны пра музей Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам з 1989 года па ліпень 1998 года.
30 год таму – 8 снежня 1991 года – ў Мінску ўрачыста адкрылася экспазіцыя Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, якая была прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння паэта. У той самы дзень былі падпісаныя і Белавежскія пагадненні, якія канстатавалі скасаванне СССР. Падзеі развіваліся імкліва: аднадзённа маглі разваліцца імперыя і адкрыцца музей.
Ужо вышлі дзве часткі блога:
Блог Алеся Бяляцкага: МУЗЕЙ. Ішоў на дырэктара з думкай пра творчасць, а давялося выбіваць, даставаць, прабіваць…
Блог Алеся Бяляцкага: МУЗЕЙ. Слова "Музэй" было напісана праз "э": гэта быў першы крок неафітаў у атмасферу новага беларускага Адраджэння
За мінулы тыдзень не было навінаў ад праваабаронцы "Вясны" Валянціна Стэфановіча.
Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю і Валянціну:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
Уладзімір Лабковіч: “Лаўлю любы момант, калі я адзін і магу пісаць”
Зняволены праваабаронца “Вясны” Уладзь Лабковіч у нядаўнім лісце на волю распавядае пра свае справы:
“Вялікі дзякуй за пераклад верша Бродскага ад Хадановіча. На жаль, я вымушаны быў здаць Бродскага ў бібліятэку. Зараз чытаю Фрэйда. Ну такое сабе.
Адзін з маіх сыноў захапляецца космасам. Дык вось, у чорных дзірах няма нічога, нават часу. Вось і я валюся ў такую дзірку.
Прыходзіцца пісаць не за сталом. Лаўлю любы момант, калі я адзін і магу пісаць. У кватэры (камеры) увесь час працуе тэлевізар. Цяжка чытаць і пісаць”.
Паўдзельнічайце ў акцыі “Не толькі Бродскі” ў падтрымку Уладзя Лабковіча:
- напішыце вашыя ўласныя вершы ці абярыце вершы розных аўтараў,
- размясціце іх у сацсетках з хэштэгам #FreeViasna або дашліце нам на пошту freeviasna@gmail.com.
У акцыі могуць прыняць удзел як паэты, так і ўсе неабыякавыя людзі.
Дасылайце лісты падтрымкі і вершы Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 |
Марфа Рабкова ўзнагароджаная нацыянальнай прэміяй "Праваабаронца года-2021"
У анлайн-рэжыме 10 снежня Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ўручыў Нацыянальную праваабарончую прэмію. Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова стала пераможцай у намінацыі "Праваабаронца года-2021". Дзяўчына больш за год знаходзіцца ў турме, ён прад'яўленыя абвінавачванні па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса і пагражае да 20 год зняволення.
«Большасць пераможцаў за кратамі». Сталі вядомыя пераможцы Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека
Апошнім часам Марфа Рабкова спрабавала дамагчыся прызначэння УГД, дзеля чаго напісала шэсць заяваў. Аднак пасля гэтага не было "ніякай рэакцыі". Пра гэта Марфа паведаміла ў адным са сваіх лістоў:
"У мяне ж не так даўно зноў была амаль непрытомнасць ад спазматычных боляў", — напісала Марфа.
Акрамя таго, адміністрацыя СІЗА не выпускае лісты Рабковай, у якіх яна паведамляе пра колькасць прад'яўленых ёй крымінальных артыкулаў ці агучвае некаторыя з іх. Гэтыя лісты адміністрацыя папросту ёй вяртае.
“Няма такіх прававых нормаў”. Марфе Рабковай блакуюць лісты і не даюць прайсці УГД
А 7 снежня ў аркавай прасторы Львоўскага муніцыпальнага мастацкага цэнтра адчынілася другая частка выставы #ЯеСправа. На ёй прадстаўленыя калажы львоўскай мастачкі Багданы Давыдзюк з партрэтамі трох са 105 палітзняволеных жанчын Беларусі – праваабаронцы “Вясны” Марфы Рабковай, моладзевай актывісткі Аланы Гебрамарыям і кіраўніцы штаба Бабарыкі Марыі Калеснікавай.
“Калажы Багданы - пасыл да нас, не забываць палітвязняў і нагадваць пра мужных актывістак і актывістаў у тым ліку і артэфактамі культуры”, - падкрэсліваюць арганізатары.
Наведаць выставу можна да 17 снежня ў Львоўскім муніцыпальным мастацкім цэнтры па адрасе: г. Львоў, вул. Стэфаніка, 11
За мінулы тыдзень не было навінаў ад валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка.
Дасылайце лісты ці паштоўкі Марфе ды Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
Леанід Судаленка атрымаў “За абарону правоў чалавека-2021”
Прэмія “За абарону правоў чалавека-2021” Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (ССВЕ) была прысуджаная беларускім юрыстам Леаніду Судаленку, Ліліі Уласавай, Максіму Знаку і Дзмітрыю Лаеўскаму, а таксама ўсім адвакатам у Афганістане, якія знаходзяцца ў небяспецы.
Цырымонія ўручэння прэміі адбылася 10 снежня падчас пленарнай сесіі CCBE з удзелам у якасці асноўнай дакладчыцы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет праз відэазварот.
Леанід Судаленка, Лілія Уласава, Максім Знак і Дзмітрый Лаеўскі атрымалі прэмію “За абарону правоў чалавека”
Таццяна Ласіца: “Усе жадалі хутчэйшага вяртання дадому”
Палітзняволеная валанцёрка “Вясны” Таццяна Ласіца, якую асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, у нядаўнім лісце на волю дзякуе ўсім за віншаванні з Днём народзінаў і распавядае, як адзначыла свята:
“На Дзень народзінаў мне прыйшлі лісты, паштоўкі, тэлеграмы. Усім вялікі ДЗЯКУЙ! Мне было вельмі прыемна. Усе мне жадалі здароўя, хутчэйшага вяртання дадому. Я зрабіла торт з каржоў, былі цукеркі, кола, спрайт, печыва і іншае, як сапраўдны салодкі стол. Усё прайшло добра”.
Падтрымайце Таццяну і Леаніда:СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Таццяне Леанідаўне Ласіцы |
Як павіншаваць палітзняволеных “вясноўцаў” з надыходзячымі Калядамі і Новым годам?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.
Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі. У СІЗА-1 даслаць грашовы перавод можна толькі праз пошту, а вось у СІЗА-3 Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы можна даслаць нават праз інтэрнэт-банкінг. Вось дадзеныя:
СІЗА-3, Гомель
УНП: 490313877
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY31BAPB36429000005630000000
Леаніду Леанідавічу Судаленку
Таццяне Леанідаўне Ласіцы