У Парыжы адбылася цырымонія шанавання Ганаровых грамадзянаў, у тым ліку Алеся Бяляцкага Відэа
У сталіцы Францыі адбылася ўрачыстая цырымонія, прысвечаная 20-годдзю інстытута Ганаровага грамадзянства горада Парыжа. Праз кавідныя абмежаванні толькі пяцёра ганаровых грамадзянаў змаглі асабіста прысутнічаць у параднай зале Рады Парыжа, уключаючы Алега Сянцова, якога сустрэлі бурнымі апладысментамі.
Цырымонію адкрыў запісаны відэазварот з турмы самага першага ганаровага грамадзяніна Парыжа, Муміі Абу-Джамаля, афра-амерыканскага журналіста, арыштаванага ў 1981 годзе і асуджанага да смяротнага пакарання. Нягледзячы на відавочную несправядлівасць судовага працэсу і сфабрыкаваных абвінавачванняў, ён доўгі час знаходзіўся ў зняволенні ў жахлівых умовах калідораў смерці адной з турмаў Пенсільваніі.
Мумія Абу-Джамаль падзякаваў за 40-летнюю мабілізацыю ў яго абарону, якая не вызваліла яго, але захавала яму жыццё.
Грукат жалезных турэмных дзвярэй у канцы ягонага звароту кантраставаў са словамі надзеі і падтрымкі, з якімі ён звярнуўся да астатніх ганаровых грамадзян, якіх ён пералічыў пайменна, уключаючы двух беларускіх ганаровых грамадзян: праваабаронцу Алеся Бяляцкага і навукоўцу Юрыя Бандажэўскага.
Цырымонію працягнулі выступы кіраўнікоў трох найважных міжнародных праваабарончых арганізацый, якія працуюць у Парыжы: Рэпарцёры без межаў (RSF), Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Amnesty International.
Голас Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі, прагучаў у форме відэазвароту, запісанага незадоўга да яго арышту для французскай арганізацыі Memorial France.
Генеральная дырэктарка FIDH Элеанор Марэль распавяла пра ўмовы зняволення Алеся Бяляцкага, які тры разы пераабіраўся Віцэ-прэзідэнтам FIDH, апошні раз — у папярэднім зняволенні (2011-2014).
Яна таксама распавяла пра ўмовы зняволення астатніх сябраў "Вясны"і цяперашняга віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча.
Цырымонію вёў віцэ-мэр Парыжа Жан-Люк Рамэра-Мішэль.
Нагадаем, праваабаронца "Вясны" Алесь Бяляцкі быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна Парыжа ў 2012 годзе. У паведамленні Парыжскай мэрыі 16 кастрычніка было сказана, што Алесь Бяляцкі "нястомна змагаўся за правы чалавека нягледзячы на пагрозы і кампанію дэзінфармацыі з боку дзяржавы". Акрамя таго, у траўні таго ж года на будынку мэрыі XI акругі быў вывешаны вялікі партрэт Алеся Бяляцкага.