viasna on patreon

Міжнародны дзень валанцёра: “Стань добраахвотнікам зараз, каб пабудаваць лепшую будучыню”

2021 2021-12-05T12:26:19+0300 2021-12-06T12:13:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valantery.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валанцёры "Вясны"

Валанцёры "Вясны"

5 снежня адзначаецца Міжнародны дзень валанцёра, які быў заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН у 1985 годзе ў мэтах прызнання і распаўсюджвання інфармацыі аб нястомнай працы добраахвотнікаў па ўсім свеце. У 2021 годзе ААН прапануе тэму дня для гэтага дня – “Стань добраахвотнікам зараз, каб пабудаваць лепшую будучыню”.

Значную ролю валанцёрства і салідарнасць адыгралі ў Беларусі мінулым годам, аднак дзейнасць добраахвотнікаў на карысць беларусаў працягваецца і сёння як у самой краіне, так і па-за яе межамі. Так, беларусы аб’ядноўваліся і валанцёрылі падчас вырабу і збору сродкаў індывідуальнай абароны для ўрачоў напачатку пандэміі COVID-19, дапамагалі з дастаўкай пітной вады ў розных раёнах Мінску, калі адбываліся аварыйныя адключэнні, уваходзілі ў штабы і збіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, вылучаліся незалежнымі назіральнікамі і маніторылі мінулагоднія выбары. Роля валанцёраў у розных сферах жыцця ўзрасла пасля масавых затрыманняў і катаванняў мірных пратэстоўцаў у жніўні, калі людзі добраахвотна збіралі спісы затрыманых, ездзілі пад РУУСы і падтрымлівалі сваякоў, сустракалі людзей пасля выхаду з Акрэсціна, аказвалі фізічную (прадукты харчавання, падвозілі на аўто і г.д.) і псіхалагічную дапамогу. Пазней валанцёры збіраліся ў сваіх дварах і вырашалі лакальныя праблемы, а таксама праводзілі розныя мерапрыемства для суседзяў. Сёння шмат людзей арганізуюць дапамогу палітычным зняволеным і іх сем’ям: збіраюць перадачы і пасылкі, арганізуюць вечары сумеснага падпісання паштовак, набываюць адзенне і школьныя прыналежнасці для дзетак вязняў і інш.

Варта адзначыць, што і самі валанцёры зазналі рэпрэсіі за сваю дзейнасць і грамадзянскую пазіцыю: іх затрымлівалі, дапытвалі і запужвалі, а дома праводзілі ператрусу, канфіскоўвалі іх тэхніку. Не менш за 18 валанцёраў знаходзіцца зараз за кратамі, сярод якіх “вясноўцы” Марфа Рабкова, якая ўзначальвала Валанцёрскую службу “Вясны”, Андрэй Чапюк і Таццяна Ласіца.

Але валанцёры не спыняюцца ў сваёй дабрачыннасці і салідарнасці. У тым ліку валанцёры “Вясны” працягваюць прасоўваць правы чалавека ў грамадстве і стаяць на іх абароне. Вялізарная ім падзяка за іх самаадданую працу і дапамогу людзям.

Як можна адзначыць гэты дзень?  

Каб пашыраць ідэі валанцёрства і салідарнасці:

  • Апублікуйце фота-, відэа- або графічны матэрыял, дзе вы паказваеце, што вы робіце для нашай агульнай будучыні. Для гэтага выкарыстоўвайце хэштэгі, якія прапануе ААН: #passiton #volunteernow #IVD2021.
  • Распавядзіце сваім сябрам і знаёмым пра важнасць валанцёрскай працы і запрасіце далучыцца.
  • Напішыце лісты ці падпішыце паштоўкі са словамі падтрымкі для зняволеных валанцёраў ды ўсіх іншых палітвязняў. Спіс тут.
  • Далучайцеся да Валанцёрскай службы "Вясны" ў сацсетках: тэлеграм, фэйсбук, інстаграм.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства