viasna on patreon

За лістапад па "пратэсных" крымінальных справах асуджана не менш за 143 чалавекі

2021 2021-12-01T12:44:08+0300 2021-12-01T12:50:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_zala13.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Праваабарончы цэнтр "Вясна" ажыццяўляе маніторынг палітычна матываваных крымінальных спраў, звязаных з рэалізацыяй грамадзянамі сваіх асноўных правоў на ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў пасродкам канкурэнтных выбараў, а таксама на свабоднае выказванне меркавання і на мірныя сходы.

У кастрычніку па "пратэсных" крымінальных справах асуджана не менш за 95 чалавек

Праваабарончы цэнтр "Вясна" ажыццяўляе маніторынг палітычна матываваных крымінальных спраў, якія зрабіліся асноўным інструментам рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў з пачаткам леташняй кампаніі па выбарах прэзідэнта.

Асноўныя тэндэнцыі, якія тычацца разгляду "пратэсных" крымінальных спраў у судах, зафіксаваныя ПЦ "Вясна" ў лістападзе:

  • Аналіз "пратэсных" крымінальных спраў, якія разглядаліся судамі ў лістападзе, дазваляе зрабіць выснову пра тое, што беларускія ўлады ў пераважнай большасці выпадкаў выкарыстоўваюць інструменты крымінальнага пераследу і судовую сістэму дзеля пераследу грамадзян за рэалізацыю імі сваіх правоў на свабоду выказвання меркавання і на мірныя сходы.
  • На Брэсцкую вобласць і горад Мінск у лістападзе выпала 58,04% чалавек ад агульнай колькасці асуджаных паводле "пратэсных" крымінальных спраў, вядомых ПЦ "Вясна".
  • У Брэсцкай вобласці за лістапад паводле артыкулаў аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), і аб масавых беспарадках (арт. 293 КК) пераследвалася 76,09% чалавек ад агульнай колькасці вядомых праваабаронцам асобаў, у дачыненні да якіх вёўся судовы пераслед з палітычных матываў у гэтым рэгіёне.
  • У Магілёўскай вобласці за лістапад паводле дыфамацыйных артыкулаў КК (188, 367, 368, 369, 370, 391) пераследвалася 88,24% чалавек ад агульнага ліку вядомых Праваабарончаму цэнтру "Вясна" асобаў, у дачыненні да якіх вялася вытворчасць па палітычна матываваных крымінальных справах у гэтым рэгіёне.
  • Колькасць грамадзян, якія пераследваюцца ў судовым парадку паводле артыкулаў аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК), і аб масавых беспарадках (арт. 293 КК), ад агульнай колькасці грамадзян, у дачыненні да якіх вёўся палітычна матываваны судовы пераслед у лістападзе, склала 47,73%.
  • Беларускія ўлады актыўна працягваюць выкарыстоўваць дыфамацыйныя артыкулы Крымінальнага кодэкса (артыкулы 188, 367, 368, 369, 370, 391), на выключэнні якіх працяглы час настойвае праваабарончая супольнасць, дзеля пераследу грамадзян за крытыку прадстаўнікоў улады і службовых асоб. У лістападзе колькасць грамадзян, якія вядомыя ПЦ "Вясна" і пераследуюцца па дадзенай катэгорыі спраў, склала 41,7% ад агульнай колькасці грамадзян, якія зазнаюць пераслед з палітычных матываў.
  • Судовая сістэма актыўна выкарыстоўвае ўнесеныя сёлета змены ў Крымінальны кодэкс у частцы павелічэння жорсткасці пакаранняў за шэраг складаў злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля пераследу грамадзянаў за рэалізацыю імі сваіх асноўных правоў і свабод. Да фігурантаў спраў аб абразе прадстаўнікоў улады і здзеку з дзяржаўных сімвалаў ужываецца ўзяцце пад варту, суды актыўна ўжываюць зняволенне да грамадзян, якія абвінавачваюцца ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў.
  • Судовая сістэма ў пераважнай большасці выпадкаў разглядае самыя рэзанансныя палітычна матываваныя крымінальныя справы ў закрытым ад грамадскасці рэжыме. Нярэдкімі з'яўляюцца выпадкі разглядаў за зачыненымі дзвярыма спраў аб абразе службовых асоб і прадстаўнікоў улады ў сацыяльных сетках, а таксама аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх. Пры такіх акалічнасцях судовая галіна ўлады пазбаўляецца даверу з боку грамадства.
  • Фігуранты крымінальных спраў, якія змяшчаюцца пад вартай, падчас судовых слуханняў заяўляюць пра тое, што да іх падчас затрымання ўжывалася жорсткае нялюдскае абыходжанне, пры гэтым дадзеныя факты застаюцца без неабходнай ацэнкі з боку органаў следства, а таксама належнай рэакцыі дзяржаўнага абвінавачвання і суду. Падобныя падыходы праваахоўнай сістэмы фармуюць асіметрычнае ўяўленне аб працы прававых механізмаў, паколькі грамадзянам выносяць прысуды да суровых відаў пакарання за рэалізацыю сваіх правоў, пры гэтым службовыя асобы, якія катавалі фігурантаў спраў, не пераследваюцца ў вызначаным парадку, а тыя, хто надзелены паўнамоцтвамі расследаваць дадзеныя факты, дэманстратыўным чынам ігнаруюць гэтыя акалічнасці.
  • Органы следства, выкарыстоўваючы свае афіцыйныя рэсурсы пры інфармаванні грамадскасці пра ход расследавання самых рэзанансных крымінальных спраў, даюць заўчасную ацэнку дзеянням фігурантаў да іх паступлення ў суд і іх непасрэднага разгляду, чым парушаюць стандарт прэзумпцыі невінаватасці. Падобныя акалічнасці сістэматычна паўтараюцца і толькі ўмацоўваюць у свядомасці грамадзян абвінаваўчы ўхіл правасуддзя і пазбаўляюць прававыя механізмы ўзаемаадносінаў грамадзяніна і дзяржавы даверу.
  • Вочны маніторынг крымінальных спраў аб абразе прадстаўнікоў улады і службовых асоб, а таксама аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх, дазваляе назіраць тэндэнцыю, у адпаведнасці з якой грамадзяне, паўстаючы перад судом, імкнуцца не тлумачыць свае дзеянні жаданнем рэалізаваць свае правы на свабоднае выказванне меркавання і на мірныя сходы. Падобная практыка сведчыць пра нагнятанне з боку ўлады атмасферы страху ў дачыненні да фігурантаў крымінальных спраў у прыватнасці, і ў грамадскай свядомасці наогул, што пазбаўляе інстытуты дзяржавы зваротнай сувязі і закладвае перадумовы для радыкальных настрояў у грамадстве ў сукупнасці з выкарыстаннем антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў мэтах прыгнечання іншадумства.

За лістапад колькасць палітычных вязняў вырасла на 57 чалавек. ПЦ "Вясна" вядома пра не менш за 143 грамадзянаў, асуджаных паводле "пратэсных" крымінальных спраў у апошнім восеньскім месяцы. Суадносіны асуджаных мужчын і жанчын складаюць 83.92% і 16.08% адпаведна.

Праваабаронцам падчас маніторынгу стала вядома пра двух грамадзянаў, абвешчаных у вышук у сувязі з нез'яўленнем у судовае пасяджэнне без паважлівых прычын. У дачыненні да яшчэ аднаго фігуранта непасрэдна перад абвяшчэннем прысуду справа вылучаная ў асобную вытворчасць у сувязі з ягоным знаходжаннем на лістку непрацаздольнасці. ПЦ "Вясна" вядома пра двух грамадзянаў, пакаранне якім у апеляцыйнай інстанцыі на працягу месяца было змененае з абмежавання волі на пазбаўленне волі.

Назіранне за палітычнымі працэсамі зафіксавала ўжыванне да двух грамадзянаў прымусовых мер бяспекі і лячэння па выніках разгляду ў дачыненні да іх спраў. Да яшчэ двух асуджаных прымусовыя меры бяспекі і лячэння ўжытыя разам з іх асуджэннем да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Геаграфія судовага пераследу па палітычных матывах

Маніторынг "пратэсных" крымінальных спраў у лістападзе зафіксаваў шырокую геаграфію судовага пераследу грамадзян па палітычных матывах. Геаграфія разгледжаных у лістападзе палітычна матываваных крымінальных спраў па колькасці пераследаваных грамадзян, вядомых ПЦ "Вясна", выглядае наступным чынам:

  • Мінск – 56 чалавек;
  • Брэсцкая вобласць – 46 чалавек (Брэст, Баранавічы, Пінск, Жабінка, Драгічын, Кобрын, Бяроза);
  • Гомельская вобласць – 32 чалавекі (Гомель, Жлобін, Мазыр, Рэчыца, Светлагорск, Добруш, Рагачоў);
  • Мінская вобласць – 21 чалавек (Мінскі раён, Салігорск, Маладзечна, Клецк, Койданава, Капыль, Смалявічы, Мар'іна Горка);
  • Магілёўская вобласць – 17 чалавек (Магілёў, Бабруйск, Горкі, Быхаў, Клімавічы, Асіповічы);
  • Гродзенская вобласць – 15 чалавек (Гродна, Ліда);
  • Віцебская вобласць – 12 чалавек (Віцебск, Наваполацк, Орша, Лепель, Дуброўна, Докшыцы)

Віды і памеры пакарання паводле "пратэсных" крымінальных спраў

Маніторынг судовых працэсаў дазваляе прыйсці да высновы пра тое, што судовая сістэма ўжывае да фігурантаў спраў самыя суровыя віды пакарання, звязаныя з абмежаваннем і пазбаўленнем волі. Сумарна за лістапад па вядомых ПЦ "Вясна" справах суды вынеслі:

  • 156 гадоў і 5 дзён пазбаўлення волі ў дачыненні да 54 чалавек;
  • 91 год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") у дачыненні да 37 чалавек;
  • 101 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія") у дачыненні да 47 чалавек;
  • 6 месяцаў арышту для 2 чалавек;
  • 100 базавых велічынь штрафу для аднаго чалавека;
  • 280 базавых велічынь штрафу ў якасці дадатковага пакарання для 4 чалавек;
  • прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў дачыненні да 2 чалавек.

Па вядомых праваабаронцам прысудах паводле "пратэсных" крымінальных спраў у лістападзе суды ўжывалі пакаранне, звязанае са зняволеннем, у 37.76% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ ("хімія") суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 25.87% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія") ужывалася ў 32.87% выпадках асуджэння грамадзян. Арышт у якасці пакарання ўжываўся ў 1.4% выпадкаў, прымусовыя меры бяспекі і лячэння – у 1.4% выпадкаў асуджэння. Штраф ужываўся судамі ў 0.7% выпадкаў вынясення прысуду.

Такім чынам, пакаранне паводле палітычна матываваных крымінальных спраў, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе "хіміі", "хатняй хіміі" і арышту суды ўжывалі ў 99.3% выпадкаў асуджэння фігурантаў "пратэсных" спраў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства