“Хто вам даваў дазвол пісаць пра суд над маім мужам?” Што можна, а што нельга паведамляць у СМІ пра суды

2021 2021-11-24T13:29:00+0300 2021-11-24T14:19:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/femida2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Нярэдка на электронную пошту Праваабарончага цэнтра “Вясна” альбо ў каментарах да судовых рэпартажаў, размешчаных у сацыяльных сетках, прыходзяць паведамленні аб тым, што блізкія альбо сваякі асуджаных выступаюць супраць размяшчэння інфармацыі ў СМІ пра акалічнасці іх крымінальнага пераследу. Вось прыблізны змест такіх паведамленняў:

“Добры дзень. Я жонка В. Учора вы размясцілі інфармацыю аб выніках суда над ім, якая вірусна разышлася па ўсіх СМІ. Хіба мы давалі вам дазвол на адкрытую публікацыю нашых дадзеных?

“Хто вам дазволіў пісаць пра нашага сына? Тое, што вы расказалі пра суд – яму можа моцна нашкодзіць у далейшым жыцці…”

Ці, напрыклад, іншы эпізод. Былая чыноўніца аднаго з райвыканкамаў, адбыўшы прызначанае ёй судом пакаранне, звярнулася ў “Вясну”, каб з сайта прыбралі інфармацыю пяцігадовай даўніны пра яе крымінальную справу. Маўляў, трэба пачынаць новае жыццё і тыя “негатыўныя” звесткі ёй моцна будуць замінаць у далейшым.

Ці маюць такія звароты рацыю? Праваабаронцы звярнуліся за тлумачэннямі да экспертаў у галіне свабоды слова і інфармацыі. Прыводзім іх меркаванні.

Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка спасылаецца на дзейснае заканадаўства, якое адназначна сцвярджае, што суд павінен забяспечыць адкрытае судовае разбіральніцтва крымінальных спраў. І гэта агульнае правіла.

Закрытае судовае пасяджэнне дапускаецца па матываванаму вызначэнню (пастанове) суда толькі па падставах, прадугледжаных законам.

Павел Сапелка
Павел Сапелка

Якія правы маюць прысутныя на адкрытым судовым пасяджэнні?

Прысутныя на адкрытым судовым пасяджэнні маюць права весці пісьмовы запіс і аўдыёзапіс.

А вось фота-, кіназдымка і відэазапіс, а таксама трансляцыя ходу судовага паседжання ў рэжыме рэальнага часу з дапамогай глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт або іншых сродкаў сувязі дапускаюцца з дазволу старшыні ў судовым пасяджэнні і са згоды бакоў.

Дарэчы, гэтае абмежаванне можна абыйсці пры наяўнасці ў журналіста альбо наведвальніка судовага працэсу мастацкіх здольнасцяў – можна зрабіць графічны малюнак на паперы.

“Праваабаронцы заўсёды адстойвалі і будуць адстойваць свабоднае распаўсюджванне меркаванняў і інфармацыі, што заснавана на Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыі краіны, якая гарантуе права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя, – кажа Павел Сапелка. –  Выкарыстанне інфармацыі можа быць абмежавана заканадаўствам, г. зн. павінен быць "забараняльны" закон і толькі ў мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Усё, што адбываецца ў судзе ў адкрытым пасяджэнні, калі гэта не асабістая або сямейная таямніца, якая па недаглядзе суда стала прадметам адкрытага пасяджэння, можа быць распаўсюджана, гэта права ахоўваецца і Канстытуцыяй і Пактам".

Безумоўна, пад час маніторынгу судовых крымінальных працэсаў праваабаронцы трымаюць у галаве яшчэ адно няпісанае правіла: “Не нашкодзь!”. Аднак яно амаль цалкам паўтарае вышэйпрыведзеныя словы юрыста.

А як быць з абаронай персанальных дадзеных?

Намеснік старшыні Беларускай ассацыяцыі журналістаў, юрыст Алег Агееў звяртае ўвагу на некаторыя акалічнасці асвятлення судовых працэсаў прадстаўнікамі СМІ.

“Зараз у Беларусі ўступіў у сілу закон “Аб абароне персанальных дадзеных”, таму трэба вельмі ўважліва сачыць за патрабаваннямі людзей не распаўсюджваць іх персанальныя дадзеныя без іх згоды. Але, гэты Закон прадугледжвае і выключэнні, калі персанальныя дадзеныя можна збіраць і распраўсюджваць без згоды чалавека - суб'екта персанальных дадзеных. Так, можна распаўсюджваць агульнадаступныя персанальныя дадзеныя, гэта значыць, распаўсюджаныя самім суб'ектам персанальных дадзеных альбо з яго згоды або распаўсюджаныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўчых актаў. Таму дадзеныя аб ходзе судовых пасяджэнняў могуць распаўсюджвацца згодна патрабаванняў працэсуальнага заканадаўства аб галоснасці судовых пасяджэнняў,” – адзначае юрыст.

ageeu.jpeg
Алег Агееў. Фота: humanrightshouse.org

Акрамя таго, без згоды суб'екта могуць распаўсюджвацца дадзеныя ў мэтах ажыццяўлення законнай прафесійнай дзейнасці журналіста і (або) дзейнасці сродку масавай інфармацыі, накіраваных на абарону грамадскай цікавасці, які ўяўляе сабой патрэбнасць грамадства ў выяўленні і раскрыцці інфармацыі пра пагрозы нацыянальнай бяспекі, грамадскаму парадку, здароўю насельніцтва і навакольнага асяроддзя, інфармацыі, якая ўплывае на выкананне сваіх абавязкаў дзяржаўнымі службовымі асобамі, якія займаюць адказнае становішча, грамадскімі дзеячамі.

Алег Агееў кажа: "Адзінае, што трэба ўлічваць, што “згодна з Законам аб СМІ нельга распаўсюджваць інфармацыю аб непаўналетнім, пацярпелым у выніку супрацьпраўных дзеянняў (бяздзейнасці), уключаючы прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі маецца), фота - і відэамалюнка гэтага непаўналетняга, яго бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў, дату нараджэння непаўналетняга, аўдыёзапіс яго голасу, месца яго жыхарства, вучобы або працы, іншую інфармацыю, якая дазваляе прама ці ўскосна ўсталяваць асобу гэтага непаўналетняга, без згоды яго законнага прадстаўніка".

Застаецца дадаць, што бесстаронні аналіз крымінальнага працэсу праваабаронцамі, асвятленне суда прадстаўнікамі СМІ не маюць на мэце маніпуляваць “смажанымі фактамі”. У час, калі штодзень у краіне праходзяць дзесяткі палітычна матываваных працэсаў, а колькасць палітычных зняволеных хутка перасягне за тысячу, вельмі важна валодаць аб’ектыўнай інфармацыяй і даваць агалоску такім рэзанансным справам. Гэта можа паўплываць і на вынясенне прысуду, а таксама знізіць колькасць працэсуальных парушэнняў пад час судовага працэсу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства