Паўтара года абмежавання волі за адзін каментар пад здымкам міліцыянта ў "Аднакласніках"
Жыхарку Клімавічаў прызналі вінаватай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сацсетках. 12 лістапада ў судзе Клімавіцкага раёна разглядалі справу 62-гадовай жыхаркі Клімавічаў Наталлі Кавалёвай. Паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса Беларусі жанчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады. Летась у "Аднакласніках" яна пакінула зняважлівы каментар з нагоды знешнасці міліцыянта Андрэя Комара.
Справу разглядала суддзя Таццяна Галапузава. Бок абвінавачвання падтрымлівала пракурорка Наталля Гапеева.
Прадстаўляць свае інтарэсы ў судзе Наталля Кавалёва вырашыла без адваката, удакладніўшы, што яе адмова ад абароны не звязаная з матэрыяльным становішчам.
Пацярпелы Андрэй Комар на пасяджэнне суда не з'явіўся, але даслаў заяву з просьбай разгледзець крымінальную справу ў яго адсутнасць. Ён жа растлумачыў, што паказанні, якія ён даў падчас следства, падтрымлівае ў поўным аб'ёме і што дапоўніць па справе яму няма чаго. Комар настаяў на прыцягненні абвінавачанай да крымінальнай адказнасці і заявіў пазоўнае патрабаванне ў памеры 1000 рублёў "у сувязі з тым, што пакінутым каментаром Наталля Кавалёва зняважыла і абразіла ягоны гонар і годнасць не толькі як прадстаўніка ўлады, але і як чалавека".
Пацярпелы падкрэсліў, што праз каментар абвінавачанай падчас нясення сваёй службы ён неаднаразова сутыкаўся з нянавісцю і недаверам да яго з боку грамадзян.
Як паведаміла пракурорка, 29 траўня мінулага года, "прытрымліваючыся ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады", Наталля Кавалёва публічна абразіла старшага ўчастковага інспектара міліцыі УУС Бабруйска капітана міліцыі Андрэя Комара ў "Аднакласніках". Той самы каментар жанчына пакінула на старонцы адкрытага акаўнта карыстальніка Віктара Бабарова. На здымку ў ягоным допісе быў выяўлены Андрэй Комар, чыю знешнасць падсудная ў выніку і абразіла.
Паводле высноваў экспертаў, у тэксце каментара Наталлі Кавалёвай утрымлівалася негатыўная ацэнка пацярпелага.
Падчас допыту падсудная цалкам прызнала сваю віну і распавяла, што ў той дзень зайшла ў "Аднакласнікі" з тэлефона. На адной са старонак убачыла фотаздымак міліцыянта ў форме. Спачатку лайкнула допіс, а потым, "без задняй думкі", пад шматлікімі іншымі каментарамі пакінула свой.
"Не ведаю. Я не магу растлумачыць прычыны. Слова гонару, не магу. Дурасць у галаву стукнула і ўсё. Не разумела, што каментар абразлівы", — растлумачыла жанчына.
"На сённяшні дзень раскайваецеся?" — спытала суддзя.
"Вельмі! Калі б вы ведалі, як я раскайваюся. Больш не магу", — адказала падсудная і расплакалася.
Таксама жанчына растлумачыла, што раней з пацярпелым яна знаёмая не была, асабістай непрыязнасці да яго ніколі не адчувала, а калі пакідала абразлівы каментар, не разумела, што здзяйсняе крымінальнае злачынства.
У якасці пакарання пракурорка папрасіла для Наталлі Кавалёвай абмежаванне волі тэрмінам на паўтара года без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама запатрабавала спагнаць на карысць пацярпелага маральную шкоду на суму 1000 рублёў і мыту ў прыбытак дзяржавы ў памеры 87 рублёў.
Падчас апошняга слова падсудная скрозь слёзы звярнулася да суда: "Паважаны суд, я зрабіла вялікае глупства. Даруйце мне. Не хацела я гэтага. Ну выскачыла, ну што ты зробіш? Даруйце, калі можаце".
Абвяшчэнне прысуду адбылося 15 лістапада.
Суд прызнаў Наталлю Кавалёву вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК РБ ("Абраза прадстаўніка ўлады") і асудзіў да абмежавання волі тэрмінам на паўтара года без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На карысць пацярпелага Андрэя Комара суд спагнаў з Наталлі Кавалёвай маральную шкоду ў памеры 1000 беларускіх рублёў, а таксама мыту ў прыбытак дзяржавы ў памеры 87 беларускіх рублёў. Мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства быў канфіскаваны у прыбытак дзяржавы.