Хроніка палітычнага пераследу 11-12 лістапада Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 11-12 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пераслед 12 лістапада
Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем
Агенцтва можна знайсці ў спісе экстрэмісцкіх фармаванняў на сайце МУС. Рашэнне аб наданні агенцтву новага статусу КДБ прыняў яшчэ 1 лістапада.
У Магілёве затрыманы Сяргей Абушкевіч. Прычыны і абставіны высвятляюцца.
Сёння былі прызнаныя экстрэмісцкімі тры Telegram-чата:
- «Новополоцк 7 микрорайон чат»
- «Бел Ультра Радикалы БУР Кiлеры Карнiкi Каты Кiднэпiнг»
- «Чат.СсылокНеЖать.МодераНет. УкусиОппонента. УбейЕгоКлавой»
Інтэрнэт-рэсурсы анархісцкай групы "Прамень" прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем.
Па заявах пракуратуры Вілейскага раёна інфармацыйная прадукцыя старонак інтэрнэт-супольнасці «Навіны Вілейкі» ў сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Аднакласнікі» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Вярхоўны суд ліквідаваў Грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэнне».
Па заяве пракуратуры г. Наваполацка інфармацыйная прадукцыя Telegram-чата "Новополоцк 7 микрорайон чат" прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Пераслед 11 лістапада
У Слоніме каля грамадскага аўтобусу супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі Івана Крывушына.
Паведамляецца, што 40-гадовага жыхара Слоніма затрымалі за ўдзел у экстрэмісцкіх telegram-каналах і рэгістрацыю ў плане "Перамога". З ім апублікавалі "пакаяльнае відэа". Верагодна, яму пагражае арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).
У Вілейцы раніцай 11 лістапада на працоўным месцы затрыманы 34-гадовы Барыс Несцяровіч.
Цяпер ён утрымліваецца ў ІЧУ на Акрэсціна. Вядома, што ён затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК.
У Мінску пасля ператрусу затрыманая Ірына Радзькова. З Ленінскага РУУС яе даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
"Списки задержанных" таксама паведамляе пра затрыманне ў Мінску Уладзіслава Крука, Арцемія Каспяровіча, Ігара Станкевіча.
Пасля адміністрацыйнага арышту з Акрэсціна не выйшлі і былі перазатрыманыя Аляксей Гецьманаў (арыштавалі яшчэ на 10 сутак) і Яўген Люльковіч (арыштаваны ў пяты раз на дзесяць сутак, у выніку - 61 суткі).
Фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую аштрафавалі на 90 базавых велічыняў
Пра гэта паведамляе Беларускі фонд спартовай салідарнасці. Аляксандру затрымалі 10 лістапада пасля трэніроўкі. На яе быў складзены пратакол за «пікетаванне».
Справу палітзняволенага блогера Вадзіма Ермашука (Vadimati) перадалі ў пракуратуру
Вадзіму Ермашуку выставілі канчатковае абвінавачванне, яно засталося ранейшым: абраза прэзідэнта (368 КК) і здзек над дзяржаўнымі сімваламі (370 КК). Суд будзе праходзіць у судзе Шчучынскага раёна, паведамляе @nebovkletku.
Інфармацыя дапаўняецца.