viasna on patreon

Мінімум 26 чалавек пакаралі ў адміністрацыйным парадку ў першы тыдзень лістапада

2021 2021-11-08T16:28:48+0300 2021-11-08T17:14:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_zala13.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

У раённых судах Мінска і рэгіёнаў на працягу тыдня з 1 па 5 лістапада па адміністрацыйных справах да арышту асудзілі не менш за 21 чалавека, яшчэ пяці - прызначылі штрафы. Людзей прыцягвалі да адказнасці за "ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве", "дробнае хуліганства", "непадпарадкаванне міліцыі" і "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". 

Так, 3 лістапада была асуджаная экскурсаводка Аксана Манкевіч за непадпарадкаванне міліцыянтам па арт. 24.3 КаАП. Згодна з пратаколам, Манкевіч 2 лістапада ў 15:10 на вуліцы Арлоўскай 58/1 "аказала непадпарадкаванне Александровічу, адмовілася прайсці ў РУУС па факце разбіральніцтва ў падазрэнні ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне".

Віну на судзе Аксана не прызнала. Яна распавяла, што на выходных патэлефанаваў малады чалавек, прадставіўся Аляксеем і замовіў экскурсію для сваёй дзяўчыны. Яны дамовіліся сустрэцца ў 11 гадзін 2 лістапада на Плошчы Свабоды, 4. Калі Аксана прыйшла ў прызначаныя месца і час, то да яе падышоў малады чалавек, паказаў пасведчанне і апынулася, што гэта і быў той Аляксей, які замаўляў экскурсію. Манкевіч даставілі ў ГУБАЗіК, дзе атрымалі доступ да яе тэлефона, а таксама прапанавалі запісаць відэа, але затрыманая адмовілася. Пасля гэтага супрацоўнікі паехалі да Аксаны дадому і правялі ператрус. У выніку, суддзя Вікторыя Шабуня арыштавала Аксану на 15 сутак.


Палітзняволеную Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву арыштавалі ў (!) дзявяты раз на 15 сутак. Яе мужа Сяргея Крупеніча таксама арыштавалі на чарговыя 15 сутак. Пару асудзіла па ч. 2 арт. 19.11 КаАП суддзя Ленінскага раёна Анастасія Ачалава

Анастасія правядзе агулам за кратамі 126 сутак, а Сяргей — 127.


Супрацоўніцу HR дэпартамента Godel Technologies Вольгу Казадой затрымалі раніцай 4 лістапада супрацоўнікі САХРа і ГУБАЗіКа. У яе правялі два ператрусы: па месцы жыхарства і месцы рэгістрацыі. Пасля гэтага яе даставілі ў ГУБАЗіК, потым — РУУС і на ноч да суда — у ІЧУ на Акрэсціна.

5 лістапада справу супраць жанчыны разглядалі ў судзе Фрунзенскага раёна: на Вольгу склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП, згодна з якім яна "захоўвала ў асабістым акаўнце матэрыялы тэлеграм-канала "Баста", які прызнаны экстрэмісцкім". На судзе жанчына прызнала віну часткова, бо яна "чытае тэлеграм-каналы, але не распаўсюджвае іх".

Нягледзячы на шматлікія памылкі і несастыкоўкі ў справе, суддзя Юлія Блізнюк арыштавала Вольгу Казадой на 15 сутак.

Падрабязнасці з судоў у табліцы і ў тэлеграм-канале "Вясна назірае".

*Карыстайцеся пошукам і сарціроўкай, каб хутка знайсці інфармацыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства