#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”
17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.
Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Рык Дамс "рашуча асудзіў" рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у Беларусі. Асабліва ён занепакоены тым, што пад вартай працягваюць заставацца сем сябраў Праваабарончай арганізацыі "Вясна", якая займаецца дакументаваннем парушэнняў правоў чалавека, учыненых беларускімі ўладамі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.
"Сярод гэтых сямі чалавек — тры лідары "Вясны", у тым ліку Алесь Бяляцкі, яшчэ адзін лаўрэат прэміі імя Вацлава Гавела. Яны і многія іншыя па праве лічацца палітычнымі зняволенымі", — сказаў Дамс.
Прэзідэнт ПАСЕ асудзіў рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у Беларусі
Марфа Рабкова: “Усё адбывалася і адбываецца так, як павінна быць”
Каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова, якая ўжо больш за год знаходзіцца пад вартай, даслала чарговы ліст на волю.
“Я ў СІЗА сяджу доўга, таму ўжо ўсіх пераседзела. Многія асудзіліся, этапаваліся або вызваліліся. А я сяджу пад следствам”.
Праваабаронца распавядае, што ў СІЗА любіць размалёўкі і адкрыла для сябе японскія крыжаванкі. Дзяўчына піша, што іх можна дасылаць асобнымі аркушамі, а не цэлымі часопісамі. Таксама Марфа распавядае пра сябе і дзеліцца сваімі думкамі:
“З вялікім задавальненнем прымаю тваё запрашэнне наведаць пякарню і кандытарскую. Мне як раз трэба ад'ядацца, а то я моцна схуднела за апошні час. Хоць ем досыць шмат і амаль не рухаюся ў камеры. Актыўнасць праяўляю толькі падчас прагулкі ў дворыку: займаюся фізічнымі практыкаваннямі, качаю мышцы і прыводжу свой арганізм у тонус”.
Марфа піша, што з маральным станам у яе ўсё ў парадку і ні аб чым не шкадуе:
“Не шкадуй, усё адбывалася і адбываецца так, як павінна быць. Я трохі веру ў лёс і асабліва не шкадую аб тым, што ўжо адбылося. Я яшчэ веру, што людзі прыходзяць у наша жыццё і сыходзяць не проста так. Я не асабліва веру ў эзатэрыку ўсякую, а вось у гэта веру. Падумаеш яшчэ, што Марфа дзівачка і піша дзіўныя рэчы. Я хоць і сяджу амаль год, але знаходжуся ў сваім розуме і цвёрдай памяці. З маральным станам таксама ўсё ў парадку”.
Дасылайце лісты ці паштоўкі Марфе:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
“Ён імкнецца радавацца дробязям: піша, як выйшаў на шпацыр і быў рады пачуць спеў птушак”. Андрэй Чапюк год за кратамі
Больш за год валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк утрымліваецца ў СІЗА. За гэты час ён прачытаў 55 кніг, заканспектаваў тры агульныя сшыткі па кнізе па праграмаванні і навучыўся адціскацца на адной руцэ.
“Ён гатовы дапамагаць як сябрам, так і незнаёмым людзям, – кажа Алена, дзяўчына Андрэя . – Напрыклад, калі ён працаваў на фабрыцы “Галантэя” і жыў у інтэрнаце, побач з ім жыла дзяўчына з нованароджаным дзіцём. Яна была адзінокая, таму Андрэй пачаў дапамагаць ёй, чым можа, – напрыклад, збіраў ёй каляску. Таксама ён перыядычна ўдзельнічаў у ініцыятыве, удзельнікі якой кормяць бясхатнікаў.
Калі пачаліся пратэсты, ён збіраў перадачы з рэчамі першай неабходнасці для затрыманых людзей, якім не было каму дапамагаць. А перад сваім арыштам хваляваўся, што ў бацькі няма зімовай курткі: хацеў зарабіць крыху грошай і набыць яе. Не паспеў”.
У СІЗА Андрэй прачытаў каля 55 кніг: акрамя кнігі па праграмаванні, вывучае класіку – нядаўна прачытаў “Што рабіць?” Чарнышэўскага. Да арышту адной з ягоных любімых кніг была “Мастацтва любіць” Фрома. Ужо ў зняволенні яму дужа спадабалася “Бусіда”. Таксама хлопец вельмі цікавіцца навінамі са свету айці, таму будзе рады абмеркаваць іх у лістах.
Прачытаў 55 кніг і навучыўся адціскацца на адной руцэ. Чаго за год у СІЗА дасягнуў Андрэй Чапюк
Дасылайце лісты ці паштоўкі Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Андрэю Сяргеевічу Чапюку |
Валянцін Стэфановіч: “Найлепшыя прадстаўнікі нашага народу ляжаць у Курапатах”
Намеснік старшыні “Вясны” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Валянцін Стэфановіч таксама даслаў на волю лісты. У адным з іх ён паразважаў пра сваё зняволенне і падзяліўся, пры якіх абставінах яму даводзілася святкаваць свае Дні народзінаў раней:
“Месца для святкавання і праўда, мякка кажучы, неардынарнае :). У розных абставінах мне прыходзілася адзначаць свае Дні народзінаў: і ў войску, і ў міжнародных місіях па назіранні за выбарамі, і падчас розных працоўных паездак у розных незнаёмых гарадах. Таму гэты Дзень народзінаў я, канешне, запомню на ўсё жыццё. Самае галоўнае, каб наступныя некалькі Днёў народзінаў я не адзначаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму ў адной з папраўчых калоній. Не хацелася б, канечне, але як будзе, так і будзе. Я прыму любы выклік лёсу.
Даўно так нявызначана не было ў маім жыцці. Хаця, з іншага боку, у жыцці шмат нявызначанага бывае. Калі ўсё вызначана загадзя, гэта вельмі сумна і нецікава. Так што Жыве рок-н-рол!”
Таксама Стэфановіч выказаў свае думкі наконт запланаванага на люты рэферэндума.
“Шмат гляджу ТВ, таму ў курсе апошніх падзеяў. Я маю на ўвазе рэферэндум. Зразумеў, што будзе “мяккі транзіт” улады. Ну што тут скажаш: гэта ёсць вынік мінулагодніх падзеяў, калі грамадства вельмі зразумела выказала свой недавер. Вядома, што гэта не тое, што хочуць людзі і гэта далёка ад паўнавартаснага адпраўлення дэмакратыі ў краіне, але гэта змушаныя крокі і гэта пачатак канца.
Паглядзім, як будуць разгортвацца далейшыя падзеі, але зразумела, што ён загнаў сябе ў кут, і магчымасцяў для манеўру зараз у яго няма. Верагодна, што пасля рэферэндума сітуацыя будзе больш спрыяльная для мяне і для ўсіх нашых вязняў”.
Валянцін Стэфановіч — пра рэферэндум: Гэта пачатак канца
У яшчэ адным з лістоў на волю Валянцін напісаў пра расстраляных паэтаў:
“Я ведаю пра сумны лёс Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага і іншых нашых палітычных і грамадзкіх дзеячоў, пісьменнікаў і паэтаў. Уся нашая нацыянальная эліта была вычышчаная ў 30-я гады сталінізму. Таму мы і зараз маем гэтую брыдкую адрыжку сталінізма, бо найлепшыя прадстаўнікі нашага народу ляжаць у Курапатах і ім падобным месцах. У Менску дагэтуль не ўшанаваная памяць людзей, якія стаялі ля вытокаў нацыянальнага адраджэння на пачатку 20 стагоддзя. Няма ім ні помнікаў, ні названыя іх імёнамі вуліцы, ні плошчы. Затое іх катамі названыя вуліцы і ў самым цэнтры стаяць ім помнікі, а іхнія нашчадкі працягваюць іх “найлепшыя” традыцыі. Усе гэтыя нашыя ленінцы-дзяржынцы, камсамольцы-піянеры.
Я зараз прачытаў тут вельмі цікавую кнігу Оўэна Мэцьюза “Антисоветский роман”. Вельмі цікавая і цяжкая кніга брытанскага пісьменніка (валійца па нацыянальнасці), дзе на прыкладзе сям’і ягонай маці паказаная ўся жахлівая, бесчалавечная сутнасць савецкай камуністычнай сістэмы: ад знішчэння “ворагаў народа” ў сталінскія часы да ўсюдыіснага кантролю КДБ у 70-80-я гады ў СССР. Ягоны бацька, брытанец, пяць гадоў дамагаўся права ажаніцца са сваёй каханай дзяўчынай у СССР. Пачытай, калі цікава і ёсць час. Вельмі карысна для разумення, адкуль мы ўсе выйшлі і чаму мы маем зараз тое, што маем. Працэс гэты, паміранне саўка, аказаўся не такі хуткі, як хацелася б. Толькі зараз такі працэс пачаўся ў грамадстве”.
Дасылайце лісты салідарнасці Валянціну:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу |
Мастак Уладзіслаў Бохан паўдзельнічаў у конкурсе ў падтрымку “вясноўца” Валянціна Стэфановіча
У конкурсе ілюстрацый “Кот на Валадарцы” ў падтрымку палітзняволенага праваабаронцы “Вясны” Валянціна Стэфановіча прыняў удзел беларускі мастак Уладзіслаў Бохан. Мастак назваў сваю працу, якую напісаў алеем, “Воля там, дзе ты”.
Конкурс ілюстрацый працягваецца, узяць удзел у ім вельмі проста:
- намалюйце Ката,
- запосціце яго ў сацсетках з хэштэгам #FreeViasna, альбо дашліце малюнак нам на пошту freeviasna@gmail.com да 4 лістапада,
- потым мы абярэм пераможцу і дашлем памятны прыз!
За мінулы тыдзень не было навінаў ад Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча.
Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю і Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
У Гомелі працягваецца разгляд справы супраць “вясноўцаў” Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы
18 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомелся мусілі працягнуцца спрэчкі бакоў па справе Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы ды Марыі Тарасенкі, але Марыя не з'явілася на суд.
Па інфармацыі праваабаронцаў, суд перанеслі на 20 кастрычніка, але Марыю не знайшлі да гэтага часу. На судзе пракуроры прасілі месяц для вылучэння крымінальнай справы супраць Марыі Тарасенка ў асобную вытворчасць, але суддзя Сяргей Салоўскі даў на гэта толькі тыдзень. 26 кастрычніка на судзе аднавілася судовае следства, верагодна прысуд будзе вынесены ў сярэдзіне лістапада.
Нагадаем, суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі “Вясны” Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка распачаўся 3 верасня. Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). 13 кастрычніка пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запатрабавалі пакаранне палітзняволеным праваабаронцам: для Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы — па тры гады пазбаўлення волі, Марыі Тарасенка — два з паловай гады пазбаўлення волі.
Па справе гомельскіх праваабаронцы і валанцёрак аднавілася судовае следства — прысуд чакаецца ў лістападзе
Дасылайце лісты ці паштоўкі Леаніду ды Таццяне:СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу Судаленку |
Напішы адкрыты ліст у падтрымку зняволеных "вясноўцаў"
Дасылайце вашыя адкрытыя лісты салідарнасці ў падтрымку зняволеных "вясноўцаў" нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх “вясноўцам”, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.