Па справе гомельскіх праваабаронцы і валанцёрак аднавілася судовае следства — прысуд чакаецца ў лістападзе
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля з трэцяга верасня ідзе судовае разбіральніцтва над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі “Вясны” Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. 13 кастрычніка пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запатрабавалі пакаранне палітзняволеным праваабаронцам: для Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы — па тры гады пазбаўлення волі, Марыі Тарасенка — два з паловай гады пазбаўлення волі. 18 кастрычніка мусілі працягнуцца спрэчкі бакоў, але Марыя Тарасенка не з'явілася на суд.
Па інфармацыі праваабаронцаў, суд перанеслі на 20 кастрычніка, але Марыю не знайшлі да гэтага часу. На судзе пракуроры прасілі месяц для вылучэння крымінальнай справы супраць Марыі Тарасенка ў асобную вытворчасць, але суддзя Сяргей Салоўскі даў на гэта толькі тыдзень. 26 кастрычніка на судзе аднавілася судовае следства па крымінальнай справе супраць Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы. Арыенціровачна прысуд будзе вынесены ў сярэдзіне лістапада.
Нагадаем, суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі “Вясны” Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка распачаўся 3 верасня. Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Разгляд справы суддзя Сяргей Салоўскі па прапанове пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова праводзіць у закрытым рэжыме. Марыя знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, а Леанід і Таццяна — пад вартай з 18 і 21 студзеня 2021 года адпаведна.
Суд над гомельскімі праваабаронцам і валанцёркамі: Што вядома пра справу і суддзю?
Як распавёў у сваіх лістах праваабаронца "Вясны", у віну яму ставіцца:
- эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за "беспарадкі”;
- відэа на ютубе з "Рудабельскай паказухі", дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
- заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак;
- семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
- аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.
Заклікаем падтрымаць нашага калегу Леаніда і валанцёрку Таццяну лістамі салідарнасці: Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу Судаленку |
Леанід Судаленка: "Прыемна чуць, як сведкі на судзе кажуць "дзякуй", звяртаючыся да мяне ў клетку"