viasna on patreon

Гісторыя: 30 кастрычніка – Дзень палітвязня ў СССР

2021 2021-10-30T18:27:25+0300 2023-10-25T14:27:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kranid_liubarski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

30 кастрычніка адзначаецца Дзень палітвязня ў СССР. Пачынаючы з 1974 года палітвязні ў савецкіх лагерах аб'яўлялі галадоўку і праводзілі акцыі пратэсту. "Вясна" прапануе ўспомніць, што гэта за дзень і як ён паўстаў – разам з прадстаўнікамі праваабарончага цэнтра "Мемарыял" і гісторыка-асветніцкага таварыства "Міжнародны Мемарыял".

Дзень палітвязня ў СССР vs Дзень савецкага палітвязня

Першапачаткова 30 кастрычніка планавалася назваць Днём савецкага палітвязня. Пра гэта кажа Аляксей Макараў, гісторык і супрацоўнік "Міжнароднага Мемарыяла", а таксама сябра Рады ПЦ "Мемарыял"):

"Аднак хутка зразумелі, што вельмі шмат украінцаў і літоўцаў не лічаць сябе грамадзянамі СССР, а лічаць, што іх тэрыторыі былі акупаваныя. Таму вырашылі, што [правільнай назвай будзе менавіта] дзень палітвязня ў СССР".

Дзе ўтрымліваліся палітвязні ў СССР на момант 1974 года?

СССР не прызнаваў існаванне палітычных зняволеных, адзначае Аляксей Макараў. І такія людзі знаходзіліся ў лагерах "для людзей, якія ўчынілі асабліва небяспечныя дзяржаўныя злачынствы". Сярод іх былі асуджаныя па артыкуле 70 – "антысавецкая агітацыя і прапаганда" , а таксама за ўдзел у антысавецкай арганізацыі.

Але акрамя таго, у такіх лагерах сядзелі і людзі, асуджаныя па артыкуле 64 – "здрада радзіме". А прысуджалі да гэтага артыкула не толькі па палітычных матывах:

"Ён быў вельмі розным у сваім ужыванні: гэта і спроба ўцёкаў за мяжу, і шпіянаж, і ваенныя злачынствы (напрыклад, «паліцаі»). Таму ў палітычных лагерах знаходзіліся як палітвязні, так і людзі, асуджаныя за ваенныя злачынствы", – адзначае Аляксей Макараў і дадае: менавіта таму палітвязні ў лагерах патрабавалі, каб іх аддзялілі ад непалітычных асуджаных.

Пермскія палітычныя лагеры паўсталі ў 1972 годзе. А ў Мардовіі палітычныя лагеры з'яўляюцца спадчыннікамі Цемнякоўскіх лагераў сталінскага перыяду і "Дубраўлага" часоў Хрушчова, распавёў Аляксей Макараў. Менавіта мардоўскія лагеры з'яўляюцца самымі "вядомым" лагерамі, дзе ўтрымліваліся палітвязьні.

mardouskija_lagery_penson.jpg
Мардоўскія лагеры 70-х. Аўтар малюнка: Барыс Пенсон

За што сядзелі беларусы у паслясталінскія часы?

"Мемарыял" ведае пра 80 палітвязняволеных беларусаў, якія сядзелі ў савецкіх лагерах пасля 1956 года. З іх 20 – гэта вернікі, у асноўным баптысты (аднак яны як правіла траплялі ў "звычайныя" крымінальныя лагеры, а не палітычныя). І каля 60 чалавек, якія сядзелі ў мардоўскіх лагерах. За што?

"Па-рознаму, – адказвае Аляксей Макараў. – У хрушчоўскія часы гэта мог быць распаўсюд улётак, надпісы на выбарчых бюлетэнях, лаянка на членаў партыі і ўрада. Але ў 60 –70-я гг было некалькі чалавек, якія разумелі, на што яны ідуць [калі займаліся актывізмам – заўв. рэд ]. Напрыклад, у 1962 годзе за распаўсюд самвыдату быў арыштаваны акцёр тэатра Эдуард Гарачы. Але самы вядомы палітвязень Беларусі паслясталінскіх часоў – Міхаіл Кукабака – так і не трапіў у мардоўскія лагеры. Ён сядзеў у спецыяльных псіхіятрычных бальніцах, у крымінальных лагерах, у пермскіх палітычных лагерах".

** І Міхаіл Кукабака, і Эдуард Гарачы жывуць і цяпер.

kukabaka1990.jpg
Міхаіл Кукабака на акцыі Дзяды, у 1990-м годзе. Мінск, парк Чалюскінцаў. Фота: vytoki.net

Менавіта палітвязень з Мардоўскага лагера і прыдумаў Дзень палітвязня. Гэта быў Кранід Любарскі, асуджаны па ўсё тым жа 70-й артыкуле.

Як узнік дзень палітвязня ў СССР і як яго сустракалі

Пра гэта распавядае Алег Арлоў, сябра рады ПЦ "Мемарыял" і член праўлення "Міжнароднага Мемарыялу":

"Кранід Любарскі сам успамінаў, што калі прыехаў у лагер у 1973 годзе, то сутыкнуўся з вялікай нечаканасцю для сябе: палітвязні былі паміж сабой даволі раз'яднаныя. Яны разбіліся на зямляцтва (палітвязні з нацыянальных рэспублік, якія былі барацьбітамі за незалежнасць; асобна былі габрэйскія палітвязні, якія выступалі за свабоду выезду). А рускія палітвязні таксама былі раз'яднаныя паміж сабой: лібералы, дэмакраты і нацыяналісты – і таксама стваралі паміж сабой групы.

І Кранід быў трошкі гэтым шакаваны. Ён падумаў, што патрэбныя адзіныя дзеянні, якія б аб'ядналі ўсіх палітвязьняў".

kranid_liubarski.jpg
Кранід Любарскі пасля вызвалення з лагера. 1977 год.

Вясной 1974 года Кранід апынуўся ў лагернай бальніцы. Туды звозілі людзей з розных лагераў і, больш таго, з розных рэжымаў (агульнага, строгага). Таму толькі там, у лагернай бальніцы, яны і маглі пабачыцца.

Там Кранід Любарскі і пазнаёміўся з палітвязнем Аляксеем Муржэнкам, які сядзеў на строгім рэжыме.

"Менавіта ў бальніцы яны абмеркавалі гэтую ідэю і вырашылі, што патрэбны нейкі аб'яднаўчы дзень. Бо тады ў СССР быў Дзень шахцёра, Дзень лекара... А чаму б і нам не зрабіць? Вось ёсць палітзэкі – значыць, зробім Дзень палітычнага вязьня".

Чаму менавіта 30 кастрычніка? Гэтая дата была абраная збольшага выпадкова, але – і не зусім.

"Яны вырашылі так: цяпер вясна, нам трэба некалькі месяцаў, каб падрыхтаваць гэтую акцыю, каб інфармацыя паспела разысціся па розных лагерах і выйсці на волю. Давай бліжэй да восені? Давай! Калі? а вось ёсць такая дата 7 лістапада, якую наш Савецкі Саюз святкуе. А давай ім папсуем гэтую дату і ледзь-ледзь незадоўга напярэдадні зробім!", – рэканструяваў размову Любарскага і Муржэнка Алег Арлоў.

Любарскі і Муржэнка раз'ехаліся па сваіх лагерах. У мардоўскім лагеры палітвязні гэтую ідэю ўспрынялі з энтузіязмам.

"Лагерныя стукачы даволі хутка зразумелі: нешта рыхтуецца, –  распавядае Алег Арлоў. – І паслалі гэтую інфармацыю ў оперчастку. У оперчастцы не да канца разумелі, што менавіта палітвязні задумалі. І ад граху падалей раскідалі гэтых людзей у розныя лагеры. Тым самым яны толькі дапамаглі інфармацыі распаўсюдзіцца да 30 кастрычніка. Больш таго, інфармацыя трапіла на волю".

І 30 кастрычніка 1974 года ўпершыню ў лагерах была праведзена акцыя. Усе палітзняволеныя аб'явілі аднадзённую галадоўку. Таксама кожны чалавек гучна і адкрыта абвяшчаў тыя ідэі, якія прывялі яго за краты, распавёў Алег Арлоў.

"Зразумела, што кожнага ў лагеры, хто так супрацьстаяў, чакала суровае пакаранне. Любарскаму за "непрыстойныя паводзіны ў лагеры" зрабілі яшчэ больш жорсткім пакаранне, і ён быў пераведзены з лагера ў турму – Уладзімірскі цэнтрал. Там ён таксама паспеў распаўсюдзіць інфармацыю пра Дзень палітвязня".

У Маскве ў гэты дзень на кватэры ў Сахарава была праведзена прэс-канферэнцыя. Там былі абвешчаныя дакументы і заявы, атрыманыя з лагераў, а таксама заявы маскоўскіх дысідэнтаў, якія яшчэ пакуль былі на волі. Больш за тое, пад кіраўніцтвам Сяргея Кавалёва быў падрыхтаваны спецыяльны выпуск "Хронікі бягучых падзей" (нумар 33) , прысвечаны 30-му кастрычніку.

Дзень палітвязня ў СССР адзначаўся да гарбачоўскіх часоў.

"У лагерах гэта быў галадоўка і іншыя формы пратэсту, а на волі праводзіліся розныя акцыі і прэс-канферэнцыі, розныя формы размовы аб палітычных зняволеных. Калі ў нейкі год немагчыма было правесці прэс-канферэнцыю, то рабілася заява. Напрыклад, у 1979 годзе было выпушчана спецыяльная заява Маскоўскай хельсінкскай групы аб амністыі палітвязняў. У 1982 годзе на кватэры Сахарава Алена Бонар рыхтавала прэс-канферэнцыю – але яна была сарваная кдбшніками, якія туды прыйшлі", – распавёў Алег Арлоў.

Пры Гарбачове былі адпушчаныя палітвязні, якія сядзелі па артыкуле 70. Асуджаных за "здраду радзіме" вызвалілі крыху пазней – бо трэба было разабрацца з кожным канкрэтным выпадкам і зразумець, ці быў гэты артыкул ужыты менавіта па палітычных матывах, а не за рэальныя злачынствы. З такімі справамі разбіраўся Камітэт правоў чалавека РФ, у ім працаваў і сам Алег Арлоў. Да пачатку 1992 года ўсе палітвязні былі вызваленыя, адзначае Арлоў.

Сучаснасць і чаму нельга "дараваць"

З 1991 года ў РФ на афіцыйным узроўні 30 кастрычніка з'яўляецца Днём памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Але такая назва Алегу Арлову не падабаецца:

"Некалькі гадоў таму на скрыжаванні праспекта імя Сахарава і Садовага кальца [у Маскве] быў адкрыты вялікі помнік ахвярам палітычных рэпрэсій. Гэты помнік таксама нясе сваю ідэалагічную нагрузку, адрозную ад таго, як мы [праваабаронцы – заўв.рэд] разумеем гэты дзень. Напрыклад, там ёсць слова "памятаць", "не забыць" ... і слова "дараваць". Разумееце? для нас слова "дараваць" непрымальна. Чаму мы павінны дараваць страшныя злачынствы? Злачынства ёсць злачынства, і прабачэння ім не павінна быць.

Акрамя таго, для нас, як і для Краніда Любарскага, гэта – дзень барацьбы. Гэты дзень – і пра сёння таксама".

На момант 30 кастрычніка 2021 года ў Беларусі – 831 палітвязень. У Расіі – 423.

"Пасля скону Савецкага Саюза ў нейкі момант здавалася, што тэма палітвязьняў – гэта іэма гісторыі, – сказаў Аляксей Макараў. – Аднак праз 5-10 гадоў сітуацыя змянілася. І па-ранейшаму аўтарытарныя рэжымы лічаць людзей, якія рэалізуюць свае правы і свабоды або крытыкуюць уладу – людзьмі, якія павінны быць далей і пажадана за калючым дротам. І на жаль, і ў вас [у Беларусі – заўв.рэд. ] і ў нас [у Расіі – заўв.рэд.] тэндэнцыя [ідзе] толькі да нарастання рэпрэсіўнага заканадаўства, і да колькасці пераследуемых па палітычных матывах".

Заклікаем вас падтрымаць беларускіх палітзняволеных, якія знаходзяцца зараз у СІЗА, турмах, калоніях і ПУАТ, лістамі салідарнасці! Іх адрасы можна знайсці тут.

Спіс расійскіх палітвязняў публікуе на сваім сайце ПЦ "Мемарыял".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства