viasna on patreon

Экстрэмізм у асабістых перапісках, удзел у Маршах і відэа на фоне картэжу Лукашэнкі: за што кідалі на "суткі" беларусаў у верасні

2021 2021-10-02T21:38:28+0300 2021-10-04T11:24:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У верасні беларускія ўлады не спынілі хвалю рэпрэсій супраць беларусаў, якія працягваюць выказваць свой пратэст мірным шляхам ужо больш за год. Сілавікі працягваюць праводзіць ператрусы па крымінальных справах, а потым кідаць беларусаў за краты па адміністрацыйных пратаколах за «дробнае хуліганства» і «непадпарадкаванне міліцыянтам». Праваабаронцам «Вясны» вядомыя вынікі 81 судовых працэсаў, якія праходзілі цягам верасня. За мінулы месяц суддзі аштрафавалі 17 чалавек на агульную суму 33 350 тысяч беларускіх рублёў (1 150 базавых велічыняў) і арыштавалі 64 чалавекі агулам на 924 сутак. Да спіса «народных» артыкулаў далучыўся арт. 19.11 КаАП – распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць. У мінулым месяцы па гэтым артыкуле арыштавалі і аштрафавалі мінімум 20 чалавек, з якіх толькі семярых пакаралі штрафам, астатніх кінулі на «суткі». «Вясна назірае» склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў адміністрацыйна пераследавалі ў верасні.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

За герб Пагоня на падгалоўніку сядзення ў аўтамабілю 

На 47-гадовага Дзмітрыя Ланіна 28 верасня склалі пратакол за тое, што на падгалоўніку сядзення аўтамабіля была выява герба Пагоня. Міліцыянты расцанілі гэта як «несанкцыянаванае пікетаванне» і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Згодна з паказаннямі сведкі на судзе, яны з калегам патрулявалі раён і заўважылі ў машыне мінчука «пратэсны знак», але адразу яго вырашылі не затрымліваць. Міліцыянты ехалі за Дзмітрыем некаторы час, а спынілі толькі на вуліцы Прытыцкага. Таксама на судзе міліцыянт блытаўся ў паказаннях і замест падгалоўніку сядзення сказаў, што герб Пагоня быў размешчаны на падушцы ў машыне. У выніку, герб мужчына адразу прыбраў, але гэта не выратавала яго ад затрымання. Вядома, што ў Фрунзенскім РУУСе ў Дзмітрыя здарыўся гіпертанічны крыз і мужчыну выклікалі хуткую дапамогу. Але ў Акрэсціна яго так і не вызвалілі. На наступны дзень суддзя Ала Скуратовіч пакарала Ланіна 15-сутачным арыштам.

За БЧБ-валасы

Раніцай 9 верасня на вуліцы Адзінцова ў Мінску затрымалі 19-гадовую Вікторыю Лёвіну. Міліцыянтам не спадабаўся колер валасоў дзяўчыны, таму яе затрымалі і адвезлі ў Фрунзенскі РУУС. На Вікторыю склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, дзе пазначылі, што яна «правяла пікетаванне, маючы на галаве афарбоўку валасоў бел-чырвона-белага колеру». Суд над дзяўчынай адбыўся ў той жа дзень у судзе Фрунзенскага раёна. Вікторыя распавяла, што валасы пафарбавала амаль паўгода таму дзеля жарту. Адразу яны былі белыя, а ззаду некалькі пасмаў чырвонага колеру. Але ў дзяўчыны адраслі чорныя карані валасоў, таму яны цяпер маюць афарбоўку «чорна-бел-чырвоную». Суддзя Наталля Бугук папрасіла па скайпу Лёвіну павярнуцца і паказаць, як выглядае колер валасоў. Суддзя адзначыла, што ў яе «вельмі цікавая і арыгінальная прычоска» і прызнала Вікторыю вінаватай у пікетаванні. Вынік — штраф у памеры 2320 рублёў (80 базавых).

За відэапаведамленне на фоне руху картэжу Лукашэнкі

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Увечары 10 верасня па праспекце Пераможцаў у Мінску праязджаў картэж Лукашэнкі. Па словах 24-гадовага Антона Герасімовіча, каля Палаца спорту да яго з дзяўчынай падышлі міліцыянты і папрасілі іх спыніцца і пачакаць пакуль праедзе картэж. У гэты момант Антон вырашыў запісаць відэапаведамленне на сваім тэлефоне. Міліцыянты расцанілі гэтае дзеянне як «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП). Але ў пратаколе яны пазначылі, што Антон «чапляўся да грамадзян, гучна крычаў, размахваў рукамі, спрабаваў учыніць бойку, пры гэтым нецэнзурна лаяўся». Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што хлопца затрымалі менавіта з-за яго паводзінаў. «Александровіч» не бачыў ні тэлефон у руках Антона, ні тое, што былі спыненыя рух транспарту і людзі каля праезнай часткі. Віну Герасімовіч не прызнаў, бо лічыць, што падставай для яго затрымання стаў тэлефон у яго руках. Суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк палічыў віну Антона даказанай і пакараў хлопца 15-сутачным арыштам.

За БЧБ-налепкі

30-гадовага Аляксандра Сідарэнку затрымалі раніцай 9 верасня ў Сухарава пасля скаргі «неабыякавага грамадзяніна». Згодна з рапартам супрацоўніка Фрунзенскага РУУСа, ім патэлефанаваў невядомы і паскардзіўся на БЧБ-налепку на багажніку машыны Сідарэнкі. Міліцыянты хутка зрэагавалі на званок і праз 20 хвілін мужчыну ўжо затрымалі. На яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. На судзе Аляксандр адмовіўся даваць паказанні і пагадзіўся з пратаколам. Ён толькі сказаў, што налепку размясціў яшчэ ў 2019 годзе. Падчас судовага паседжання суддзі Блізнюк патэлефанавалі і яна пачала размаўляць наўпрост падчас працэсу: «Доўга гаварыць не магу. У мяне скайп. У нас тут куча гэтых красаўцаў». У выніку, суддзя прызнала вінаватым Аляксандра і арыштавала яго на 15 сутак.

50-гадовага інжынера Дзмітрыя Катлабая абвінавацілі ў размяшчэнні БЧБ-налепкі на стойцы святлафора. На мужчыну склалі пратакол за «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП). На просьбу суддзі апісаць Дзмітрыя падчас затрымання, міліцыянт пералічыў адзенне, якое ўбачыў на Катлабае падчас відэасувязі ў судзе. Сам Дзмітрый на судзе заявіў, што міліцыянт яго з кімсьці пераблытаў, бо ні месца затрымання, ні адзенне на ім цяпер не супадаюць. Ён патлумачыў, што выходзіў з парку, крыху прайшоў і да яго з іншага боку падышлі супрацоўнікі. Дзмітрый добра памятае, што ў супрацоўнікаў працавалі відэарэгістратары, бо падчас затрымання супрацоўнікі патэлефанавалі камусьці і сказалі, што «Дзмітрыя затрымалі і ўсё запісана». Потым мінчука павезлі дадому, каб правесці ператрус. Дома ён змог пераапрануцца, таму ў судзе ён быў ужо не ў тых рэчах, якія былі на ім падчас затрымання. Гэта могуць пацвердзіць і фотаздымкі, якія зрабіла следчая Вераніка Жыліч — яна фатаграфавала Катлабая яшчэ да ператрусу. Падчас затрымання ў кішэні мужчыны знайшлі БЧБ-налепкі, але ён сцвярджае, што не налепліваў іх на святлафор. Суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк пакараў мужчыну 15-сутачным арыштам.

10 верасня на «Мінск-Арэне» затрымалі 23-гадовага Дзмітрыя Лойку. Па словах сведкі-міліцынта, падставай для затрымання сталі падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. У Цэнтральным РУУСе на хлопца склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП, бо ён нібыта на тэрыторыі РУУСа аказаў непадпарадкаванне міліцыянту, адмовіўшыся прайсці ў будынак. Але, як сцвярджае сам Лойка, затрымалі яго за налепку з Пагоняй на тэлефоне, а непадпарадкаванне ён не аказваў. У выніку, суддзя Дзмітрый Карсюк арыштаваў хлопца на 15 сутак.

За акцыю ў падтрымку Знака і Калеснікавай

9 верасня адбыўся ператрус у некалькіх пенсіянерак, якіх судзілі раней за акцыю з чытаннем кніг у электрычцы. Пасля ператрусу затрымалі 60-гадовую Ірыну Новік, 61-гадовую Наталлю Агейчык і Алу Буянкову. Справы ўсіх жанчын разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк.

Жанчын абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасня на вуліцы Старажоўскай у Мінску. Міліцыянт «Аляксандровіч» на судзе сцвярджаў, што асабіста бачыў дзесяць чалавек у белых цішотках з надпісам «23.34», але запомніў толькі Ірыну, Наталлю і Алу. Па яго словах, жанчын адразу не затрымалі, бо былі вымушаны «паехаць на грамадска-значнае правапарушэнне». У матэрыялы справы далучылі скрыншот з відэа, але на ім усе ўдзельнікі сядзяць спіною. Меркавана, гаворка ідзе пра відэа, якое знялі ў падтрымку Максіма Знака і Марыі Калеснікавай. Наталля Агейчык сваю віну не прызнала. Вядома, што ператрус у яе кватэры праводзілі супрацоўнікі КДБ. Жанчына звярнула ўвагу суддзі, што яны так і не знайшлі цішотку, у якой яна нібыта была на акцыі. Суддзя адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер назірання, на якіх бачна, што ў час «правапарушэння» яна размаўляла з суседкай. Вынік — 30 сутак арышту.

Ірына Новік распавяла, што 6 верасня была ў парку з дачкой. Суддзя таксама адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер назірання банку, у які Ірына заходзіла. Карсюк прызнаў вінаватай Новік і арыштаваў яе на 15 сутак.

Ала Буянкова адмовілася даваць паказанні, бо не бачыць у гэтым сэнсу. Суддзя пакараў яе 15-сутачным арыштам.

За спрэчку з міліцыянтамі  

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

61-гадовага Міхаіла Дубіну 8 верасня затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту за лозунг "Жыве Беларусь" у тралейбусе. "Неабыякавы грамадзянін" паскардзіўся ў міліцыю на тое, што "невядомы мужчына выходзіў і выкрыкваў лозунг". Таму па выхадзе з транспарту Міхаіла адразу затрымалі міліцыянты. У Фрунзенскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. Справу Дубіны разглядзела суддзя Марыя Ярохіна. Міхаіл сцвярджаў, што ў тралейбусе паспрачаўся з двума мужчынамі на шакаладку, што выкрыкне "Жыве Беларусь". У выніку, аказалася, што гэтыя мужчыны – міліцыянты ў цывільным. Суддзя Ярохіна прызнала Міхаіла вінаватым і пакарала яго 30-сутачным арыштам.

За "непадпарадкаванне" ўчастковым

У 39-гадовага Андрэя Кажэмакса 16 верасня дома прайшоў ператрус, пасля якога мужчыну затрымалі і адвезлі ў Партызанскі РУУС. Па словах мужчыны, ператрус праходзіў па артыкуле, звязаным з тэрарыстычнымі дзеяннямі. Ва ўпраўленні на Кажэмакса склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі і спробу збегчы. Віну сваю мужчына не прызнаў. Па словах Андрэя, у РУУС ён ехаў у мікрааўтобусе і яму было забаронена глядзець па баках. Па прыездзе ў РУУС яму паказалі жэстам, што трэба выйсці. Да будынку яго суправаджалі каля пяці чалавек у цывільным. Уцякаць ён не спрабаваў, тым больш, што рукі ў яго былі за спіной. На судзе стала вядома, што міліцыянт нават не распісаўся ў пратаколе апытання. Сам ён на судзе назваў гэта «чалавечым фактарам, бо было шмат дакументаў на стале». Таксама сведка дадаў, што 15 верасня быў «аншлагавы дзень: запрашаліся людзі для прафілактычных гутарак, прывозілі людзей з прадпрыемстваў». Суддзя Міхаіл Макарэвіч палічыў віну Кажэмакса даказанай, таму пакараў яго 12-сутачным арыштам.

1 верасня, пасля ператрусу ў сябе дома была затрыманая 26-гадовая Анастасія Рокач — IT-дызайнерка, былая супрацоўніца кампаніі «Wargaming». У судзе Цэнтральнага раёна 3 верасня справу Анастасіі разглядзела суддзя Вікторыя Шабуня. Па словах дзяўчыны, каля 14:00 яны з мужам былі дома, працавалі. Да іх пагрукаліся трое супрацоўнікаў міліцыі, але пасведчанне паказаў толькі адзін з іх. Дома сілавікі забралі ўсю тэхніку, а Анастасію павезлі ў ГУБАЗіК на допыт, які доўжыўся каля 30 хвілін. Пасля допыту Рокач адвезлі ў Цэнтральны РУУС, на тэрыторыі якога, згодна з пратаколам, яна аказала непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі: упіралася і чаплялася за яго адзенне. Дзяўчына кажа, што ішла самастойна і нават не ведае, колькі супрацоўнікаў было побач, бо ёй не дазвалялі падымаць галавы. Віну сваю Анастасія адмаўляе. Сведка-міліцыянт на судзе заявіў, што Рокач затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве раніцай 1 верасня. Міліцыянт сцвярджаў, што не ведае сваіх калегаў, з якімі затрымліваў Рокач, дома падчас ператрусу мужа Анастасіі не бачыў, бо не хадзіў па ўсіх пакоях (сям’я жыве ў аднапакаёвай кватэры), а непадпарадкаванне доўжылася каля хвіліны. Вынікам суда для Анастасіі Рокач стаў 15-сутачны арышт.

20-гадовага студэнта БНТУ Максіма Лычкоўскага таксама арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаванне міліцыянту. Яго затрымалі ў «Мінск-Арэне» 12 верасня перад пачаткам хакейнага матчу «Дынама-Мінск» — «АК Барс». Хлопец на судзе распавёў, што яго «схапілі» супрацоўнікі міліцыі на «Мінск-Арэне», але непадпарадкавання ён не аказваў. Па словах міліцыянта, прычынай затрымання Максіма стала інфармацыя аб удзеле студэнта ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на праспекце Машэрава 10 верасня. Але, калі яго затрымалі для «праверкі» і павезлі ў Цэнтральны РУУС, то ён «адмовіўся прайсці ў будынак, упіраўся нагамі і чапляўся за адзенне». Суддзі Дзмітрыю Карсюку доказаў для прызнання яго вінаватым хапіла, таму ён арыштаваў Лычкоўскага на 15 сутак.

За ўдзел у дваравых Маршах

Раніцай 9 верасня ў мінскай Кунцаўшчыне павінен быў адбыцца дваравы Марш з БЧБ-сімволікай, але яшчэ да яго пачатку былі затрыманыя пяць чалавек. Некаторыя з якіх падчас суда заяўлялі пра ціск і катаванні з боку сілавікоў. Уладзіслава Кубіцкага, Дзмітрыя Палякова, Аляксея і Таццяну Бусел ужо двойчы каралі арыштамі. Адразу ўсіх асудзілі на 15 сутак па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці, а потым усіх перазатрымалі на выхадзе з Акрэсціна і склалі новыя пратаколы за «дробнае хуліганства». Мужчын зноў пакаралі 15-сутачнымі арыштамі, а Таццяну Бусел арыштавалі яшчэ на 13 сутак. Таксама за ўдзел у дваравым маршы ў Кунцаўшчыне аштрафавалі 37-гадовую Аляксандру Дончанка на 2610 рублёў (90 базавых велічыняў). Вядома, што Таццяну Бусел затрымалі выпадкова — яна адмовілася адыходзіць ад сына, якога на яе вачах збівалі міліцыянты, таму сама паехала за ім. Але ва ўпраўленні на яе таксама склалі пратакол. А Аляксей Бусел на першым судзе заявіў, што «супрацоўнікі ГУБАЗіКу ўжывалі фізічную сілу і стымулявалі адказваць ўдарамі і электрашокерам». 

Акрамя гэтага, 30 верасня арыштавалі 33-гадовую Вікторыю Сароку за дваравы Марш у мінскай Каменнай Горцы. У Фрунзенскім РУУСе на дзяўчыну склалі пратакол за «ўдзел у несанкцыянаваным шэсці з БЧБ-сцягамі і лозунгам “Жыве Беларусь" (арт. 24.23 КаАП). Справу Вікторыі 30 верасня разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Таццяна Полулех. Мінчанка на судзе адмовілася даваць паказанні і пацвердзіла, што прыняла ўдзел у Маршы. Міліцыянт на судзе заявіў, што ў яе быў «прыгожы плакат з сэрцам, кулаком і знакам Віктары». Дзяўчына на судзе паспела сказаць, што цяпер на Акрэсціна знаходзяцца 188 чалавек, а саму яе змясцілі ў двухмесную камеру, дзе, акрамя яе, сядзяць яшчэ шэсць жанчын. У выніку, суддзя Полулех прызнала Вікторыю вінаватай і пакарала яе 13-сутачным арыштам.

За распаўсюд «экстрэмісцкага» лагатыпу «TUT.бай»

41-гадовы інжынер-канструктар Аляксандр Балонкін працуе на «Нафтане», з’яўляецца намеснікам кіраўніка незалежнага прафсаюза работнікаў «Нафтана». Яго затрымалі яшчэ 27 верасня на працоўным месцы. У наваполацкім ГАУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП («распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Да пісьмовых матэрыялаў справы быў далучаны скрыншот публікацыі, на якім мужчына стаіць з плакатам «Я/МЫ TUT.бай». Справу Аляксандра 1 кастрычніка разглядзела суддзя Наваполацкага раёна Зінаіда Балаболава. Балонкін на судзе сваю віну не прызнаў і спрабаваў даведацца, як міліцыянты выявілі, што гэта старонка ў Instagram менавіта яго. Па словах Аляксандра, ў яго няма асабістай старонкі, таму ён не ведае, каму належыць публікацыя. Нягледзячы на гэта, суддзя Балаболава арыштавала мужчыну на 15 сутак менавіта за «экстрэмісцкі» лагатып на фота ў Instagram.

Таксама за рэпост з тг-канала «TUT.бай» 15-сутачным арыштам пакаралі 36-гадовага Паўла Смірнова. Згодна з паказаннямі міліцыянта, Павел раней удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, таму яго адвезлі ў РУУС для «праверкі». Падчас гутаркі Смірноў аддаў міліцыянтам свой тэлефон, у якім яны знайшлі перасыл паведамлення з тг-канала TUT.бай у прыватнай перапісцы з сябрам 23 верасня. Справу Паўла 24 верасня разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Таццяна Полулех. Сваю віну мужчына прызнаў і дадаў, што не ведаў аб прызнанні тг-канала «экстрэмісцкім». Таксама сёння ў праўладных тг-каналах з’явілася "пакаяльнае відэа" са Смірновым. У выніку, суддзя Полулех прызнала мужчыну вінаватым і арыштавала яго на 15 сутак.

За рэпост з «экстрэмісцкіх» каналаў

1 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі настаўніка музычнага каледжа імя Глінкі 35-гадовага Аляксандра Цярэшчанку і запісалі з ім «пакаяльнае відэа». Суд над настаўнікам прайшоў 3 верасня. Яго справу па арт. 19.11 КаАП разглядзела суддзя Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня. У раскладзе суда яго справы не было, таму суд фактычна прайшоў у закрытым рэжыме. Вынік — 15 сутак.

Таксама за распаўсюд «экстрэмізму» актыўна караюць і ў рэгіёнах краіны. Так у Віцебску на 7 сутак арыштавалі мясцовага жыхара Віталя Савіцкага. Яго пакаралі за рэпост з «экстрэмісцкага» каналу інфармацыі пра сям'ю забітага Аляксандра Тарайкоўскага. У Полацку Генадзя Бярдзенева пакаралі 10-сутачным арыштам за леташнія рэпосты з сайтаў СМІ, калі тыя не былі яшчэ экстрэмісцкімі. 

Акрамя гэтага, двойчы за месяц (і ў шосты раз агулам за ўвесь час), судзілі жонку і мужа 26-гадовую Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву і 26-гадовага Сяргея Крупеніча за перасыл у прыватных паведамленнях адзін адному інфармацыю з «экстрэмісцкіх каналаў». Толькі за гэты месяц іх пакаралі 28-сутачнымі арыштамі кожнага, і агулам на 84 дні з першага затрымання. 

Сківічнага хірурга Магілёўскай абласной бальніцы Марыю Ляпёшкіну затрымалі 13 верасня і пакінулі за кратамі да суда. Марыю абвінавацілі па арт. 19.11 КаАП. Суд пакараў жанчыну штрафам у памеры 870 рублёў (30 базавых велічыняў). Вядома, што адзін з праўладных тэлеграм-каналаў назваў Ляпёшкіну стваральніцай чата «Медики с Народом Могилев», а таксама адміністратаркай «Белых халатов».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства