Андрэй Палуда: "Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі ўвесь час знаходзіцца ў хвалепадобным стане"

2021 2021-09-16T15:02:56+0300 2021-09-16T15:20:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/argument_smiarotnae-ablazhei-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Другі аргумент супраць смяротнага пакарання -- выканаўцы, якія забіваюць ад імя дзяржавы

Другі аргумент супраць смяротнага пакарання -- выканаўцы, якія забіваюць ад імя дзяржавы

Змены Крымінальнага кодэкса з перспектывай выключэння з яго смяротнага пакарання МУС Беларусі анансавала яшчэ на пачатку года. Чаму гэтага дагэтуль не адбылося, разбіралася DW.

Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі ізноў набыла асаблівую вастрыню пасля паказу 5 верасня на праўладным беларускім тэлеканале СТВ сюжэту пра верагоднае прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду ў адносінах да Віктара Скрундзіка. У рэпартажы аўтар спачувае лёсу асуджанага: "Сёння яму 30. Магло б быць. Першы смяротны прысуд у 2021 годзе".

Зыходзячы з сюжэту, можна выказаць здагадку, што смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне. Хаця яшчэ на пачатку года была надзея на тое, што гэты від крымінальнага пакарання ў Беларусі будзе адменены. Што ж змянілася за гэты час?

Надзея на адмену смяротнага пакарання не апраўдалася

"Тэма смяротнага пакарання Беларусі ўвесь час знаходзіцца ў хвалепадобным стане", — кажа каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда: то пра яго, здавалася б, забываюць, то яно выходзіць у топ навінаў. Залежыць гэта ад двух рэчаў — палітычнай кан'юнктуры і новых смяротных прысудаў.

Сёлета ў студзені, нагадвае Палуда, МУС анансавала змены ў Крымінальны кодэкс (КК): абмяркоўвалася тэма "другога пакета" паправак, якія прадугледжвалі ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне.

Але ўжо ў сакавіку, адзначае праваабаронца, з'явіліся прыкметы, якія паказваюць на тое, што адмена ў краіне смяротнага пакарання застанецца па-за рамкамі меркаваных новаўвядзенняў. Асцярогі пацвердзіліся ў траўні, калі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Пра змену кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці". Зараз магчымасць адмены смяротнага пакарання зноў будзе абмяркоўвацца не раней за люты 2022 года, мяркуе Андрэй Палуда, — калі гаворка зойдзе пра змены ў канстытуцыю.

Традыцыйны козыр на перамовах з ЕС

Дырэктар цэнтра еўрапейскіх трансфармацый палітолаг Андрэй Ягораў кажа, што ўлады Беларусі традыцыйна выкарыстоўвалі размовы пра магчымасць адмены смяротнага пакарання ў якасці козыра на перамовах з еўрапейскімі партнёрамі ў перыяды пацяплення адносінаў. І да ўвядзення супраць Беларусі жорсткіх санкцый афіцыйны Мінск мог спадзявацца, што аднаўленне ў грамадстве дыскусіі пра адмову ад гэтага віду пакарання дапаможа наладзіць адносіны з ЕС.

Але на сённяшні дзень, лічыць палітолаг, тэма знятая з парадку дня: "Улады не могуць выкарыстоўваць яе як імпульс для аднаўлення перамоваў з ЕС, бо асноўнае патрабаванне цяпер — гэта вызваленне палітычных зняволеных і спыненне рэпрэсій".

На пытанне DW, ці не падманула МУС такім чынам грамадства, Андрэй Палуда адказвае, што ўлады, хутчэй, "не падманулі, а падмануліся": яны паспрабавалі "выставіць у студзені гэту тэму на гандаль з ЕС, але хутка зразумелі, што на цяперашнім этапе нічога не атрымаецца".

Змены ў КК — рэпрэсіўныя

Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта (БХК) Алег Гулак, у сваю чаргу, лічыць, што размовы пра адмену смяротнага пакарання трэба было ўспрымаць як інфармацыйны ўкід, бо "рэальнага абяцання не было".

"Я не прыгадаю, каб кампетэнтная дзяржаўная службовая асоба афіцыйна заявіла б пра падрыхтаваныя папраўкі", — кажа Гулак.

Размовы на гэтую тэму, працягвае ён, вядуцца ўжо дваццаць гадоў, і ўвесь гэты час — безвынікова. Хоць абяцаныя змены ў КК сапраўды адбыліся, адпаведны закон быў прыняты абедзвюма палатамі беларускага парламента, падпісаны Лукашэнкам, а ў чэрвені апублікаваны і набыў моц.

Самы бачны яго эфект — гэта змена правілаў, паводле якіх залічваюцца тэрміны ўтрымання пад вартай: цяпер адзін дзень у СІЗА прыраўноўваецца да паўтара дня ў калоніі. Дзякуючы новаўвядзенню некаторыя вязні ўжо выйшлі на волю.

У той жа час была ўведзеная крымінальная адказнасць за неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, у КК з'явіўся новы артыкул для ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за паўторны распаўсюд забароненай інфармацыі.

"То бок змены, хутчэй, былі накіраваныя на пакаранне іншадумцаў", — лічыць Алег Гулак.

Смяротныя пакаранні — дэманстратыўны адказ на санкцыі?

На пачатку года, адзначае Андрэй Палуда, выканання смяротнага прысуду ў мінскім СІЗА-1 чакалі пяць чалавек: браты Ілля і Станіслаў Косцевы, Віктар Сергель, Віктар Паўлаў і згаданы ў тэлесюжэце СТВ Віктар Скрундзік.

30 красавіка стала вядома, што асуджаныя за забойства Косцевы былі памілаваныя.

Палуда называе рашэнне "рэальным актам міласэрнасці" ў адносінах да абодвух братоў, якім на момант вынясення прысуду было 20 і 22 гады адпаведна. Растрэл замянілі пажыццёвым зняволеннем, адбываць пакаранне Косцевых перавялі ў турму №8 у Жодзіне, што, паводле праваабаронцы, "усяляла надзею на далейшую гуманізацыю".

Але ўжо ў чэрвені сітуацыя кардынальна змянілася. Сваякі прысуджанага да вышэйшай меры пакарання Віктара Паўлава паведамілі, што, па ўсім відаць, ён быў расстраляны. Ад Паўлава перасталі прыходзіць лісты, а калі адвакат захацеў з ім сустрэцца, у СІЗА-1 яму паведамілі, што асуджаны выбыў.

Калі зыходзіць з таго, што сказанае ў тэлевізійным сюжэце пра лёс асуджанага Віктара Скрундзіка адпавядае рэчаіснасці, гэтае смяротнае пакаранне стала ўжо другім ад пачатку года, кажа Андрэй Палуда. "Хоць яшчэ нічога невядома пра лёс Віктара Сергеля", — дадае ён.

У Беларусі сваякам асуджаных да смяротнага пакарання не паведамляюць ні дату прывядзення прысуду ў выкананне, ні месца пахавання пакаранага. Так што афіцыйнага пацверджання інфармацыі пра смерць Віктара Паўлава і Віктара Скрундзіка няма, адзначае праваабаронца Палуда.

Андрэй Ягораў, у сваю чаргу, не выключае, што абодва смяротныя прысуды маглі быць дэманстратыўным адказам на ўведзеныя супраць Беларусі санкцыі. "Улады, як і абяцалі, знішчаюць грамадзянскую супольнасць, працягваюць саджаць людзей у турмы, а тут яшчэ ў дадатак прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды: вы хацелі, каб мы былі цывілізаванымі, а мы, вам назло, цывілізаванымі не будзем", — спрабуе зразумець логіку афіцыйнага Мінска Ягораў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства