viasna on patreon

За дзве "арыенціроўкі" на Лукашэнку жыхара Ляхавічаў асудзілі на 1,5 года калоніі

2021 2021-09-09T20:48:28+0300 2021-09-10T10:46:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_liahavichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Ляхавічскага раёна. Ілюстрацыйнае фота

Суд Ляхавічскага раёна. Ілюстрацыйнае фота

9 верасня ў судзе Ляхавіцкага раёна вынеслі прысуд 23-гадоваму Арцёму Сокалу, якога вінавацілі ў паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта (ч. 1 арт. 367 КК) і яго абразе (ч. 1 арт. 368 КК).

Справу разглядала суддзя Наталля Буднік, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Васіль Дзяшко.

Паводле абвінавачвання, 20 жніўня 2020 года Арцём Сокал, жадаючы прычыніць шкоду аўтарытэту дзяржавы шляхам распаўсюджвання загадзя ілжывых, не адпаведных рэчаіснасці выдумак, што ганяць прэзідэнта, зневажаюць яго гонар і годнасць, з дапамогай мабільнага тэлефона размясціў у тэлеграм-чаце "Ляхавічы 90%" інфармацыю ў выглядзе арыенціроўкі на злачынца з фотавыявай Лукашэнкі, якая змяшчае этнічныя звесткі ў дачыненні да яго:

“Падазраецца ў антынароднай дзейнасці і цяжкіх злачынствах, асабліва небяспечны, самавыбраны, схільны да гвалту, схільны да пагроз, < ... > валодае цыганскім гіпнозам, распаўсюджвае яго з дапамогай дзяржаўнага тэлебачання, радыё і іншых дзяржаўных СМІ, валодае гранічна завышаным пачуццём уласнай велічы, абапіраецца на ўнутраныя адчуванні пры вырашэнні дзяржпытанняў, лічыць, што Беларусь яго асабістая ўласнасць, а народ – расходны матэрыял”.

Сваімі дзеяннямі Сокал ўчыніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжана ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса.

У той жа дзень у тэлеграм-чаце “Ляхавічы 90%” абвінавачаны размясціў яшчэ адну арыенціроўку, якая ўтрымлівала абразлівыя выразы ў адрас прэзідэнта, а менавіта: “Хворы на ўладу, паталагічны ілгун, падступны, сквапны, цынічны, псіхічна няўстойлівы, аграфюрэр, таракан, Саша 3%, Лука і цыган”, чым дзейсніў злачынства паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Арцём Сокал віну прызнаў цалкам, абараняў сябе сам. Патлумачыў у судзе, што сябар Кірыл Цімашок запрасіў яго ў тэлеграм-групу “Ляхавічы 90%”, у інтэрнэце Арцём знайшоў фотавыявы, дзе быў “напісаны ўвесь гэты паклёп”, палічыў, што гэта смешна, і размясціў публікацыю ў групе. Пазней яго выклікалі супрацоўнікі міліцыі, тады даведаўся, што яго дзеянні кваліфікуюцца паводле крымінальнага кодэкса. Пасля таго, як канфіскавалі тэлефон, перастаў выкарыстоўваць тэлеграм. Некалькі разоў абвінавачаны прымаў удзел у пратэстных мітынгах.

У судзе быў дапытаны сведка Кірыл Цімашок, які ў дадзены момант утрымліваецца пад вартай у СІЗА-6. Ён распавёў, што не прапаноўваў абвінавачанаму далучацца да групы “Ляхавічы 90%”, хто яго туды дадаў і ці быў ён там увогуле – не ведае. З-за супярэчнасцяў у паказаннях у судзе агучылі тую інфармацыю, якую сведка казаў на допыце ў следчага. Тады Цімашок распавядаў, што 20 жніўня 2020 года Арцём Сокал папрасіў яго дадаць у тэлеграм-групу “Ляхавічы 90%”, што Кірыл і зрабіў. Пазней абвінавачаны размясціў фотаздымак з абразлівай інфармацыяй і паклёпам на Лукашэнку. Цімашок адзначыў, што Сокал хацеў высмяяць прэзідэнта, негатыўна да яго ставіўся, пра што неаднаразова выказваўся ў прысутнасці сведкі. Таксама Арцём Сокал неаднаразова прымаў удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах апазіцыйнай накіраванасці. У судзе Цімашок падтрымаў свае папярэднія паказанні.

Падчас спрэчак бакоў пракурор прасіў прызнаць Арцёма Сокала вінаватым і прызначыць яму пакаранне па ч. 1 арт. 367 КК у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год, а па ч. 1 арт. 368 КК – таксама пазбавіць волі на адзін год. Шляхам частковага складання прызначаных пакаранняў прасіў канчаткова прызначыць абвінавачанаму 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Абвінавачаны прасіў не судзіць строга і прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, “хаця б хімію”.

У выніку суддзя пагадзілася з прапановай дзяржабвінавачвання і асудзіла Арцёма Сокала на 1,5 года калоніі, а яго мабільны тэлефон быў канфіскаваны ў даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства. Абвінавачанага ўзялі пад варту ў зале суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства