viasna on patreon

Мінчука асудзілі на тры гады "хіміі" за выпадкова зламаныя пальцы міліцыянту, калі той ламіўся ў кватэру з вобшукам

2021 2021-09-08T18:41:55+0300 2021-09-09T10:16:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kovalenko_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віталь Каваленка (другі злева) пасля прысуду. Фота spring96.org

Віталь Каваленка (другі злева) пасля прысуду. Фота spring96.org

У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска 7 верасня вынеслі прысуд Віталю Каваленку, якога вінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Вольга Малашэнка, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Раман Бізюк.

Паводле абвінавачвання, 23 красавіка 2021 года ў прамежак часу з 7.30 да 8.00 гадзін Віталь Каваленка прымяніў гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі атраду хуткага рэагавання Уладзіслава Суворава пры аказанні ім садзейнічання ў правядзенні вобшука ў кватэры абвінавачанага па пастанове Следчага камітэта г. Мінску, а менавіта наносіў удары ўваходнымі дзвярыма па фалангах пальцаў міліцыянта правай рукі, што пацягнула цялесныя пашкоджанні ў выглядзе пераломаў і драпінаў сярэдніх фалангаў трэцяга і чацвёртага пальцаў. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі абвінавачаны здзейсніў злачынства паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса.

Віталь Каваленка сказаў, што не прымяняў гвалту ў дачыненні супрацоўніка міліцыі. У судзе патлумачыў, што ў тую раніцу знаходзіўся дома з сям’ёй, жонка выйшла правесці 8-гадовага сына да ліфта, а сам ён быў у прыбіральні, калі пачуў гістэрычны крык жонкі: “Віталь, дапамажы!” Абвінавачаны выбег, пабачыў, што сын знаходзіцца ў калідоры перад дзвярымі, плача і крычыць: “Тата!”, а жонка была ў тамбуры і крычала, што трэба зачыніць уваходныя дзверы. Віталь пабачыў не менш чацвярых мужчын у спартовых касцюмах, масках, быў у шокавым стане ад таго, што адбываецца, думаў, што ў яго кватэру ломяцца бандыты ці алкаголікі, ніякіх апазнавальных знакаў у міліцыянтаў не было. Нехта трымаў дзверы за ручку, некаторы час іх перацягвалі паміж сабой Віталь і невядомыя, пакуль абвінавачаны не пачуў крык: “Рука! Пальцы!” Тады Каваленка прыадпусціў дзверы, пасля чаго дзверы ўжо лёгка зачыніліся. Да гэтага выкрыку абвінавачаны чуў з-за дзвярэй толькі лаянку ад тых, хто ламіўся ў яго кватэру, ніхто яму не казаў, што яны з міліцыі, і не прадстаўляўся. Віталь не бачыў рук і пальцаў міліцыянта, не меў намеру прычыніць яму шкоды, не адчуваў, што мог зламаць пальцы дзвярыма камусьці.

Як толькі Віталь зачыніў дзверы, па іх пачалі біць цяжкім прадметам, падобным да кувалды.

“Пасля другога ўдару крыкнулі: “Міліцыя”, і я адразу ж адчыніў дзверы. У кватэру зайшоў малады чалавек і сказаў легчы на падлогу тварам уніз, я лёг і мне надзелі кайданкі”, - распавёў Каваленка.

Затым мужчыну затрымалі і даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна. Каваленка адзначыў, што калі б ведаў адразу, што гэта міліцыянты, то такая сітуацыя ўвогуле бы не здарылася. У яго ніколі не было праблемаў з міліцыяй, не было прычын баяцца супрацоўнікаў.

У судзе дапыталі пацярпелага Владзіслава Суворава, які распавёў, што раніцай 23 красавіка прымаў удзел у правядзенні вобшука ў Каваленкі, усе супрацоўнікі былі ў цывільным, у масках або балаклавах, мелі пры сабе зброю. Супрацоўнікі міліцыі пазванілі ў дзверы, жанчына адчыніла дзверы, ёй сказалі, што з “міліцыі”, пасля чаго жанчына закрычала.

“Я ўставіў нагу ў праём, узяў жанчыну за талію і перадаў яе супрацоўнікам. Пасля чаго ўбачыў прыадчыненыя дзверы іншай кватэры, там быў хлопчык, ён заплакаў, я прысаджваўся, каб супакоіць, казаў, што мы з міліцыі, усё добра”.

Пасля гэтага з’явіўся абвінавачаны, схапіўся за дзверы, спрабаваў іх закрыць, а Сувораў – не даваў гэта зрабіць, бо нібыта баяўся, што дзіця магло пацярпець, так як хлопчык знаходзіўся ў праёме дзвярэй. Сувораў быў у пальчатках, цягнуў правай рукой за край дзвярэй, а левай рукой – за ручку, спрабаваў нешта крычаць. У нейкі момант адляцела ручка, і пальцы міліцыянта апынуліся заціснутымі паміж дзвярыма і праёмам. Пасля гэтага калегі пацярпелага ўставілі ў праём аджым - спецыяльны інструмент для ўзлому дзвярэй, нанеслі два удары кувалдай, пасля чаго дзверы адчыніліся. Хто менавіта адкрыў дзверы Сувораў не ведаў.

Пацярпелы сцвярджаў, што неаднаразова крычаў, што ён з міліцыі, знаходзіўся ў 2-3 метрах ад абвінавачанага, і той павінен быў пачуць. Ён казаў, што Каваленка мог бачыць яго пальцы, бо яны тырчалі з краю дзвярэй, але працягваў зачыняць дзверы. Сувораў крычаў: “Мае пальцы! Міліцыя! Адпусці дзверы”, аднак дзверы ніхто не прыадкрываў, сваю руку ён выцягнуў з праёму.

“Я адчуў, што моцна гарыць рука. Я зразумеў, што нешта не так, зняў пальчатку, і палілася кроў з фалангаў трэцяга і чацвёртага пальцаў, убачыў глыбокія раны, пальцы пасінелі. Мяркуючы па глыбіні ранак, гэта не была ірваная рана, а прыціснутая: метал дзвярэй прыціснуў і рассек мне пальцы”, - апісваў атрыманую траўму пацярпелы.

Пасля яму дыягнаставалі пералом двух пальцаў, спатрэбілася два месяцы лячэння. Міліцыянт адзначыў, што залячыў руку, але “не мог аказваць дапамогу сваім родным падчас летняй пасяўной”. Ён запрасіў кампенсацыю нанесенай шкоды ў памеры 5000 рублёў, якую патлумачыў моцным дыскамфортам ад пералому, прыёмам абязбольвальных, таксама міліцыянт адстаў ад распланаванай праграме па спорце. Віталь Каваленка іск прызнаў часткова – “па сумленні, напалову”.

У судзе былі дапытаныя ў якасці сведак супрацоўнікі міліцыі Сазонаў, Бойка і Сідараў (прозвішча змененае, выступаў у балаклаве), якія прымалі ўдзел у сілавой падтрымцы правядзення вобшука ў Віталя Каваленкі. Яны апісвалі сітуацыю такім жа чынам, як і пацярпелы міліцыянт. Казалі, што ўсяго было каля васьмі супрацоўнікаў міліцыі, што спачатку жанчына адчыніла дзверы, а пасля пачала крычаць, што магло сведчыць пра тое, што “ў кватэры знаходзіцца нешта ў межах крымінальнай справы”. Запэўнівалі ў тым, што абавязкова і ў першую чаргу казалі, што з міліцыі, абвінавачаны чуў гэта, а таксама не мог не бачыць пальцы пацярпелага на дзвярах.

Таксама сведкамі выступілі суседзі і блізкія абвінавачанага. Варта адзначыць, што ў судзе не стала зразумела, на якой падставе праводзіўся вобшук у Віталя Каваленкі. Мужчына раней не прыцягваўся ні да адміністрацыйнай, ні да крымінальнай адказнасці. Яго характарызавалі як добрага суседа і выдатнага бацьку, да справы далучылі хадайніцтва з 15 подпісамі суседзяў.

У спрэчках бакоў пракурор Раман Бізюк настойваў, што віна Віталя Каваленкі цалкам даказаная па арт. 364 КК і прасіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады, а заяўленыя іскі задаволіць з улікам прынцыпаў разумнасці і справядлівасці, суразмерна зробленаму.

У выніку суддзя Вольга Малашэнка прызнала Віталя Каваленка вінаватым і пакарала яго трыма гадамі “хіміі”, а таксама пастанавіла спагнаць з абвінавачанага на карысць пацярпелага 3000 рублёў кампенсацыі. Абвінавачанага вызвалілі з-пад варты ў залі суда да ўступлення прысуду ў сілу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства