viasna on patreon

“Беспрэцэндэнтная атака на ўсё беларускае”: заява беларускіх арганізацый Беласточчыны

2021 2021-09-07T06:56:18+0300 2021-09-07T08:21:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/polska-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускія арганізацыі Беласточчыны распаўсюдзілі заяву, у якой выказваюць рашучы пратэст супраць рэпрэсій і ліквідацыі такіх заслужаных арганізацый, як Праваабарончы цэнтр «Вясна», ПЭН-Цэнтр, Таварыства беларускай мовы, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісменнікаў.

"На Беларусі ад некалькі тыдняў ідзе беспрэцэндэнтная атака на ўсё беларускае. Кожны дзень даходзяць да нас звесткі аб чарговых ператрусах, арыштах або прысудах па сфабрыкаваных справах. Шмат рэдакцыяў незалежных СМІ і пазаўрадавых арганізацыяў ужо ліквідаваныя. Іншыя стаяць перад такой самай перспектывай.

Мы, ніжэй падпісаныя, выказваем рашучы пратэст супраць рэпрэсій і ліквідацыі такіх заслужаных арганізацый, як Праваабарончы цэнтр «Вясна», ПЭН-Цэнтр, Таварыства беларускай мовы, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісменнікаў.

Усе незалежныя пазаўрадавыя арганізацыі, якія ў сваіх статутных мэтах маюць развіццё культуры, беларускай мовы, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў маюць права на існаванне. Цяжка пераацаніць заслугі вышэй названых арганізацый, тым не менш нас, беларусаў у Польшчы, непасрэдна закранае перш за ўсё ліквідацыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Гэтае згуртаванне здаўна дзейнічае на карысць беларусаў па-за межамі Беларусі, арганізуе З’езды беларусаў свету, у якіх заўсёды ўдзельнічала шматлікая дэлегацыя з Польшчы. Па ініцыятыве ЗБС «Бацькаўшчына» у Рэспубліцы Беларусь быў прыняты закон «Аб суайчынніках за мяжою». Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» заўсёды цікавілася справамі польскіх беларусаў і падтрымлівала нас па меры магчымасцяў. У гэты цяжкі момант прагнем выказаць нашую ўдзячнасць, салідарнасць і веру, што ЗБС «Бацькаўшчына» адродзіцца і надалей будзе працаваць на карысць беларусаў ва ўсім свеце".

Заяву падпісалі:

Алег Латышонак, Беларускае Гістарычнае Таварыства;

Яраслаў Іванюк, Фонд Kamunikat.org;

Яўген Вапа, Беларускі Саюз у Польшчы;

Марына Ляшчэўская, Фонд Беларусь 2020;

Павал Станкевіч, Фонд Тутака;

Уршуля Іванюк, Аб’яднанне АБ-БА;

Тамаш Суліма, Аб’яднанне Беларускіх Журналістаў;

Марцін Рэмбач, Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства