Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
3 верасня 2021 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правааабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрымана інфармацыя аб наступных асобах, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а таксама выкарыстанне іншых дапушчальных формаў выказвання меркаванняў:
- Павел Чуркін асуджаны судом Кастрычніцкага раёна г. Магілёва па артыкуле 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі;
- Андрэй Пятроўскі асуджаны судом Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці па ч. 1 артыкула 367 КК за паклёп на прэзідэнта да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзмітрый Заломскі асуджаны паводле артыкулаў 369 КК за абразу службовай асобы, 368 КК за абразу прэзідэнта, 389 КК за пагрозу суддзі да двух гадоў пазбаўлення волі;
- Міхаіл Лінтоўскі асуджаны судом Мёрскага раёна Віцебскай вобласці па артыкуле 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго году і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Паўла Чуркіна, Андрэя Пятроўскага, Дзмітрыя Заломскага, Міхаіла Лінтоўскага і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
"Прававая ініцыятыва";
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Ідэнтычнасць і права;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Lawtrend;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.