viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 28-30 жніўня Дапоўнена

2021 2021-08-30T14:20:00+0300 2021-10-01T15:33:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levshina_navazhilau_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 28-30 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 30 жніўня

Чытачы з Беларусі паведамляюць пра праблемы з адкрыццём беларускай версіі сайта «Вясны»

Яшчэ ў мінулым годзе сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна» быў заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі. Аднак блакаванне тычылася толькі рускамоўнай версіі сайта — беларуская версія адкрывалася без праблем.

Сёння нашы чытачы масава паведамляюць пра тое, што ў Беларусі немагчыма адкрыць і беларускамоўную версію сайта.


Студэнцкая тэлеграм-суполка “БНТУ 97%” прызнаная экстрэмісцкай.


Былога АМАПаўца затрымалі за ўдзел у "беспарадках" 9-11 жніўня мінулага года на Стэле 

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", у СІЗА-1 па "пратэсным артыкуле" Крымінальнага кодэкса ўтрымліваецца 40-гадовы экс-супрацоўнік АМАПа Максім Клімовіч. Ён прыняў рашэнне звольніцца са службы яшчэ ў 2010 годзе — пасля падзей на выбарах. Афіцыйна сысці са службы яму ўдалося толькі ў 2012 годзе.

У пачатку лета гэтага года ён з'ехаў жыць у Польшчу, але вымушаны быў вярнуцца. Праз некалькі дзён пасля вяртання 17 жніўня яго затрымалі дома ў аграгарадку Хацежына. Ператрус праводзіўся па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), але па якім артыкуле яму выставілі абвінавачванне пакуль невядома.

Пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКа запісалі "пакаяльнае" відэа з былым супрацоўнікам АМАПа, дзе ён прызнаецца, што 9-11 жніўня мінулага года "знаходзіўся ў счэпцы з мэтай супрацьдзеяння супрацоўнікам правапарадку". Пры гэтым, прапагандысцкія тэлеграм-каналы прыпаднеслі інфармацыю пра яго затрыманне, як пра пераслед тых, хто звольніўся з дзяржслужбы ў знак пратэсту ў 2020 годзе: "Спаліў службовае пасведчанне і пайшоў на масавыя беспарадкі". Хаця насамрэч Клімовіч звольніўся з АМАПу за 8 год да таго.

У Максіма дома жонка і трое дзяцей. Цяпер ён утрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага.


19 жніўня адбыўся ператрус ў кватэры бацькі палітзняволенай валанцёркі "Вясны" Таццяны Ласіцы Леаніда ў Рэчыцы. Сама Таццяна ўжо семь месяцаў знаходзіцца ў СІЗА ў Гомелі. Яе абвінавачваюць у арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Сілавікі (бацька дакладна не можа ўзгадаць ці гэта былі людзі з КДБ ці з СК) зрабілі ператрус, але нічога не канфіскавалі. Бацька быў моцна шакаваны гэтым і нават плакаў, калі распавядаў пра вобшук, піша "Гомельская Вясна".


Справа айцішнікаў PandaDoc спыненая, бо фігуранты сплацілі ўрон і кампенсацыю 

Апошнім на свабоду выйшаў палітзняволены топ-мэнэджар Віктар Куўшынаў, якога амаль год трымалі ў СІЗА. Іншыя фігуранты былі вызваленыя неўзабаве пасля сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ. Справа спыненая ў сувязі з дабраахвотнай выплатай шкоды і кампесацыі — больш за 77 тысяч рублёў.

Нагадаем, пытанні да PandaDoc узніклі пасля таго, як заснавальнік кампаніі Мікіта Мікада абвясціў, што гатовы дапамагаць з навучаннем і працаўладкаваннем сілавікам, якія адмовяцца выконваць злачынныя загады і пяройдуць на бок народа. Лукашэнка публічна крытыкаваў Мікаду.

Па падобнай схеме — сплата ўрону і 100% ад гэтай сумы ў якасці кампенсацыі — выйшлі і фігуранты справы «Прэс-клуба». Праўда, ім па патрабаванні следства яшчэ давялося напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Генпракуратура паведамляе, што яны "прызналі сваю віну", але незразумела, ці ідзе гаворка пра памілаванне.

Пераслед на выходных

Вызвалілі лідара «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча, прэс-сакратара «Маладога фронту» Віталя Трыгубава і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Сяргея Мацкойця

Віталь Трыгубаў. Фота spring96.org
Віталь Трыгубаў. Фота spring96.org

«Вясне» стала вядома пра вызваленне Дзяніса Урбановіча, Віталя Трыгубава і Сяргея Мацкойця. Нагадаем, іх затрымалі ў Нароўлі 26 жніўня. Паведамлялася, што Урбановіча падазравалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мазыры ў жніўні 2020 года.

Вядома, што актывістаў правялі і пасадзілі на маршрутку да Мінску. Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Сяргея Мацкойця адпусцілі раней.

Паводле ўдакладненай інфармацыі, 29 жніўня былі вызваленыя Дзяніс Урбановіч і Віталь Трыгубаў. Сяргея Мацкойця вызвалілі раней — яго пасля затрымання павезлі ў Мінск, дзе, папярэдне, учора вызвалілі.


Сястру палітзняволенага актывіста Максіма Вінярскага Алену Церашкову аштрафавалі, яе мужа — арыштавалі на 15 сутак

У Мінску 28 жніўня затрымалі доктарку Алену Церашкову і яе мужа, камп’ютаршчыка Андрэя Церашкова. Пасля затрымання іх адвезлі ў Фрунзенскі РУУС і судзілі праз скайп. Алена Церашкова за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве атрымала 100 базавых (2900 рублёў). Андрэя арыштавалі на 15 сутак, піша «Радыё Свабода».

Пакуль Церашковых трымалі ў міліцыі і судзілі, у іх дома заставаліся чацвёра дзяцей. Алена — сястра актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, які ў траўні быў асуджаны да 5 гадоў калоніі.


Палітзняволеных БелаПАНаўцаў перавялі на "Валадарку"

levshina_navazhilau_90.jpeg
Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў

Палітзняволеных дырэктарку і галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава перавялі з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску.

Жонка Наважылава паведаміла, што 28 жніўня ў “Валадарцы” ў яе прынялі перадачу для мужа. Дачка Леўшынай мяркуе, што яе маці таксама знаходзіцца на Валадарскага, бо скончыліся 10 дзён, пасля чаго Наважылаву і Леўшынай павінны былі абраць меру стрымання або вызваліць.

Леўшына і Наважылаў былі затрыманыя 18 жніўня. Абвінавачанне абодвум павінны выставіць на працягу 20 сутак. Таксама 18 жніўня была затрыманая бухгалтарка БелаПАН Кацярына Боева. Раніцай 28 жніўня яе выпусцілі на волю пад абавязальніцтва пра яўку.


У Мазыры затрымалі маці дваіх непаўналетніх дзяцей за «сліў дадзеных» міліцыянтаў

У Мазыры супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 35-гадовую маці дваіх непаўналетніх дзяцей Ірыну Гарашыну. Яе паклікалі ў міліцыю, каб аддаць тэлефон, але ў выніку затрымалі. Супраць яе распачалі крымінальную справу па факце незаконных дзеянняў у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных.

"Устаноўлена, што ў верасні мінулага года ў адным з Telegram-каналаў, прызнаным пасля экстрэмісцкім, яна публікавала персанальныя звесткі супрацоўнікаў міліцыі, размяшчала заклікі да пратэснай дзейнасці", — гаворыцца ў прэс-паведамленні МУС.


Сілавікі прыйшлі на сход польскіх настаўнікаў у Гродне

Раніцай 28 жніўня гродзенская міліцыя ўвайшла ў офіс Саюза палякаў Беларусі, дзе з нагоды надыходзячага навучальнага года прайшла арганізацыйная нарада выкладчыкаў з цэнтраў выкладання польскай мовы, якія дзейнічаюць пры Саюзе, паведамляе Znadniemna.pl.

Актывістка Саюза палякаў у Беларусі Данута Карповіч паведаміла, што супрацоўнікі міліцыі, якія прысутнічалі на выкладчыцкай нарадзе, сказалі, што атрымалі ананімнае паведамленне аб "незаконным сходзе", які праходзіць у сядзібе СПБ.

Міліцыянты, якія прыйшлі на сход, запісалі дадзеныя ўсіх асоб у памяшканні штаба СПБ і пакінулі месца збору настаўнікаў.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства