Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 20:05 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут.
Анонс праграмы на 24 жніўня:
Хроніка: Працяг зачысткі грамадзянскай супольнасці: закрыццё ці працяг працы ў выгнанні?
Крымінальны пераслед: Жыхарка Ліды Дар’я Чайко пакараная на два з паловай гады “хіміі” з накіраваннем. Яе абвінавацілі па двух папулярных палітычна матываваных артыкулах: 342 і 293 КК РБ. Усё — за пару каментароў, пакінутых у мясцовым тэлеграм-чаце ў дачыненні да мясцовага следчага, які потым зняў з Дар’і ўсе прэтэнзіі. У рубрыцы падрабязна паглядзім, як можа выглядаць крымінальны пераслед — ад першага візіту міліцыянта да апеляцыі і падрыхтоўкі да “хіміі”— на прыкладзе гісторыі Дар’і Чайко.
Па-за межамі: Цяпер бадай што адзіная магчымасць публічна гаварыць пра рэпрэсіі — гэта па-за межамі Беларусі. У рубрыцы пачуем гісторыі, якія распавядалі ўдзельнікі нядзельнай акцыі ў Варшаве: праваабаронца Наталля Гарачка-Басалыга трымае ў руках партрэт сваёй зняволенай дачкі, чатырохгадовая дзяўчынка віншуе свайго сямігадовага брата з днём народзінаў, а іх бабулі цяжка растлумачыць, за што сядзяць іх бацькі — палітзняволеныя Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні нямецкіх гуртоў, якія далучыліся да кампаніі салідарнасці #FreeIrdorath: Corvus Corax, Mr. Hurley & Die Pulveraffen, Coppelius і Faun.
Аўдыёзапіс выпуску: