viasna on patreon

Ператрусы ў супрацоўнікаў БелаПАН, затрыманні па Беларусі. Пераслед 18 жніўня Дапоўнена

2021 2021-08-18T10:34:01+0300 2021-11-15T16:47:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/leushyna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 18 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць ператрусы і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Ператрусы ў супрацоўнікаў БелаПАН

У сераду, 18 жніўня, раніцай сілавікі прыйшлі з ператрусамі да супрацоўнікаў БелаПАН. Naviny.by паведамляе, што ператрусы праходзяць у журналісткі Ірыны Турчыной, рэдактара Аляксандра Зайцава і бухгалтаркі Кацярыны Боевай. Пасля ператрусу на допыт павезлі журналіста Захара Шчарбакова.

У кватэры генеральнай дырэктаркі «БелаПан» Ірыны Леўшыной таксама ператрус.

Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. Фота Радыё Свабода
Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. Фота: Радыё Свабода

«Ірына ў кватэры, чутныя галасы — яе і нейкіх людзей. Побач з пад'ездам стаіць мікрааўтобус з таніраваным шклом», — пішуць Naviny.by.

Ператрус дома ў галоўнай рэдактаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай скончыўся каля 11:30. Яе вязуць у рэдакцыю, каб правесці ператрус там, пасля яе даставяць ва УСК па Мінску.

Дапоўнена: Ірына Леўшына затрыманая на 72 гадзіны, яе павязуць на Акрэсціна. Пра гэта паведаміла яе дачка.


У намесніка галоўнага рэдактара БелаПАН Аляксандра Зайцава падчас ператрусу канфіскаваная тэхніка, ён не затрыманы, пішуць Naviny.by. 

Па словах Зайцава, ператрус праводзіўся прыкладна на працягу гадзіны ў рамках справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Усяго было сем чалавек: два супрацоўнікі АБЭЗ, іх куратар (магчыма, з іншага ведамства), два спецназаўцы ў поўнай экіпіроўцы і двое панятых.

Забралі мабільны тэлефон, жорсткі дыск кампутара, стары планшэт, а таксама рэдакцыйнае пасведчанне і некалькі візітовак. Справу вядзе Следчы камітэт.

Аляксандр Зайцаў не затрыманы, але падпісаў абавязацельства аб яўцы. Працэсуальны статус яму не растлумачылі.


Сайт БелАПАН і naviny.media цяпер недаступныя.


Журналістку БелаПАН Ірыну Турчыну адпусцілі пасля допыту. Паведамляецца, што ў яе забралі тэлефон.

Ірына Турчына распавяла пра ператрус у яе дома:

"Прыйшлі ў 7 раніцы, ператрус доўжыўся каля двух гадзін. Яго праводзілі супрацоўнікі АБЭЗ. У пастанове на ператрус быў указаны артыкул 342 КК. Канфіскавалі ўсе лічбавыя носьбіты - кампутар, мабільны тэлефон, флэшкі, дыктафон і нататнік".

Пасля ператрусу павезлі ва УСК па Мінску на допыт, дзе журналістка адмовілася ад дачы паказанняў. З яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні і адпусцілі. Турчына знаходзіцца ў статусе сведкі па крымінальнай справе.


Бухгалтарка БелаПАН Кацярына Боева знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна, пішуць Naviny.by. Яна праходзіць падазраванай па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведаміў яе муж.


Родныя былога дырэктара БелаПАН Дзмітрыя Наважылава паведамляюць, што ён таксама дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна.


Журналіст БелаПАН Захар Шчарбакоў адпушчаны пасля допыту пад падпіску аб неразгалошванні. Пра гэта паведаміла ягоная жонка.

У журналіста канфіскавалі ноўтбук, тэлефон і флэшкі. Пасля ператрусу Шчарбакова адвезлі ў офіс "Белтэлекама", і ў прысутнасці журналіста канфіскавалі сервер "БелаПАН".


Следчы камітэт паведамляе, што Дзмітрый Наважылаў, Ірына Леўшына і Кацярына Боева затрыманыя па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Акрамя гэтага, следствам ініцыявана падатковая праверка дзейнасці БелаПАН, у ходзе якой выяўлены парушэнні падатковага заканадаўства. Пасля вызначэння канчатковай сумы нявыплачаных ў даход дзяржавы падаткаў следствам будзе дадзеная прававая ацэнка дзеянням службовых асобаў БелаПАН па арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў).

Мінск

Супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам да лідаркі арганізацыі пенсіянераў «Нашае пакаленне» Таццяны Зялко. Прычыны зацікаўленасці пенсіянеркай сілавікоў пакуль невядомыя.

Дапоўнена: пасля ператрус і допыту ў цэнтральным апараце КДБ у якасці сведкі па справе аб нясплаце падаткаў Таццяну Зялко адпусцілі. У яе канфіскавалі тэхніку, візітоўкі і рэшткі нацыянальнай сімволікі.


Днём 16 жніўня на балкон на другім паверсе да Андрэя Кабанава па лесвіцы лезлі чатыры сілавікі ў балаклавах і ў жылетах з надпісам "Міліцыя". Знізу сілавік гэта здымаў на гоў-про камеру на сэлфі-палцы.


Палітвязню Уладзіміру Мацкевічу прад'явілі абвінавачванне ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (342 КК). Метадолаг і філосаф будзе знаходзіцца пад арыштам не менш за 2 месяцы.


Яўген Місюк
Яўген Місюк

Сёння раніцай у Мінску затрымалі 30-гадовага Яўгена Місюка. Паведамляецца, што пры затрыманні яго збілі. Падчас ператрусу забралі ноўтбук, тэлефон, флэшкі. Па словах родным, яго абвінавачваюць у тым, што ён «пісаў у жніўні ў телеграм-каналах заклікі фізічнай расправы з міліцыяй, да беспарадкаў».

Яўгена даставілі ў Першамайскі РУУС Мінска.

Адразу паведамлялася, што Яўген затрыманы ў Віцебску, але апынулася, што ў Мінску.


17 жніўня сілавікі прыйшлі да Міхаіла Лупаносава, брата былога падпалкоўніка ГУБАЗіКа Станістава Лупаносава, які выехаў з Беларусі, асудзіўшы дзеянні былых калег.

Вядома, што Міхаіл быў дырэктарам будаўнічай фірмы. Затрымалі яго супрацоўнікі МУС, па ч.1 арт. 427 КК (службовы падлог). Інкрымінаваныя яму падзеі адбываліся ў 2016 годзе. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, піша "Наша Ніва".


Тэлеграм-каналы «Кибер-Партизаны» і «Кибер-сливы» прызнаныя экстрэмісцкімі. Такое рашэнне прынята судом Цэнтральнага раёна Мінска. Падставай для гэтага сталі матэрыялы праверкі ГУБАЗіК МУС, па меркаванні якога "названыя тэлеграм-каналы публікавалі матэрыялы, накіраваныя на дыскрэдытацыю супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання, а таксама на распальванне сацыяльнай варожасці".


Кіраўнік аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка атрымаў іск з Вярхоўнага суда аб ліквідацыі арганізацыі. Пра гэта ён напісаў у сваім фэйсбуку. 

У Вярхоўным Судзе Беларусі распачатая справа па іску Міністэрства юстыцыі і аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”. Падрыхтоўчая сустрэча бакоў па справе прызначаная на 20 жніўня.


Праваабаронцам "Вясны" паведамляюць пра затрыманне ў Мінску Аляксандра Пашкевіча і Андрэя Трусевіча.


Вярхоўны суд прызнаў арганізацыю «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» тэрарыстычнай, яе дзейнасць у РБ забароненая.

Астравец

У Астраўцы ў Следчы камітэт на 11 гадзін выклікалі Мікалая Уласевіча. Сказалі, што ў якасці сведкі па крымінальнай справе, але рэчы сабраў.

Гомель

Паведамляецца, што валанцёра з Гомеля Іллю Міронава не змаглі асудзіць другі раз за два дні і адправілі справу за дапрацоўку. А валанцёра — назад у ізалятар.

Другое судовае паседжанне па справе затрыманага 17 жніўня гомельскага актывіста і валанцёра Іллі Міронава зноў завяршылася безвынікова. Суддзя адправіў матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю, палічыўшы, што фабула пратаколу не адпавядае артыкулу, па якім яго судзяць — арт. 24.23 КаАП. Нагадаем, Іллю судзяць за надпіс на майцы "Пішыце лісты". У міліцыі мяркуюць, што такім чынам Ілля праводзіў несанкцыянаваны пікет. Аднак на час дапрацоўкі пратаколу недахопаў Іллю не адпусцілі дадому, а зноў накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён правёў ноч.

Дапоўнена: суддзя Віктар Казачок пакараў актывіста Іллю Міронава 25-сутачным арыштам па ч. 3 арт. 24.23 КаАП. Іллю асудзілі за надпіс на майцы "Пішыце лісты", якую міліцыянты расцанілі як несанкцыянаванае пікетаванне.

Ляхавічы

Генадзь Смірноў не выйшаў пасля 15-суткавага арышту. 3 жніўня мужчына выйшаў у горад са сцягам і быў затрыманы. 

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства