viasna on patreon

Па ўсёй краіне працягваюцца суды за абразы і паклёп на прадстаўнікоў улады. Агляд за тыдзень

2021 2021-07-02T19:27:46+0300 2021-11-12T11:19:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dif_sud_bobr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя паседжанні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праявы пратэсту. Па дадзеных праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з'яўляецца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодня па ўсёй Беларусі праходзяць суды па гэтых артыкулах. "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

"Хацелася пераменаў". За абразу камандзіра мясцовага АМАПа судзяць гамяльчука

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 29 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксандра Анопы, які, на думку следства, абразіў супрацоўніка міліцыі (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядае судзьдзя Алеся Осіпава. Дзяржабвінаваўца - Наталля Капітанава.

Пацярпелы - камандзір Гомельскага АМАПу УУС аблвыканкама Міхаіл Дамарнацкі ў судзе не прысутнічаў, але прад'явіў матэрыяльны пазоў за маральныя пакуты ў памеры 1000 рублёў.

З матэрыялаў справы вядома, што, знаходзячыся па месцы сваёй працы ў дзіцячай спартыўнай школе ў Мінску, Анопа 8 снежня 2020 года пад фатаграфіяй Дамарнацкага ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" размясціў два каментары грэблівага зместу. У ненарматыўнай форме назваў супрацоўнікаў міліцыі "кончеными тварями" і іншымі выразамі, выклікаў Дамарнацкага на паядынак, каб памерацца з ім сіламі. Тым самым Анопа прынізіў гонар і годнасць прадстаўніка ўлады і яго аўтарытэт, сказана ў абвінавачванні.

Ужо на другі дзень гэты каментар быў выяўлены падчас маніторынгу сацыяльных сетак. Анопу затрымалі, ён правёў у ІЧУ тры дні.

Абвінавачаны часткова сваю віну прызнаў. На пытанне, чаму ён дапусціў абразы, патлумачыў, што раней ён быў знаёмы з пацярпелым - калісьці паміж імі ўжо здараўся канфлікт. Неаднаразова ў судзе паўтараў, што хочацца пераменаў у краіне. Ад паслуг адваката адмовіўся з-за матэрыяльнага становішча.

Пракурор запрасіла для Анопы абмежаванне волі тэрмінам на тры гады з адбываннем ва ўстанове адкрытага тыпу.

Наступнае пасяджэнне прызначанае на 14.15 5 ліпеня.


2,5 гады "хіміі", тры тысячы - міліцыянтам. У Магілёве новы прысуд за абразу міліцыянтаў

30 чэрвеня суддзя суда Ленінскага раёна Алена Літвіна вынесла рашэнне ў дачыненні да цырульніка-рамесніка з Бялыніч Расціслава Кушнерава.

kushniarou_r.jpg
Расціслаў Кушнераў

Яго прызналі вінаватым у тым, што ён абразіў трох прадстаўнікоў МУС (арт. 369 КК РБ), пакінуўшы каментары ў адным з тэлеграм-каналаў, прызнаных уладамі Рэспублікі Беларусь экстрэмісцкім.

На пасяджэннях Кушнераў абараняў сябе сам, без адваката. Ён цалкам прызнаў сваю віну і папрасіў прабачэньня ў міліцыянтаў прама ў ходзе працэсу. Дзяржаўны абвінаваўца запытаў для Кушнерава 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Алена Літвіна вырашыла пакараць Кушнярова 2 гадамі і 6 месяцамі "хіміі". Акрамя таго, мужчына абавязаны выплаціць па тысячы рублёў маральнай кампенсацыі абражаным міліцыянтам.


Жыхар Салігорска асуджаны за абразу намеснік начальніка салігорскай міліцыі Салаўя

Салігорскі раённы суд разгледзеў крымінальную справу паводле артыкула 369 КК РБ (абраза дзяржаўнага служачага) у дачыненні да мясцовага жыхара Рамана Смолкіна. Справу разглядаў суддзя Юрый Блоцкі, пракурор - Чарнышэўскі.

З матэрыялаў расследавання вядома, што 4 студзеня Смолкін пакінуў абразлівы каментар пра намесніка начальніка Салігорскага РАУС Сяргея Салаўя ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" на старонцы Salihorsk.org (якую 18 чэрвеня прызналі экстрэмісцкай). Пад каментаром Смолкіна карыстальнікі пакінулі 16 лайкаў.

Адбылося гэта роўна на наступны дзень пасля дня нараджэння Салаўя, вядомага сваёй дзейнасцю па спыненні пратэстаў у жніўні 2020 года. Сяргей Салаўёў адчуў сябе абражаным, паводле абвінавачвання, пацярпелі яго гонар і годнасць. Яго жонка таксама была абураная гэтым каментаром.

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў прысудзіць Раману два гады абмежавання волі і адправіць у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, быў пададзены матэрыяльны пазоў аб кампенсацыі маральных пакут у памеры 2000 рублёў. Менавіта такое рашэнне 30 чэрвеня і вынес суддзя Блоцкі.

Год "хатняй хіміі" і 900 рублёў кампенсацыі за каментар "Панабіраюць ідыётаў"

У судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна разгледжаная справа 31-гадовай Надзеі Вячынай, якую прызналі вінаватай паводле арт. 369 КК. Справу разгледзеў суддзя Васіль Галкоўскі. Дзяржабвінавачанне падтрымаў Ілля Пузікаў. Ёй прысудзілі год "хатняй хіміі", а таксама абавязалі выплаціць кожнаму пацярпеламу па 300 рублёў кампенсацыі і дзяржпошліну - 261 рубель.

dif_sud_bobr.jpg
Суд Надзеі Вячынай

Жанчыну прызналі вінаватай у тым, што з 9 да 23 лістапада 2020 года яна, маючы намер і жаданне публічна і ў непрыстойнай форме зняважыць гонар і годнасць прадстаўнікоў улады, размясціла пад відэа на Youtube каментар негатыўнай ацэнкі асобы маёра міліцыі Алега Бандуры, старэйшага лейтэнанта Дразда і малодшага лейтэнанта Анісічкава са зместам "Панабіраюць ідыётаў", які наносіць шкоду гонару і годнасці супрацоўнікаў.

Надзея Вячына цалкам прызнала віну. Адзначыла, што нікога з пацярпелых раней не ведала. У лістападзе яна прагледзела ролік "Супрацоўнікі ДАІ ў горадзе Бабруйску без прычыны забіраюць аўтамабіль": ёй не спадабалася тое, што забіраюць машыну. Адзначыла, што яе выраз сапраўды насіў негатыўны характар.

Усе пацярпелыя расцанілі каментар як абразу супрацоўнікаў. Спачатку планавалі прэтэнзіі на пакрыццё маральнай шкоды падаваць у грамадзянскім парадку, на наступным пасяджэнні заявілі пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 300 рублёў на карысць кожнага пацярпелага. Абвінавачаная пазовы прызнала.

МУС выклала ролік, у якім сказана, што раней Вячына прыцягвалася да адказнасці: на самой справе, гэта не так. Яна таксама не стаіць на ўліку ў РУУС, характарыстыка з месца працы станоўчая.

У апошнім слове Надзея Вячына сказала: "Гэта амаль ні за што. Строга - за слова "ідыёт", там нават фатаграфіі і іх імёнаў няма. Як мяне ў Ютюбе без майго дазволу выкласці - можна. Мяне яшчэ і абвінавацілі ў тым, што я не рабіла: напісана ў Інтэрнэце, што я ўжо прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, а такога не было нават".

Пракурор Пузікаў папрасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, тэрмінам на два гады - "хатняй хіміі". А таксама задаволіць пазовы. Адваката ў абвінавачванай не было. Суддзя прысудзіў абвінавачаную да года "хатняй хіміі", а таксама абавязаў выплаціць кампенсацыі і дзяржпошліну.

Два гады "хатняй хіміі" за каментар "Мусорской хряк". Абвінавачаны не памятае, ці пакідаў яго

Суд Партызанскага раёна горада Мінска разгледзеў справу 65-гадовага Сяргея Барысёнкі. Суддзя Дзядкова прызнала яго вінаватым па арт. 369 Крымінальнага кодэксу і прысудзіла да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову – "хатняй хіміі". Дзяржабвінавачанне падтрымала Аляксандра Кобрына. Пацярпелы па справе - участковы міліцыянт Міхаіл Жарыкаў.

Паводле абвінавачання, 9 снежня 2020 года Барысёнак пакінуў у адным з чатаў у "Аднакласніках" каментар "Мусорской хряк" пад паведамленнем з выявай малодшага лейтэнанта міліцыі Жарыкава.

Падчас следства абвінавачаны даў паказанні, што прызнае дачыненне і раскайваецца ў зробленым: "Гэты каментар я напісаў пасля таго, як прачытаў, што гэты супрацоўнік міліцыі быў апазнаны як ціхар на мітынгах, а таксама складаў пратаколы на грамадзян паводле арт. 23.34. Таму вырашыў выказаць свой негатыў у дачыненні да дадзенага супрацоўніка міліцыі, напісаў гэты каментар".

На судзе ён адзначыў, што прызнае віну часткова. Ён растлумачыў, што следчы сказаў яму прызнаць віну, і тады адпусціць яго дадому. Аднак дадому яго не адпусцілі, а адправілі на трое сутак на Акрэсціна. Барысёнак распавёў, што не быў знаёмы з пацярпелым, упершыню ўбачыў фота міліцыянта ў следчага. Сяргей Барысёнак не памятае, ці пакідаў каментар: у яго ёсць падазрэнне, што нехта падставіў яго фота ў нікнэйм і адкаментаваў ад яго імя. Ён адзначыў, што абураны тым, што чыніла міліцыя пасля дзевятага жніўня – па яго словах, гэта было поўнае бязмежжа і цяжкія злачынствы, таму да міліцыі ў яго вельмі негатыўнае стаўленне. Сяргей Барысёнак сказаў, што магчыма пасля такіх падзей і мог пакінуць каментар пад такім "фактурным" партрэтам, але дакладна не памятае, бо гэта было даўно, а ён ужо пажылы чалавек.

Пацярпелы не з'явіўся на пасяджэнняў у сувязі са службай.

Дзяржабвінавачванне палічыла, што віна абвінавачанага цалкам даказаная і папрасіла грунтавацца на паказаннях абвінавачанага ў ходзе следчых дзеянняў, а не на судзе. Кобрына папрасіла асудзіць абвінавачанага на два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову - "хатняй хіміі", а таксама канфіскаваць ноўтбук як злачынства. Суддзя пагадзілася з пакараннем.


Актывіста Міхаіла Чамураку судзяць за паклёп на старшыню ўчастковай камісіі

Міхаіл Чамурака. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.
Міхаіл Чамурака. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

У судзе Дубровенскага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы, узбуджанай супраць актывіста Міхаіла Чамуракі па артыкуле 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп). Чамураку абвінавачваюць у тым, што ён у тэлеграм-чаце «Орша 97%» і на старонцы ў «Аднакласніках» размясціў публікацыю, якая змяшчае ілжывыя звесткі ў дачыненні да старшыні ўчастковай выбарчай камісіі №8 у Воршы А. Сіняўскай. Тым самым, сцвярджае следства, ён прычыніў ёй маральную шкоду.

Актывіст на судзе на пасяджэнні другога ліпеня заявіў, што не размяшчаў пасты з абразамі старшыні камісіі, і лічыць, што гэта маглі зрабіць іншыя асобы з фэйкавага акаўнта.

На пасяджэнні выступілі сведкі абароны і абвінавачванні. Жонка Чамуракі і ягоная сястра распавялі пра сітуацыю з тэхнікай Міхаіла - яе ўвесь час забіралі падчас шматлікіх ператрусаў, і адпаведна ў яго проста не было фізічнай магчымасці размясціць гэтыя публікацыі.

Сведкі з боку абвінавачвання - супрацоўніца Аршанскага РАУС Вікторыя Давыдзенка і старшыня аршанскай раённай выбарчай камісіі Мікалай Давідовіч. Давыдзенка пасля выбараў маніторыла старонкі людзей, якія праяўлялі палітычную актыўнасць. Давідовіч жа распавядаў, што на выбарах парушэнняў не зафіксавана і, адпаведна, публікацыі пра фальсіфікацыі - гэта паклёп.

Разгляд справы працягнецца сёмага ліпеня.


Два гады "хіміі" і паўтары тысячы кампенсацыі за каментар "с******й г****к"

У судзе Лепеля і Лепельскага раёна разгледжаная справа 39-гадовага Віктара Пыцько. Суддзя Дзмітрый Васюк прызнаў яго вінаватым па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і прысудзіў да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову – "хіміі". Таксама абавязаў пакрыць маральную шкоду у памеры 1500 рублёў і дзяржпошліну – 87 рублёў. Дзяржабвінавачанне падтрымала старшы памочнік пракурора Мядкава.

Паводле абвінавачання, 27 лютага 2021 года, маючы намер публічна абразіць прадстаўніка ўлады Дзмітрыя Ляшко, Пыцько размясціў у "Аднакласніках" каментар да публікацыі ў дачыненні да маёра міліцыі. Згодна з заключэннем эксперта, у каментары ўтрымлівалася выяўленае ў непрыстойнай, грубай і зняважлівай форме абраза ў адрас Ляшко, якая негатыўна ацэньвае апошняга.

Пацярпелы - начальнік інспекцыі ў справах непаўналетніх маёр міліцыі Дзмітрый Ляшко прасіў спагнаць 1500 рублёў маральнай кампенсацыі, бо ён "як грамадзянін і супрацоўнік органаў унутраных спраў РБ выпрабаваў маральныя пакуты, якія выявіліся ў прыніжэнні гонару і годнасці ў вачах неабмежаванага кола асоб, якія азнаёміліся з напісаным". Абвінавачаны прызнаў пазоў.

Віктар Пыцько цалкам прызнаў віну. Ён распавёў, што ў той момант быў на негатыве: адбіліся праблемы ў сям'і і на працы, таму ў каментары вырвалася "с******й г****к". Ён разумеў, што гэты каментар мог прачытаць іншыя карыстальнікі. Ва ўчынку раскаяўся, перад пацярпелым папрасіў прабачэння: прабачэнні знялі на тэлефон прадстаўнікі СК, якія дома праводзілі ператрус.

Дзяржабвінаваўца папрасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову - "хімію" тэрмінам на два гады. Таксама - задаволіць грамадзянскі пазоў і спагнаць 87 рублёў дзяржпошліны. Суддзя пагадзіўся з такім пакараннем.

Асуджанаму раней па артыкуле 342 КК жыхару Маладзечна прысудзілі яшчэ і "хатнюю хімію"

Суд Маладзечна і Маладзечанскага раёна разгледзеў справу 48-гадовага Ігара Сідаровіча. Суддзя Іна Каханоўская прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзіла на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову - "хатняй хіміі". Таксама суд абавязаў яго выплаціць 1500 рублёў маральнай кампенсацыі пацярпеламу начальніку Маладзечанскага РУУС Вадзіму Прыгары. Бок абвінавачвання падтрымаў пракурор Жук.

sidarovich_igar.jpg
Ігар Сідаровіч. Фота "Рэгіянальнай газеты"

Ігар Сідаровіч - чалавек з інваліднасцю, у яго няма адной нагі. Раней яго ўжо судзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, пакаранне - 140 базавых.

Яго прызналі вінаватым у тым, што ён зрабіў рэпост паведамлення з фатаграфіяй Прыгары і каментаром у чат «Маладзечна для жыцця». Паводле абвінавачвання, "з мэтай прыніжэння гонару і годнасці Прыгары". У рэпосце "прысутнічала ненарматыўная лексіка", што прычыніла міліцыянту маральныя пакуты.

Ігар Сідаровіч часткова прызнаў віну. Распавёў, што зрабіў рэпост па просьбе знаёмай, якая зараз знаходзіцца за мяжой, таму што палічыў просьбу разумнай. Фотаздымак Прыгары быў размешчаны з агульнага доступу, асабістых матываў і каментароў Сідаровіча не было. Ён не памятае сутнасць тэксту, памятае толькі, што ў ім прысутнічала пару нецэнзурных слоў. Абвінавачаны распавёў, што зрабіў рэпост ва ўзнятым стане, але не меў прэтэнзій асабіста да Прыгары. Ён згодны, што абразіў яго, але не ўсе органы МУС, што яму ставіцца з віну.

Прыгара ўпэўнены, што яго абразілі не толькі як асобу, але і як прадстаўніка ўлады, і запытаў кампенсацыю за маральную шкоду 3000 рублёў. Сідаровіч не пагадзіўся з сумай і папрасіў паменшыць яе да 1000 рублёў.

Першапачаткова ў рэпосце падазравалі сына Сідаровіча: ён і яго сябар былі затрыманыя, ім пагражалі арыштам на трое сутак, калі яны не скажуць праўду. Даведаўшыся пра арышт сына, Сідаровіч сказаў, што гэта ён размясціў рэпост, пасля чаго сына адпусцілі.

Дзяржабвінаваўца запытаў паўтара года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову - "хатняй хіміі", а таксама выплаціць кампенсацыю. Адвакат Сідаровіча папрасіла абмежавацца штрафам і знізіць суму шкоды да тысячы рублёў. Суддзя пагадзіўся з абвінавачваннем у частцы тэрміну, а таксама абавязаў Сідаровіча выплаціць 1500 рублёў на карысць пацярпелага.


Прысуд за абразу гарадзенскага ўчастковага - 1 год і 8 месяцаў "хіміі"

1 ліпеня ў Гародні прадоўжыўся і скончыўся судовы працэс у дачыненні да 25-гадовага жыхара Менску Вадзіма Цішкевіча, піша "Гарадзенская Вясна". Першае паседжанне ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні прайшло яшчэ 17 чэрвеня. Крымінальная справа была заведзена за публічную абразу прадстаўніка ўлады паводле артыкулу 369 КК.

tishkevic_grodna.jpg
Вадзім Цішкевіч на пасяджэнні

Цікава, што пачаткова суддзём на працэсе быў вядомы многім гарадзенцам Руслан Хіхол. Аднак за гэты час ён пайшоў на падвышэнне - прызначаны старшынём Карэліцкага раённага суду. Новым суддзём на працэсе стаў Максім Галубовіч. Бок абвінавачання прадстаўляла пракурорка Ганна Кароль. Пацярпелым па справе фігураваў ўчастковы Гарадзенскага УУС Ілья Каяч. Вёў маніторынг судовага паседжання праваабаронца Раман Юргель. Цішкевіч бараніў сябе сам, не карыстаючыся паслугамі адваката.

Падсудны поўнасцю прызнаў сваю віну. Ён мае сур'ёзнае захворванне і яму патрэбна аперацыя ў галіне практалогіі. Гэтыя медыцынскія дакументы далучаны да матэрыялаў справы.

Цішкевіча абвінавачылі ў тым, што з мабільнага тэлефону размясціў допіс "с целью воздействия на общественное сознание, дня подрыва авторитета власти". Было размешчана фота ўчастковаага міліцыянта Каяча з подпісам непрыстойнага зместу, словамі на літары - г і -е. Пацярпелы выявіў гэты каментар Цішкевіча 28 кастрычніка 2020 году.

Пракурорка прасіла пакараць Цішкевіча 2 гадамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову.

У выніку Вадзіму Цішкевічу прысудзілі 1 год і 8 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя гэтага паводле грамадзянскага іску ён павінен выплаціць міліцыянту Каячу 500 рублёў маральнай кампенсацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства