Стаялі ў счэпцы, але ў далоні не пляскалі. Вынесены прысуд мінчукам Якубоўскаму і Драбатовічу
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска другога ліпеня вынесны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да палітвязняў Андрэя Драбатовіча і Вадзіма Якубоўскага. Іх абвінавацілі ў арганізацыі альбо актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).
Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк. Дзяржабвінавачванне прадстаўляў пракурор Цімафей Нічыпарук.
10 жніўня 2020 года сябры стэлефанаваліся, вечарам сустрэліся і выправіліся на Нямігу паглядзець, што робіцца на вуліцах.
Калі АМАП пайшоў на людзей, многія спалохаліся, выйшлі на праезную частку. Сябры таксама апынуліся на праезнай частцы. Разам з усімі выкрыквалі: “Міліцыя з народам” і “Жыве Беларусь!”. Некаторы час яны стаялі ў счэпцы ў першым шэрагу. Менавіта па гэтай прычыне іх здолелі апазнаць і затрымаць.
Жыхар Мінска Андрэй Драбатовіч быў затрыманы 14 красавіка 2021 года, да суда змяшчаўся ў СІЗА №1. Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітычным зняволеным. Вадзіма Якубоўскага затрымалі 23 красавіка, да суда змяшчаўся ў СІЗА №1. Ён таксама палітзняволены.
Драбатовіч прызнаў сваю віну часткова, Якубоўскі – цалкам.
Сёння суддзя Дзмітрый Карсюк агучыў прысуд: Андрэя Драбатовіча і Вадзіма Якубоўскага прызнаць вінаватымі па ч.1 арт.342 КК і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу (хатняя хімія). Менавіта столькі прасіў пракурор.
Залічыць у тэрмін адбыцця пакарання Драбатовічу - з 14 красавіка па 2 ліпеня, Якубоўскаму - з 23 красавіка па 2 ліпеня. Вярнуць Драбатовічу БЧБ-сцяг.
Праз некалькі хвілін яны будуць на волі.
Сазваніліся, каб сустрэцца. У Мінску судзяць двух сяброў за арганізацыю і ўдзел у групавых дзеяннях 10 жніўня