Каля двух дзясяткаў затрыманых за два дні. Хроніка палітычнага пераследу 9 і 10 чэрвеня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9 і 10 чэрвеня працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Пераслед 10 чэрвеня
Мінск
Спіс затрыманых у Мінску:
- Яўген Бабак;
- Алеся Бераснева-Касцеева;
- Дзмітрый Дуброўскі;
- Аляксей Лабуновіч;
- Мікалай Лапіцкі;
- Ганна Марская;
- Эдуард Мацукевіч;
- Павел Гурыновіч;
- Андрэй Сяргееў;
- Сяргей Пятрушэнка;
Сяргея затрымалі па дарозе на працу. Яго машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, з машыны выштурхнулі жанчыну людзі з аўтаматамі і ў шлемах. Адабралі тэлефоны, праверылі кампутары. Сяргея затрымалі і адвезлі дадому, дзе правялі ператрус, пасля чаго адвезлі ў ГУБАЗіК. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Пазней у прауладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае" відэа Сяргея Пятрушэнкі, а таксама агучыліся прычыны яго затрымання: супрацоўнік агенцтва па маёмасці нібыта перадаў у "Чорную кнігу Беларусі" асабістыя дадзеныя намесніка начальніка МУС. За гэта яму інкрымінуюць ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса, па якой мужчыне пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Як паведамілі «Нашай Ніве» сваякі былога пракурора Яўгена Бабака, сёння з ім неспадзявана знікла сувязь — нечакана для чалавека, які сядзіць дома з каранавірусам. Брат, які прыехаў праведаць Яўгена, знайшоў узламаныя дзверы і ўшчэнт разнесеную кватэру, ускрывалі нават плінтусы.
Са словаў суседзяў, раніцай да Бабака прыехала група захопу ў бронекамізэльках, гэтыя людзі ў тамбуры крычалі «адмыкай», у двары былі два характэрныя бусікі. Пасля ўсяго Яўгена звезлі. Дзе ён цяпер і хто праводзіў затрыманне, невядома. Сваякам ніхто не паведаміў.
Яўген Бабак сышоў з пасады памочніка пракурора Першамайскага раёна пасля таго, як у пракуратуры праігнаравалі яго прадпісанне аб правядзенні праверкі па факце жорсткага збіцця байкераў людзьмі ў форме супрацоўнікаў ДАІ ў жніўні 2020-га.
Салігорск
У Салігорску супрацоўнікі АМАПу затрымалі відэамантажора Iгара Сцяпурку. Раней ён распавядаў, што да яго ламiлicя ў дамафон.
Раніцай 10 чэрвеня быў ператрус у кватэры ўладальнікаў Салігорскага медыя "Лідар-прэс" Уфімцавых, а таксама ў рэдакцыі.
Пасля размовы ў аддзяленні міліцыі двое асоб падпісалі дакументы аб невыдаванні. Гэта сын і нявестка Уфімцавых, яны ж з'яўляюцца супрацоўнікамі рэдакцыі.
Галоўны рэдактар Антаніна Уфімцава пацвердзіла гэтую інфармацыю, аднак каментаваць падзеі пакуль адмовілася. У рамках якой справы быў ператрус таксама не паведаміла, спаслаўшыся на падпіску аб неразгалошванні, якую далі родныя.
У канцы сакавіка 2021 года рэдакцыя была вымушаная прыпыніць выхад друкаванай версіі выдання на 6 месяцаў па эканамічных прычынах, каб захаваць рэсурсы.
"Гэта быў паспяховы бізнэс-праект, які чыталі амаль у кожнай другой сям'і Салігорска-пікавы штотыднёвы наклад складаў блізу 18 тысяч асобнікаў і меў вялікі прыбытак.... За апошнія тры гады многае змянілася", — паведаміла кіраўніцтва медыя ў сакавіку.
Жабінка
Як піша "Белсат", сёння з раніцы яны прыйшлі дадому да 49-гадовай Наталлі Дырман з аграгарадку Хмелева і правялі ў яе вобшук, пасля чаго затрымалі саму гаспадыню.
*Наталля Дырман – вядомы ў рэгіёне чалавек, заснавальніца і фронтмэн народнага калектыву гумару і песні «Хмелеўскія валацугі». Прызнавалася «Чалавекам году» у галіне культуры на Берасцейшчыне, мае шмат узнагарод, маці траіх дзяцей. У жніўні Наталля звольнілася з дзяржаўнай працы.
Таксама ў Жабінцы затрымалі 58-гадовую Ларысу Пагоцкую. У ейнай кватэры адбыўся ператрус, а сама спадарыня Пагоцкая была дастаўленая ў берасцейскі ІЧУ. Раней Ларыса прыцягвалася паводле артыкулу 23.34. Жыхары Жабінкі лічаць, што сілавікі вырашылі зноў пакараць усіх, хто быў заўважаны ў пратэстах са жніўня 2020 года.
Магілёў
Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы "Вясны", палітвязня Валадара Цурпанава, які пакуль знаходзіцца ў турме №4 г. Магілёва, да 11 чэрвеня змясцілі ў карцар. За што менавіта яго туды накіравалі – невядома.
Раней актывісту, дысідэнту і праваабаронцу Валадару Цурпанаву замянілі 3 гады "хіміі" на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за нібыта ўхіленне ад адбыцця пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
У Беларусі прызналі экстрэмісцкімі чарговыя тэлеграм-каналы і чаты: «АНАРХИЗМ В БЕЛАРУСИ», «Прамень (PRAMEN)», «Революция сознания (блог Бычковского)», «Флагшток», «Петриков 97%» и «Берёзки Юбилейный Улуковье ЧАТ».
Брэст
Пракуратура Брэста паведаміла, што ў суд накіраваная крымінальная справа аб паклёпе на прэзідэнта. Праваабаронцы мяркуюць, гэта справа палітзняволенага актывіста Андрэя Шарэнды, які цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам.
"38-гадовы берасцеец Ш. 29 сакавіка 2021 года, адказваючы на пытанні па сваім мабільным тэлефоне, даў інтэрв'ю неўстаноўленаму журналісту. Пры гэтым ён дакладна ведаў, што паведамленыя ім звесткі будуць размешчаныя ў сетцы Інтэрнэт на агульнадаступным рэсурсе. У інтэрв'ю ўтрымліваліся паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, злучаныя з абвінавачваннем яго ў асабліва цяжкім злачынстве. Пасля яно было апублікавана, і яго прачытаў неабмежаваны круг асобаў", – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Санкцыя часткі 2 артыкула 367 КК прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Нагадаем, учора жонка Шарэнда Паліна атрымала два гады калоніі за абразу міліцыянтаў і Лукашэнкі, а таксама за плявок, сарваную маску і падрапаны нос супрацоўнікаў міліцыі падчас агляду ў яе кватэры. У пары двое непаўналетніх дзяцей.
Таксама ў Брэсце сёння заключылі пад варту ў СІЗА па "справе карагодаў" 50-гадовага жыхара Пружан Алега Кулеша.
Жлобін
У Жлобіне затрымалі траіх хлопцаў – усіх падазраюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у жніўні мінулага года, пішуць "Сильные новости". Затрыманыя – мясцовыя жыхары 20, 22 і 23 гадоў. Сярод затрыманых – Ілля Сычэвіч, Яўген Пархамовіч.
У МУС заявілі, што ў жніўні мінулага года маладыя людзі падчас "масавых беспарадкаў" у Жлобіне кідалі камяні і тратуарную плітку ў міліцыянтаў і іх службовы транспарт.
У міліцыі з хлопцамі гутарылі на камеру, відэа апублікаваў УУС Гомельскага аблвыканкама. У аднаго з затрыманых супрацоўнікі пытаюцца, якімі відамі спорту ён займаецца, ці знаходзіцца ў каляфутбольным руху, ці знаходзіўся на мітынгу і ці было там цікава.
На фоне адказаў маладога чалавека на відэа дэманструюцца яго розныя татуіроўкі.
Пераслед 9 чэрвеня
Гродна
9 чэрвеня ў тэлеграм-канале, прыбліжаным да праваахоўных органаў, з'явілася інфармацыя аб затрыманні ў Гродне актывістаў анархісцкага руху. Стала вядома, што гутарка ідзе пра 24-гадовага Аляксандра Мася і 30-гадовага Артура Крыштаповіча. Па папярэдняй інфармацыі, ім інкрымінуюць артыкул 285 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй). Гродненцаў даставілі ў Мінск.
Кобрын
У Кобрыне затрыманы Раман Дзмітрук і яшчэ трое чалавек. Прычына затрымання не названая. У суботу ў Кобрыне будзе праходзіць фестываль "Вытокі".
Гомель
Па інфармацыі гомельскай «Вясны», 9 чэрвеня ў Гомелі на працы затрымалі 34-гадовага Яўгена Марынца. Адтуль яго павезлі на ператрус у ягоную кватэру. Цяпер месцазнаходжанне і статус мужчыны высвятляецца.
Мінск
У Мінскай Грушаўцы затрымалі Яўгена Жураўлёва. Гэта адбылося каля Белаграпрамбанка на вуліцы Чыгуначнай. Хлопца змясцілі ў аўтобус і звезлі ў невядомым накірунку. Абставіны і прычыны затрымання высвятляюцца.
Таксама ў Мінску затрымалі Дзмітрыя Качаноўскага. Прычына — зняў дзяржаўны сцяг з дзіцячага садка. Мужчыну даставілі ў Заводскі РУУС.
Паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Галіны Марозавай. З Заводскага РУУС яе адпусцілі да суда.
Палітзняволеную блогерку Вольгу Такарчук на 7 сутак змясцілі ў карцар. Бацькі даведаліся гэта, калі ў турме ў Жодзіне ў іх не прынялі перадачу для дачкі. Там яна абвясціла галадоўку.
«Яна абвясціла галадоўку праз надуманую падставу для змяшчэння яе ў карцар. Тэрмін 7 сутак, з 7 па 14 чэрвеня. Оля ў цэлым адчувае сябе нядрэнна, але карцар ёсць карцар. З ёй працуе псіхолаг», — сказаў ён.
У МУС сцвярджаюць, што Вольга Такарчук спыніла галадоўку. Адпаведнае відэа апублікавана ў телеграм-канале ведамства.
"Падследная Вольга Такарчук прымае ежу. Стан яе здароўя здавальняючы. Як і належыць, яна знаходзіцца пад наглядам медыкаў", — сказана ў паведамленні МУС.
Пры гэтым, што апазнаць чалавека на відэа, а таксама праверыць час здымкі роліка не ўяўляецца магчымым.
Інфармацыя дапаўняецца.