viasna on patreon

Культурную менеджэрку асудзілі на тры гады калоніі за допісы "ВКонтакте" пра міліцыянтаў

2021 2021-05-20T12:22:00+0300 2021-05-20T12:39:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mitkevich_mia_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі гарадскі суд 20 траўня асудзіў да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса 29-гадовую менеджэрку ў сацыяльна-культурнай сферы, арт-дырэктарку івэнт-агенцтва Nuestro Amor Мію Міткевіч. Суддзя Алена Шылько абвінаваціла дзяўчыну ў распальванні сацыяльнай варожасці ў дачыненні да міліцыянтаў трыма допісамі "ВКонтакте". Пра допісы дзяўчыны ў сацсетцы міліцыі стала вядома з закрытага тэлеграм-чата. У Міткевіч дзве вышэйшыя адукацыі ў сферы культуры, але ўжо пяць месяцаў яна знаходзіцца за кратамі. Дзяўчына прызнала факт напісання пастоў, але сцвярджае, што не хацела распальваць варожасць да міліцыянтаў, бо нават "не разумее, што ёсць прыкмета сацыяльнай прыналежнасці". Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў пракурор Аляксандр Рамановіч. "Вясна" назірала за судом і распавядае абставіны гэтай справы.

Міа Міткевіч. Фота з сацыяльных сетак
Міа Міткевіч. Фота з сацыяльных сетак

У чым абвінавацілі Мію Міткевіч?

Міткевіч абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці па прыкмеце прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Паводле матэрыялаў справы Міткевіч "з мэтай распачынання варожага стаўлення і падрыву даверу да міліцыі на сваёй старонцы ў «ВКонтакте» 26 верасня, 3 і 10 кастрычніка 2020 года размясціла выяўленыя ў непрыстойнай форме паведамленні. У іх яна заклікала да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў АУС. Суд прызнаў, што рабіла Міткевіч гэта з матыву "палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй Беларусі і рознымі палітычнымі поглядамі".

Першы пост "ВКонтакте" ад 26 верасня пачынаўся з выразу: "Я предлагаю сделать со всеми прикорытниками и омоновцами и алмазовцами, одним словом лошками-петушками, то же самое, что они сделали с нами..."

Другі пост ад 3 кастрычніка пачынаецца так: "И вновь высказываю свою мысль. Я предлагаю всех лошков-петушков и чиновников наказать следующим образом: схватить их и их семьи, сделать с их семьями тоже, что они сделали с нашим народом..."

Трэці допіс «ВКонтакте» ад 10 кастрычніка пачынаўся з: "Очень надеюсь, что скоро беларусы хотя бы чуточку станут радикальнее..."

29-гадовую Мію Міткевіч затрымалі 19 студзеня – за кратамі яна пяць месяцаў.

Віну Міа прызнала толькі ў частцы напісання пастоў. Намер і мэты – не.

За тры допісы "ВКонтакте" пра міліцыянтаў культурнай менеджэрцы пагражае да пяці гадоў калоніі

У Мінскім гарадскім судзе 14 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні) супраць 29-гадовай менеджэркі ў сацыяльна-культурнай сферы Міі Міткевіч.

"Я нават не разумею, што ёсць прыкмета сацыяльнай прыналежнасці"

5 красавіка ў СІЗА Міа напісала апошняе слова, якое ў пачатку разгляду крымінальнай справы далучылі да матэрыялаў справы [поўны тэкст мы публікавалі раней]. У ім яна тлумачыць свае дзеянні і раскайваецца:

"...Калі дакладней, я яшчэ ў кастрычніку зразумела ступень глупства ўчынку, вывучыўшы ўсю інфармацыю да канца. Таму я яшчэ тады выдаліла гэтыя пасты. Публікуючы іх я была ў глыбокім эмацыйным ступары, пасля прагляду тэкставай і медыйнай інфармацыі на телеграм-каналах. Аднак я публікавала іх для сябе, і не мела мэты нашкодзіць каму-небудзь. Таксама я не мела намеру распачаць сацыяльную варожасць або правакаваць кагосьці да актыўных дзеянняў. Я нават не разумею, што ёсць прыкмета сацыяльнай прыналежнасці, таму нічога падобнага я не мела на ўвазе і не планавала.

Хацелася б адзначыць, што выдаліла публікацыі пасля ўсебаковага вывучэння пытання. Я, вывучыўшы ўсё, зразумела, што памылілася і прыняла факт таго, што перш, чым рабіць высновы, неабходна вывучаць розныя крыніцы. Я раскаялася ў зробленым, таму выдаліла пасты. Гэтая памылка каштавала мне вельмі дорага. За час зняволення я панесла пакаранне нашмат большае, чым мая эмацыйная памылка..."

Справа з закрытага чата і суддзя як абвінаваўца

На судзе ў якасці сведкі выступіў супрацоўнік МУС Галоўнага ўпраўлення па грамадскай бяспецы Ніканенка Яўген Юр'евіч. Ён распавёў, што скрыншоты допісаў "Вконтакте" Міткевіч яму даслаў грамадзянін (яго пасада не называлася на судзе) Капучка, які на суд не з'явіўся. Ён знаходзіцца ў закрытым тэлеграм-чаце "За Беларусь", у якім каля 70 чалавек. Менавіта там Капучка ўбачыў спасылку на акаўнт Міі, дзе і ўбачыў першы пост.

Суддзя Алена Шылько вельмі актыўна ўзяла на судзе ролю абвінаваўцы. Яна казала абвінавачанай наступныя выразы:

"Будучы 30-гадовай жанчынай на гэтай зямлі, маючы, як Вы гэта падаеце, дзве вышэйшыя адукацыі. Што вы не разумелі?"

"Вось патлумачце, каб нам было зразумела, як можа ў 30 гадоў жанчына, маючы дзве вышэйшыя адукацыі, ды яшчэ ў якой сферы, не разумець прама, што яна піша? Не разумець сэнсавую нагрузку? "Забіць, згвалтаваць, садраць шкуру" – што можна не разумець?"

"Я так разумею, што вы шукайце нейкія апраўдання сабе..."

"Вашых каментароў у сетках дастаткова. Я маю поўнае права азнаямлівацца з усім. Калі хочаце, дык гэтае пытанне можна разгледзець".

"Ваша пазіцыя не зусім зразумелая, паколькі я бачу неадкроўнасць. Вы кажаце, што прызнаеце віну, гэта зноў толькі зыходзячы з Вашай пазіцыі, ні больш, ні менш".

"Вы неаднаразова кажаце пра тое, што "я прызнаю сваю віну, так, гэта я пісала, ды я ўсвядамляла", разам з тым, даеце іншыя паказанні, і праяўляеце неадкроўнасць".

і іншыя падобныя выразы.

Суд і дзяржабвінаваўца, адзначылі, што допісы Міткевіч "ВКонтакте" прагледзелі больш за 700 чалавек. На самой справе, яны склалі колькасць праглядаў з трох пастоў, і ў іх атрымалася, што 700 чалавек бачыла гэтыя паведамленні. Гэтыя тры паведамленні маглі глядзець адны і тыя ж людзі. Першы пост: 336 праглядаў і 1 лайк. Другі пост: 55 праглядаў, 1 каментарый і 4 лайкі. 

Абвінавачаная: "Я не жадала наступу сацыяльнай варожасці"

На гэтым працэсе абвінавачаная паспрабавала яшчэ раз растлумачыць:

"Я ўсвядоміла сваю віну яшчэ тады, у кастрычніку. Хацелася бы патлумачыць, чаму я размясціла гэтыя пасты. Справа ў тым, што, калі я прачытала навіны пра дзеянні праваахоўных органаў у тэлеграм-каналах, аб тых збіваннях і падобных дзеяннях, то гэта зрынула мяне ў жах. Я трохі раззлавалася і гэта мяне абурыла. На гэтых эмоцыях я напісала пасты. На той момант я ўсведамляла, што я пішу, але я не ўсведамляла, якія могуць быць наступствы ад таго, што я пішу. Калі ўсвядоміла – выдаліла. Я не жадала [Міа расплакалася, у судзе абвясцілі перапынак].

Я не жадала наступу сацыяльнай варожасці, не хацела што б хтосьці ўспрыняў мае словы нейкім чынам. Пасля таго, як ўсвядоміла, што мае словы нясуць, я выдаліла пасты. Раскаялася і прынесла свае публічныя прабачэнні. Не хацела варожасці, не хацела нікога ні з кім сутыкаць і шчыра шкадую аб тым, што напісала".

"Я толькі хацела выказаць меркаванне". Яшчэ адно апошняе слова і прысуд

17 траўня ў Мінскім гарадскім судзе адбыліся судовыя спрэчкі. У спрэчках пракурор адзначыў, што Міткевіч з'яўляецца радыкальна настроенай у адносінах да дзеючай улады асобай, гатовай рэзаць, гвалціць і гэтак далей. У сувязі з гэтым, дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Рамановіч прасіў прызнаць яе вінаватай па ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса і запрасіў для Міі Міткевіч пакаранне ў тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Абвінавачаная дадала да раней далучанага апошняга слова:

"Хацела бы дапоўніць, што я ўсведамляла, што пісала, але я не жадала наступу якой-небудзь варожасці. Я не хацела наступлення негатыўных наступстваў. Гэта не было маёй мэтай. Я ўсяго-толькі хацела выказаць меркаванне і выплюхнуць эмоцыі без якіх-небудзь наступстваў".

20 траўня суддзя Алена Шылько вынесла прысуд 29-гадовай Міі Міткевіч – тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства