viasna on patreon

За тры допісы "ВКонтакте" пра міліцыянтаў культурнай менеджэрцы пагражае да пяці гадоў калоніі

2021 2021-05-14T20:25:00+0300 2021-05-20T09:25:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mitkevich_91_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 14 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні) супраць 29-гадовай менеджэркі ў сацыяльна-культурнай сферы Міі Міткевіч. У дзяўчыны дзве вышэйшыя адукацыі: яна скончыла БДУКМ і Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры і мастацтваў. Таксама ў яе свой бізнэс у сферы кінавытворчасці. Цяпер за тры допісы "ВКонтакте" пра міліцыянтаў ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Алена Шылько, дзяржабвінавачанне падтрымлівае пракурор Аляксандр Рамановіч.

Мія Міткевіч. Фота з сацыяльных сетак
Міа Міткевіч. Фота з сацыяльных сетак

У чым яе абвінавачваюць?

Міткевіч інкрымінуецца распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Паводле матэрыялаў справы Міткевіч "з мэтай распачынання варожага стаўлення і падрыву даверу да міліцыі на сваёй старонцы ў «ВКонтакте» 26 верасня, 3 і 10 кастрычніка 2020 года размясціла выяўленыя ў непрыстойнай форме паведамленні. У іх яна заклікала да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў АУС. Дадзеная інфармацыя была даступная для неабмежаванага кола карыстальнікаў сеткі інтэрнэт. Міі ставіцца ў віну матыў "палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй Беларусі і рознымі палітычнымі поглядамі".

Першы пост ад 26 верасня пачынаўся з выразу: "Я предлагаю сделать со всеми прикорытниками и омоновцами и алмазовцами, одним словом лошками-петушками, то же самое, что они сделали с нами..."

Другі пост ад 3 кастрычніка пачынаецца так: "И вновь высказываю свою мысль. Я предлагаю всех лошков-петушков и чиновников наказать следующим образом: схватить их и их семьи, сделать с их семьями тоже, что они сделали с нашим народом..."

Трэці допіс «ВКонтакте» ад 10 кастрычніка пачынаўся з: "Очень надеюсь, что скоро беларусы хотя бы чуточку станут радикальнее..."

29-гадовую Мію Міткевіч затрымалі 19 студзеня – за кратамі яна амаль пяць месяцаў.

Віну яна прызнала толькі ў частцы напісання пастоў. Намер і мэты – не.

"За час зняволення я панесла пакаранне нашмат большае, чым мая эмацыйная памылка". Апошняе слова ў пачатку суда

5 красавіка ў СІЗА Міа напісала апошняе слова, сёння яго далучылі да матэрыялаў справы. У ім Міткевіч падрабязна распавяла пра сябе:

"У мяне дзве вышэйшыя адукацыі ў сферы культуры і мастацтва, таксама ў мяне скончаныя курсы акцёрскага майстэрства. Хацелася б адзначыць, што пасля першага і другога навучання мне прапаноўвалі досыць прэстыжныя месцы працы ў іншых краінах. Я ім адмовіла, бо хацела жыць і тварыць у роднай краіне Беларусі. Вучылася двойчы на платнай аснове, але хацела пакінуць след у гісторыі і культуры сваёй краіны бязвыплатна. Я апрыёры хацела жыць і развівацца, жыць у сваім родным горадзе. Я займаюся здымкамі камерцыйных і некамерцыйных праектаў. Не так даўно вяла школу харэаграфіі ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры Партызанскага раёна Мінска.

Некаторыя мастацкія фільмы, знятыя мной, ужо былі адпраўленыя на конкурсы і фестывалі рэжысёрскага кароткаметражнага кіно. Акрамя гэтага, у планах было рэалізаваць тэатральныя пастаноўкі, мюзіклы. Вядома, у асноўным я займалася менавіта фестывальным кіно ў жанры містыкі. Гэта найбольш блізкая мне тэма. Тое, што мне па-сапраўднаму падабаецца. Прымаючы ўдзел у рознага роду конкурсах, я думала не столькі пра сябе, колькі пра тое, каб праславіць і вылучыць Беларусь, як асобную краіну, у якой жывуць і працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты і прафесіяналы. Усё сваё свядомае жыццё думаю толькі пра іншых: аддаю рэчы ў прытулкі, дапамагаю беднякам, цэрквам і іншае".

"Я нават не разумею, што ёсць прыкмета сацыяльнай прыналежнасці"

Таксама Міа Міткевіч патлумачыла, што лічыць памылкай апублікаванне гэтых пастоў у сацыяльнай сетцы:

"За ўсё сваё жыццё я нікому не прычыніла і не збіраюся далей прычыняць зло. Аб усіх судзіла заўсёды па сабе, таму ніколі не была і стану агрэсіўнай, ніколі не таю крыўду. Праўда, як чалавек творчы, я часцей кіруюся эмоцыямі, дакладней магу рэагаваць эмацыйна, але вельмі хутка адыходжу. Калі нешта пішу на эмоцыях, як у гэтых пастах, то выдаляючы напісанае, адразу забываю змест. Таму, прачытаўшы экспертызу зместу пастоў, якія я напісала, яна мяне зрынула ў шок і жах, я была ашаломленая, але ўсё ж лічу, што лепш напісаць і забыцца, чым зрабіць і пашкадаваць. Але ўсё ж мне стала відавочна, што я паступіла непрыгожа і няправільна, і вельмі добра, што я не медыйная асоба і ўсё гэта было напісана на маёй асабістай старонцы, якая зачынена наладамі прыватнасці.

Адкрываю свой профіль вельмі рэдка, калі неабходна атрымаць які-небудзь дакумент у выглядзе сцэнара або сцэнарныя ідэі. Па маёй віне, дакладней ад маіх пастоў, ніхто не пацярпеў, я нікому не нашкодзіла. Я дзякую богу, што гэта так і засталося, нікому не прычыніла шкоды фантазійна-эмацыйным тропам на асабістай старонцы.

Хачу заўважыць, што за час зняволення мой характар па дабрыні і спагадлівасці застаўся ранейшым. І хоць вельмі запальчывая і эмацыйная, але ўсё роўна выдатна ўсведамляю і разумею ўсю ступень складанасці і цяжару майго неабдуманага эмацыйнага ўчынку. Я ўсведамляю сваю памылку.

Калі дакладней, я яшчэ ў кастрычніку зразумела ступень глупства ўчынку, вывучыўшы ўсю інфармацыю да канца. Таму я яшчэ тады выдаліла гэтыя пасты. Публікуючы іх я была ў глыбокім эмацыйным ступары, пасля прагляду тэкставай і медыйнай інфармацыі на телеграм-каналах. Аднак я публікавала іх для сябе, і не мела мэты нашкодзіць каму-небудзь. Таксама я не мела намеру распачаць сацыяльную варожасць або правакаваць кагосьці да актыўных дзеянняў. Я нават не разумею, што ёсць прыкмета сацыяльнай прыналежнасці, таму нічога падобнага я не мела на ўвазе і не планавала.

Хацелася б адзначыць, што выдаліла публікацыі пасля ўсебаковага вывучэння пытання. Я, вывучыўшы ўсё, зразумела, што памылілася і прыняла факт таго, што перш, чым рабіць высновы, неабходна вывучаць розныя крыніцы. Я раскаялася ў зробленым, таму выдаліла пасты. Гэтая памылка каштавала мне вельмі дорага. За час зняволення я панесла пакаранне нашмат большае, чым мая эмацыйная памылка.

Выносячы прысуд, памятайце, аб тым, што я чалавек. Вядома, вельмі эмацыйная і ўпершыню так неабдумана паступіла. Паступіла па-дурному і непрыгожа. Я гэта ўсвядоміла, але мая памылка нікому не каштавала здароўя або жыцця. Мае словы, як былі пустым звонам, так ім і засталіся. З прычыны гэтага я прашу паступіць гуманна і разважліва. Асабліва ўлічваючы факт публічнага прабачэння, хоць мая старонка і прыватная. Прашу не караць мяне строга, бо я ўсё ўсвядоміла, прыняла рашэнне надалей трымаць эмоцыі пад кантролем. Я гэтак жа хачу астатняе жыццё прысвяціць дабрачыннасці, даздымаць містычны праект "Апошняя ахвяра", і, магчыма, яшчэ парачку цікавых містычных гісторый. На шчасце, маецца мноства ідэй".

Мія Міткевіч. Фота з сацыяльных сетак
Міа Міткевіч. Фота з сацыяльных сетак

"Убачыўшы сцэны гвалту над мірнымі грамадзянамі, прыйшла ў эмацыйны ступар". Што распавядае абвінавачаная ў судзе 

На судзе Мію Міткевіч дапытвалі каля трох гадзін. Яна заявіла, што раскайваецца і шкадуе, што размясціла гэтыя пасты ў сацыяльнай сетцы:

"Пасля прагляду навін у тэлеграм-каналах, убачыўшы, як супрацоўнікі збіваюць мірнае насельніцтва і сцэны гвалту над мірнымі грамадзянамі, прыйшла ў эмацыйны ступар. Выплюхнула эмоцыі на паперу. Гэта не дапамагло і тады напісала пост. Праз суткі выдаліла яго. Намеру, які прагучаў у абвінавачванні не было".

Суддзя Алена Шылько пыталася, ці ведае абвінавачаная, яна хто такі Юрый Караеў, якога яна згадвала ў сваіх публікацыях, і чаму яна пра яго напісала. Дзяўчына казала, што на той момант напісання не ведала, проста ўбачыла гэтае прозвішча ў тэлеграме.

Па словах Міткевіч, на момант апублікавання другой публікацыі ад 3 кастрычніка яна таксама знаходзілася ў ступары. Як патлумачыла свой стан на судзе дзяўчына, "зразумела, што можа проста выйсці на вуліцу і дадому ўжо не вярнуцца".

На судзе Міа сказала, што не лічыць сваю старонку ВК публічным месцам.

"Добра падумайце яшчэ раз над Вашай пазіцыяй". Што адбываецца на судзе 14 траўня

На працэсе зачыталі паказанні дзяўчыны, дадзеныя падчас следства, для ліквідацыі супярэчнасцяў.

14 траўня ў судзе дапытвалі яе маладога чалавека, ён з ёй абмяркоўваў першую пасаду. І пасля зносін з ім яна яго выдаліла. У суд таксама прыйшла мама Міі, але сказала, што ёй цяжка, таму даваць паказанні не будзе.

У судзе вывучылі матэрыялы справы. Была агучана перапіска з сябрам:

– Як падзеі ў краіне?
– Нармальна. Часта на пратэсты хаджу. Супраць тараканскага генацыду.

Да гэтага суддзя пыталася ў абвінавачванай, ці ходзіць яна на пратэсты. Міткевіч спачатку казала, што, магчыма і пісала. Суддзя ёй тады сказала, што яе перапіскі былі падвергнутыя экспертызе, а "за падробку ў гэтай справе тэрмін эксперту пагражае". Абвінавачаная пачатку кажа, што мабыць схлусіла сябру, напісаўшы, што ходзіць на пратэсты. 

Суддзя Шылько на судзе звярнулася да абвінавачанай:

"Каб Вы ў першую чаргу для сябе разумелі, што адбылося і што адбываецца. Добра падумайце яшчэ раз над Вашай пазіцыяй, якую Вы абралі. Ваша пазіцыя сведчыць аб тым, што Вы не прызнаеце віну ні ў чым".

Таксама сёння вывучылі два тамы з матэрыяламі справы. Заўтра чакаецца допыт сведкаў па справе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства