viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 6 траўня Дапоўнена

2021 2021-05-06T20:09:00+0300 2021-05-08T00:47:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krauchuk2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Беларусаў і беларусак забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Ціск на краму Honar

Да беларускіх дызайнераў Honar прыйшла праверка Дзяржстандарту, піша "Еўрарадыё".

“Супрацоўнікі апісваюць адзенне, па іх трэміналогіі — адбіраюць вопратку на нейкі аналіз. Нешта правяраюць, патрабуюць паказаць то адны, то другія дакументы. Прыйшлі недзе ў 13:00”, — каментуе са стваральнікаў брэнда Павел Доўнар.

Дапоўнена. Праверка ў шоў-руме Honar цягнулася тры гадзіны.

"Праверка працягнецца да 28 траўня. Я, праўда, не разумею, што тут рабіць столькі часу”, — распавядае "Еўрарадыё" заснавальнік брэнда Павел Доўнар.

Пяты фігурант справы "пра спробу перавароту ў Беларусі" 

Дзяніс Краўчук. Фота - euroradio.fm
Дзяніс Краўчук. Фота: euroradio.fm

Стала вядома імя пятага затрыманага па справе Зянковіча і Фядуты. Гэта 35-гадовы дальнабойшчык з Нарачы Дзяніс Краўчук, піша "Наша Ніва". Пра гэта «Нашай Ніве» расказала мама Дзяніса Надзея Міхайлаўна. Затрыманне адбылося ўвечары 26 красавіка. Прыкладна а 18-й гадзіне ў кватэру Краўчукоў прыйшлі больш за дзесяць супрацоўнікаў КДБ. Цяпер Дзяніс праходзіць у якасці абвінавачанага па артыкуле 357 «Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Тэрмін знаходжання пад вартай працягнуты да 2 месяцаў.

Перад прэзідэнцкімі выбарамі-2020 Дзяніса затрымалі як назіральніка і асудзілі да 10 сутак арышту. Пасля ён адбываў пакаранне ў адной камеры з Юрасём Зянковічам, якога затрымалі за акцыю пратэста ў Мядзелі 9 жніўня. "Шчыльна яны не стасаваліся", — пераконвае мама Краўчука.

Затрыманні ў Мінску

Сёння ў Мінску затрымалі Мікалая Канстанцінавіча Наліўку. Супрацоўнікі сказалі, што адвязуць у РУУС Фрунзенскага раёна, але жонка яго там не можа знайсці. Таксама затрыманы 35-гадовы Андрэй Панцялееў. Над ім чакаецца суд у судзе Першамайскага раёна Мінска.

Таксама "Списки. Окрестина" паведамляюць пра затрыманне Лешчыка Дзмітрыя Валер'евіча, Новіка Яраслава Міхайлавіча (ІЧУ Мінскага раёна), Палуяна Уладзіміра Уладзіміравіча (ІЧУ на Акрэсціна), Пуставалава Аляксандра Барысавіча (Фрунзенскае РУУС), Сідарэнку Максіма Аляксандравіча (Фрунзенскае РУУС).


6 траўня супрацоўнікі ГУБАЗіКа прыйшлі дадому з ператрусам да Мікіты Ламанчэкава. У выніку вынялі два тэлефона. Мікіту даставілі ў ГУБАЗіК, адкуль пасля апытання адпусцілі. Таксама яму выдадалі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці экстрэмізму. Тэлефоны так і не вярнулі. 

Міліцыя пацвердзіла затрыманне доктара Аляксандра Цялегі

Згодна з паведамленнем МУС, Цялега быў затрыманы ў Барысаве супрацоўнікамі гродзенскага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС.

Доктара падазраюць у тым, што ён у тэлеграме пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да міліцыянераў, супрацоўнікаў судоў і пракуратуры. Распачатая крымінальная справа за абразу прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Палітзняволеную Ганну Панішаву перавялі з СІЗА-7 ў СІЗА-1

Па інфармацыі брэсцкай "Вясны", на пачатку тыдня Ганна Панішава знаходзіцца ў Мінску, ў СІЗА-1. Нагадаем, што палітзняволеная была затрыманая амаль 2 месяцы таму, 12 сакавіка, з-за справы Польскай школы. Па меркаванню следства, школа правяла мерапрыемства па "гераізацыі ваенных злачынцаў". Узбуджана крымінальная справа па арт. 130 Крымінальнага кодэксу, Панішава з'яўляецца фігуранткай дадзенай справы.

Да жыхара Астравецкага раёну прыйшла міліцыя з-за бчб-сцяга ў альтанцы

У дом да астравецкага актывіста Мікалая Уласевіча прыйшла міліцыя.

«Трое з Астравецкага РАУС прыехалі з прэтэнзіяй, што я праводжу ў сваіх законных уладаннях, а менавіта ў альтанцы, пікетаванне, бо там вісіць БЧБ-сцяг. Падстава — нібыта паступіла паведамленне.

На ўсе вусныя прэтэнзіі я адказаў і запатрабаваў законную падставу для ўварвання ў мае прыватныя ўладанні. Цяпер частка візіцёраў ў пагонах паехала за паперамі на агляд і канфіскацыю, як яны сцвярджаюць, незарэгістраванай сімволікі, другая частка — вартуе мой дом.

Акрамя таго, мне прапанавана праехаць у РАУС для апытання, на што я адказаў адмоваю і запатрабаваў позву. Не выключаю, што пасля ўсяго гэтага я магу быць затрыманы і дастаўлены ў РАУС з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі», — кажа актывіст.

Віцеблянку, якая адбыла 10 сутак за лампадкі ля сабору, не выпусцілі на свабоду

«Віцебская Вясна» паведамляе, што Лізавета Кірыенка павінна была выйсці на волю з віцебскага ІЧУ позна ўвечары 6 траўня. Але за некалькі дзясяткаў хвілін да заканчэння тэрміну адміністрацыйнага арышту стала вядома, што дзяўчыну не выпусцяць — яна затрыманая яшчэ на 72 гадзіны.

Нагадаем, Лізавета была затрыманая ў Віцебску ўвечары 26 красавіка разам з Марыяй Амасовіч. У дзень чарнобыльскай трагедыі на прыступках Уваскрасенскага храму яны запалілі дзве чырвоныя лампадкі.

Лекара Андрэя Любецкага пакінулі пад вартай — у яго больш сур'ёзная крымінальная справа 

Андрэй Любецкі. Фота:
Андрэй Любецкі. Фота: "Наша Ніва"

Сківічны хірург Андрэй Любецкі не выйшаў на свабоду пасля трох сутак зняволення, піша «Наша Ніва».

Па якім артыкуле яго затрымалі, невядома. Адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Падчас затрымання Любецкі паведаміў жонцы, што яго падазраюць у абразе.

Нагадаем, Андрэя Любецкага затрымалі ранкам 4 мая ў кватэры. Яго жонка Наталля з чатырма дзецьмі раней з'ехала за мяжу.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства